Прыміцыйная Імша айца сальватарыяніна Яўгена Жукоўскага ў роднай Браслаўскай парафіі

У нядзелю 24 чэрвеня парафія ў Браславе перажывала вялікае супольнае свята: прыміцыйную святую Імшу ксяндза Яўгена Жукоўскага SDS. Амаль месяц таму ён прыняў святарскае пасвячэнне, а цяпер прыехаў у родную парафію на супольную малітву.

Перад Імшой бацькі новаасвечанага ксяндза ўдзялілі яму благаслаўленне, а затым святар у працэсіі накіраваўся ад плябаніі да касцёла. І гэта была яго першая Імша на роднай беларускай мове. Бо сам святар скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю сальватарыянаў у Багне (Польшча) і першым месцам яго служэння стане парафія ў Кшыжы Велькапольскім таксама ў Польшчы.

«Я ўпэўнены, што кожны з нас сёння адчувае вялікую радасць: новы святар, які ахвяраваны на службу Богу, будзе маліцца сярод нас і ўдзеліць благаслаўленне з магчымасцю атрымання поўнага адпусту. Радуецца сэрца, што Бог у сваёй міласэрнасці выбраў гэтага чалавека сваім слугой, каб ён служыў яму ў святарстве», ‒ адзначыў на пачатку святой Імшы пробашч парафіі кс. Станіслаў Мжыглуд SDS і заахвоціў да супольнай малітвы ў інтэнцыі новапрэзбітэра.

З гаміліяй да прысутных і маладога святара звярнуўся яго субрат і таксама ўраджэнец Браслава кс. Аляксандр Сапель SDS. Ён нагадаў простыя, але значныя рэчы ў жыцці і служэнні святара, яго вялікую ролю і місію ў апостальскай дзейнасці Касцёла.

«Калі б не было сакрамэнту святарства, мы не маглі б мець Бога сярод нас (…). Як шмат дароў мы ўжо атрымалі, атрымліваем і атрымаем праз служэнне святара, ‒ адзначыў у пропаведзі кс. Аляксандр. ‒ Ксёндз Яўген, ты атрымаў вялі дар, дар святарства. Як кажа святы Ян Златавусны, “святарам Бог даў такі дар, якога не атрымалі ні анёлы, ні арханёлы. Тым, хто жыве на зямлі, даў уладу над тым, што ў небе”. Святарства табе дадзенае, але і зададзенае, трэба яго даглядаць – трэба ў кожным моманце жыцця, штодзённасці памятаць, хто ты такі, памятаць пра сваю тоеснасць… Быць святаром ‒ гэта прыгожа, гэта таксама прыгода з Богам, людзьмі і Касцёлам… А перажыванае святарства з пакорай і адказнасцю – прыносіць радасць у сэрца…Вельмі простая матэматыка: каб нешта даць, трэба мець. Каб даць чалавеку Бога, трэба быць напоўненым Богам», ‒ падкрэсліў ксёндз Аляксандр.

«І, ужо заканчваючы, хачу пажадаць усім нам, парафіянам браслаўскага санктуарыя: перш за ўсё не забываць маліцца за святароў, нашага біскупа, сясцёр законных, якіх Бог паклікаў сярод нас. Сапраўды, нашая зямля цешыцца Божым позіркам, адораная ласкаю паклікання, як блакітнымі азёрамі, якія ўпрыгожваюць Браслаўшчыну, так кожнае пакліканне ўпрыгожвае Касцёл. Але гэта і адказнасць – кожны святар моцны моцаю малітвы кожнага з нас. Табе, ксёндз Яўген, хачу нагадаць, каб ты не чакаў падзякі ад людзей альбо пахвалы: усё што робіш, рабі на хвалу нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста… Абвяшчай Божае слова: на амбоне, прамаўляючы казанні, будзь як леў моцны, у канфесіянале, спавядаючы – як лагоднае ягнятка, у жыцці штодзённым як прыгожая і шляхетная кветка. Дарма атрымаў, дарма давай».

Святая Імша была напоўнена асаблівай радасцю і шчырымі словамі віншавання ад парафіянаў рознага ўзросту, пажаданнямі мужнасці і вытрымкі ў абраным служэнні і абяцаннямі малітвы ў інтэнцыі святара.

Святлана Жылевіч, waladarka.by
Ірына Гайдамовіч, фота

для друку для друку