Прызнаны цуд праз заступніцтва Маці Тэрэзы з Калькуты

1528998_ArticoloПапа Францішак 17 снежня 2015 г. упаўнаважыў Кангрэгацыю па справах Кананізацыі да апублікавання дэкрэту аб прызнанні цуду, здзейсненага праз заступніцтва благаслаўлёнай Маці Тэрэзы з Калькуты, заснавальніцы Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Міласэрнасці. Гэта азначае, што ў бліжэйшы час яна можа быць абвешчана святой.

Маці Тэрэза прыйшла на свет як Аньезэ Гонджа Баяджыў 26 жніўня 1910 г. у Скоп’е, але Дзень нараджэння заўсёды святкавала 27 жніўня, калі яе хрысцілі. Ва ўзросце 18 гадоў яна ўступіла ў кангрэгацыю сясцёр ларэтанак. Праз год адправілася ў Індыю, дзе была настаўніцай у школе для дзяўчынак. Для служэння самым бедным і кінутым, заснавала ў 1949 г. Кангрэгацыю Сясцёр Місіянерак Міласэрнасці, якая ў цяперашні час налічвае больш чым 5 тыс. членаў у 133 краінах на ўсіх кантынентах. У 1963 г. Маці Тэрэза заснавала мужчынскую манаскую кангрэгацыю Братоў Місіянераў Любові. У 1979 г. яна была ўдастоена Нобелеўскай прэміі міру. Памерла 5 верасня 1997 г. у Калькуце. Ян Павел II абвясціў яе благаслаўлёнай 19 кастрычніка 2003 г.

Падчас аўдыенцыі 17 снежня 2015 г. для прэфекта ўзгаданай вышэй дыкастэрыі, кардынала Анджэла Амата, Святы Айцец таксама выказаў згоду на публікацыю дэкрэтаў аб прызнанні гераічнай цнотаў трох кандыдатаў да хвалы алтароў. Гаворка ідзе пра: кс. Джузэпэ Амбразолі, італьянскага камбаньяніна, лекара і місіянера ва Угандзе, дзе ён заснаваў некалькі бальніц для пракажоных; брата Адольфа (Леанарда) Лансуэла Марцінэса з Кангрэгацыі Братоў Хрысціянскіх Школ; і нямецкага палітыка і місійнага актывіста Хайнрыха Хана.

Ватыканскае радыё

для друку для друку