Прыбудова да бабруйскага касцёла – самабуд, а храма там увогуле няма?

Парафіяне, што змагаюцца за аднаўленне святыні, адшукалі ў архіве цікавыя дакументы. Паводле іх, пяціпавярховік каля касцёла будаваўся без рашэння выканкама, і так і не быў афіцыйна ўведзены ў эксплуатацыю.

Парафіяне: улады так і не вярнулі нам касцёл

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, а дакладней, тое, што ад яго засталося – асноўны будынак, без званіцы – быў перададзены католікам рашэннем Бабруйскага гарадскога савета народных дэпутатаў 16 кастрычніка 1989 года.

Парафіянка, юрыст і адвакат Данута Протасава сцвярджае, што, так бы мовіць, «падман» бабруйскіх католікоў распачаўся яшчэ тады, бо гэтае рашэнне не было выкананае. Улады не вярнулі касцёл парафіі. Вернікі атрымалі толькі частку храма.

Чаму на гэтую тонкасць у фармулёўках вернікі не звярнулі ўвагі адразу, незразумела. Магчыма, як мяркуюць парафіяне цяпер, перашкодзіла радасць ад таго, што яны мелі хоць частку святыні для малітвы і богаслужэнняў.

Тым не менш, праз некаторы час пасля перадачы часткі касцёла, калі стала ясна, што аднаўляць цалкам святыню ніхто не збіраецца, парафіяне распачалі перамовы з уладамі.

Адным з першых, хто ўказваў гарадскім чыноўнікам, што прыбудова парушае правы веруючых,  быў ксёндз Раман Факсінскі. У лісце ў выканкам у 1995 годзе ён спрабаваў знайсці кампраміс, хоць прапаноўваў крыху дзіўныя варыянты развязання праблемы. У холе будаўнічага камбіната планавалася паставіць глухія перагародкі, каб аддзяліць уваход у касцёл ад адміністрацыйнага будынку.

Сумнеўная прыватызацыя

ААТ «Бабруйскбудкомплекс», а раней – бабруйскі домабудаўнічы камбінат, неаднаразова прапаноўваў католікам купіць прыбудову. Але Касцёл лічыць, што ўлады самі павінны прыбраць тое, што надбудавалі, не патрабуючы за гэта грошай.

У некалькіх кроках ад вырашэння пытанне аднаўлення касцёла было ў 2009 годзе. Тады Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва было гатова перадаць будынак католікам, але пры ўмове прадстаўлення горадам раўназначнай пабудовы для прадпрыемства. Горад прапанаваў адміністрацыйны будынак на 31 кабінет па вуліцы Паркавай. Але Мінбуд адмовіўся ад яго, – маўляў, занадта далёка.

У 2012 годзе унітарнае камунальнае прадпрыемства «Бабруйскі домабудаўнічы камбінат» стала ААТ «Бабруйскбудкомплекс». Пяціпавярховік быў прыватызаваны.

Данута Протасава – як юрыстка – перакананая, што прыватызацыя была незаконнай. Парафіянка спасылаецца на тое, што ў касцёла, які таксама карыстаецца гэтым будынкам, не тое што не запыталі згоды, але нават не паведамілі, што прыбудова стане прыватнай уласнасцю.

Касцёла па вуліцы Кастрычніцкай 121 – няма

Каб даказаць, што і сама прыбудова стаіць каля касцёла незаконна, спадарыня Данута накіравалася ў бабруйскі занальны дзяржаўны архіў. Там атрымалася адшукаць рашэнне бабруйскага гарвыканкама ад 20 студзеня 1961 года аб перадачы будынка касцёла будаўнічаму трэсту №13 «для выкарыстоўвання яго пад дом культуры будаўнікоў».

У той жа час, дазволу на будаўніцтва прыбудовы да касцёла, рашэння аб зацвярджэнні на яе праектнай дакументацыі, у архіве няма. Гэтак жа, як і няма акта ўвода ў эксплуатацыю прыбудовы, а таксама якіх-небудзь іншых дакументаў па будаўніцтву пяціпавярховіка.

На гэтай падставе спадарыня Данута сцвярджае, што гэты будынак – «самабуд», і менавіта таму выканкам мусіць яго знесці.

Цікава яшчэ тое, што выканкам кажа, што прыбудова была ўзведзеная ў 1964 годзе. Але ў той жа час у тэхнічным пашпарце будынка ў графе «год пабудовы» значыцца «да 1963». Таксама няма дакументаў аб адводзе зямлі пад будаўніцтва.

