Прыміцыйная Імша айца тэатынца Аляксандра Івашчонка ў Глыбокім

19 лістапада 2017 года ў сваёй роднай парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім прыміцыйную святую Імшу цэлебраваў кс. Аляксандр Івашчонак CR.

Глыбачанін Аляксандр Івашчонак атрымаў святарскае пасвячэнне ў ордэне айцоў тэатынцаў 16 ліпеня 2017 года, у дзень Маці Божай Шкаплернай, у горадзе Неапаль (Італія) ў базіліцы Сан-Паола-Маджорэ з рук Яго Эксцэленцыі арцыбіскупа Георга Генсвайна, прэфекта Папскага дому і асабістага сакратара Папы на пенсіі Бенэдыкта XVI.

“Нам вельмі прыемна, што кс. Аляксандр знайшоў час і захацеў адслужыць гэтую Імшу ў нашай парафіі. Гэта вялікая радасць, што ён з намі сёння будзе маліцца, прамовіць Божае Слова і ўдзеліць прыміцыйнае бласлаўленне”, — на пачатку Эўхарыстыі пробашч парафіі кс. Мікалай Ціхановіч прывітаў святара і пажадаў яму адчуваць сябе як у сям’і.

Гамілію прамовіў прыміцыянт. Кс. Аляксандр распачаў прамову: “Шчасце не палягае на тым, каб баяцца Бога. Сапраўднае шчасце палымнее з любові да Бога. Чалавек, які баіцца Пана, ён заўсёды выконвае Яго волю і баіцца зрабіць супраць. А ўсе, што супраць волі Божай не дае нам сапраўднага шчасця”.

Паразважаўшы над тэкстамі нядзельнай Літургіі Слова, святар падзяліўся цудоўнымі знакамі Бога ў сваім жыцці: “Для мяне гэта вялікае хваляванне, што магу цэлебраваць Імшу ў гэтым касцеле як святар. У гэтым месцы нарадзілася маё пакліканне”. Таксама кс. Аляксандр узгадаў кс. Кшыштафа Мікалайчыка, які дапамог распазнаць пакліканне і, будучы місіянерам у далёкай Афрыцы, змог прыехаць у Неапаль на  маё прэзбітэрскае пасвячэнне.

«А дата майго прыняцця сакраманта святарства – 16 ліпеня – дзень Маці Божай Падхорнай. Заўсёды пасля св. Імшы, мая бабуля Яніна, святой памяці, прыводзіла мяне з братам, яшчэ малых, у капліцу Маці Божай Падхорнай Глыбоцкай, дзе разам маліліся перад абразом Марыі, — узгадвае новапрэзбітар — Гэтае месца стала маім ўлюбёным месцам малітвы. Дата пасвячэння не залежала ад мяне. Але ва ўсім рука Божая! Калі чалавек дазваляе, каб Бог увайшоў у жыццё, тады сапраўды Бог цудоўным спосабам дае.

Сёння лістапад – месяц малітвы за памерлых, і менавіта сваю першую Імшу ў гэтым касцёле, я ахвярую за спачылую бабулю Яніну, якая вучыла мяне веры і малітвам».

Падвёўшы вынік святар адзначыў, што трэба давяраць Богу, не баяцца і тады ўсе будзем сапраўды шчаслівымі.

На заканчэнне Літургіі словы віншавання скіравалі прадстаўнікі парафіі і былая настаўніца новапрэзбітэра. Пасля бласлаўлёння кс. Аляксандр удзяліў кожнаму прысутнаму верніку прыміцыйнае бласлаўленне.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку