Прыміцыйная Імша і парафіяльнае свята адбыліся ў грэка-каталіцкай парафіі ў Мінску

minsk_primicja25У нядзелю, 28 чэрвеня, вернікі грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Мінску адсвяткавалі сваё парафіяльнае свята, якое стала таксама пачаткам юбілейнага святкавання 150-годдзя перадачы Папам Піем ІХ у 1866 г. іконы Маці Божай Нястномнай Дапамогі рэдэмптарыстам, з даручэннем “зрабіць яе вядомай ва ўсім свеце”. У гэты дзень сваю прыміцыйную Эўхарыстыю служыў новавысвечаны айцец Аляксей Філіпенка. Гэтая падзея зрабіла святкаванне больш урачыстым і радасным.

Адметна, што святарскія пасвячэнні  а. Аляксея адбыліся падчас святкавання 25-годдзя аднаўлення  пастырскай дзейнасці Беларускай грэка-каталіцкай Царквы.

Разам з а. Аляксеем святочную Літургію служылі а. Зміцер Чарнэль (рэдэмптарыст, настаяцель парафіі) і а. Алег Шпець (з «Таварыства Хрыстовага» — хрыстусоўцаў) з рыма-каталіцкай парафіі св. Яна Евангеліста і св. Максіміліяна М. Кольбэ ў Мінску. Прыгажосць і ўзнёсласць малітве надаваў спеў міжпарафіяльнага хору “Прасфара” пад кіраўніцтвам Марты Янушкевіч.

Падчас казання а. Аляксей засяродзіў увагу прысутных на тэме “Бог ёсць Любоў”. “Існаванне чалавека ў гэтым свеце – гэта праява Божай Любові, і чалавек пакліканы на гэтую Любоў адказаць”, – адзначыў новапрэзбітар.

minsk_primicja16

Парафія Маці Божай Нястномнай Дапамогі – родная для а. Аляксея, менавіта таму, асабліва ўрачыста ў гэты дзень гучалі для яго віншаванні ад а. Зміцера і парафіян, успамінаючы як 16-цігадовым падлеткам а. Аляксей прыйшоў да Царквы, узгадваючы лепшыя яго якасці, прысутныя жадалі Благаслаўлення Божага, моцы, цярпення і вытрываласці падчас святарскага служэння на Бацькаўшчыне.

Напрыканцы  Эўхарыстыі з рук новапрэзбітара кожны прысутны атрымаў прыміцыйнае благаслаўленне і памятны абразік.

minsk_primicja30

Пасля Літургіі ўсіх чакаў шыкоўны пачастунак, падрыхтаваны парафіянамі і танцы 19 стагоддзя ад моладзі.

minsk_primicja42

minsk_primicja44

Вікторыя Качар, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

Ад рэдакцыі. Віншуем а. Аляксея, аднаго з аўтараў адказаў нашай рубрыкі «Пытанне святару», жадаем моцнага здароўя і ўсё жыццё ісці з упэўненасцю і надзеяй за Госпадам. Усё, што Вы робіце, рабіце з юнацкім запалам. Атрымлівайце асалоду ад свету і сустрэчы з людзьмі, і Вашае сэрца няхай напоўняецца любоўю, якой Вы раздзеліце з тымі, хто мае патрэбу.

для друку для друку