А паводле Бабруйскага філіяла РУП «Магілёўскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру» касцёла па вуліцы Кастрычніцкай, д.121, увогуле няма. Там ёсць цеплавы пункт, адміністрацыйна-гаспадарчы будынак, гараж, каналізацыйная і вадаправодная сеткі. А касцёла – няма.

Парафіяне: парушанае наша канстытуцыйнае права на свабоднае адпраўленне рэлігійнага культу

Данута Протасава ўжо неаднаразова сустракалася з бабруйскімі ўладамі па пытанні поўнага вяртання касцёла католікам. Апошняя сустрэча – з першым намеснікам старшыні гарвыканкама Алегам Ковелем – адбылася 19 красавіка бягучага года.

«Вы так ці інакш будзеце вымушаны знесці гэты будынак. Гэта вам давядзецца абараняць нашыя парушаныя правы на адпраўленне рэлігійных культаў», – звярнулася спадарыня Данута да намесніка старшыні гарвыканкама.

«Нашае права на адпраўленне рэлігійнага культа прапісанае ў Канстытуцыі, – кажа спадарыня Данута. – А з-за гэтай прыбудовы мы не можам гэтае права цалкам рэалізаваць. Мы не можам здзяйсняць крыжовы шлях, ісці працэсіяй, бо мы выходзім не з касцёла, і не касцёл намолены абыходзім, а спачатку – вось гэты будынак, з выбітымі шыбамі, з гэтымі пахамі з прыбіральняў. Спадар Мікалай Балюк нам піша – мы вам перадалі малітоўны  будынак для задавальнення рэлігійных патрэбаў. Я вам так на гэта скажу, шаноўны спадар Балюк – мы свае патрэбы дома задавальняем – мыемся, ямо і г.д. А касцёл – гэта будынак для богаслужэння. Дык вось, ён нам патрэбны не для задавальнення патрэбаў, а для служэння Богу. Таму ў нас на сённяшні дзень адзіная просьба – адкрыта абмеркаваць пытанне аб зносе прыбудовы».

У аднаўленні касцёла зацікаўлены таксама парафіянін Ігар Клімовіч, прадстаўнік супольнасці бізнэсмэнаў-хрысціянаў.

«У гэтым годзе ёсць нагода – Бабруйск – культурная сталіца Беларусі. Я думаю, трэба знайсці нейкі кансэнсус. У нас ужо быў прэцэдэнт, калі на месцы Свята-Мікольскага храма быў басейн, а потым паўстала прыгожая царква. Гэта будзе выгадна і для горада, бо зараз паказваць турыстам гэты помнік ваяўнічага атэізму нават няёмка».

Намеснік мэра: мы не супраць перамоваў, але не бачым у іх сэнсу

Бабруйскія ўлады працягваюць сцвярджаць, што цалкам падтрымліваюць ідэю аднаўлення касцёла. Але зрабіць гарвыканкам нічога не можа – будынак не камунальная ўласнасць, а прыватная. Таму пытанне аб перадачы прыбудовы Касцёлу можа вырашыць толькі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, якому належаць 100% акцый ААТ «Бабруйскбудкомплекс». Апрача, перадача рэспубліканскай маёмасці можа ажыццяўляцца па загаду ці паводле згоды Прэзідэнта Беларусі.

«Я не супраць сесці за стол перамоваў, магчыма, гэта і патрэбна, – адказаў бабруйчанам першы намеснік старшыні гарвыканкама Алег Ковель. – Але я не разумею сэнсу гэтых перамоваў. Я яшчэ раз паўтараю – горад выступае за аднаўленне касцёла. Але ў ходзе перамоваў мы не вырашым гэтае пытанне. Таму што ў будынка ёсць уласнік – ААТ «Бабруйскбудкомплекс». А 100% акцый гэтага прадпрыемства належаць Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва».

Паводле Алега Ковеля, гарадскія ўлады цяпер працуюць з Міністэрствам архітэктуры і ААТ «Бабруйскбудкомплекс».

«Мы вядзем працу па ўстанаўленні правільнасці перадачы касцёла і прыбудовы, разбіраемся з уласнікам, як гэта ўсё рабілася ў 2012 годзе. Тут пакуль усе дакументы не складзеш, не пабачыш – разабрацца складана», – кажа намеснік старшыні гарвыканкама.

Парафіяне і неабыякавыя бабруйчане працягнуць змаганне за аднаўленне касцёла. Магчыма, пытанне будзе вырашацца ў судзе.

Марына Міхневіч, «Бабруйскі кур’ер»

для друку для друку