Прэзентацыя павільёну Святога Пасаду на “Expo 2015”

expo-milano-2015-esposizione-universale-alimentazione14 красавіка 2015 г. у Ватыкане адбылася прэзентацыя павільёну Апостальскай Сталіцы на Сусветнай выставе “Expo 2015”. Форум будзе праходзіць у Мілане з 1 мая па 31 кастрычніка 2015 г. на тэму: “Накарміць планету. Энергія для жыцця”.

Экспазіцыя Святога Пасаду будзе раскрываць чатыры галоўныя тэмы: экалогіі, салідарнасці ў эканоміцы, выхавання і хлеба, як прадукту, які робіць відавочнай прысутнасць Бога ў свеце.

Лейтматывам павільёну будзе “сціпласць”. Яна знойдзе адлюстраванне як у знешнім афармленні экспазіцыі, так і ў пасланні яго наведвальнікам. Павільён Апостальскай Сталіцы будзе займаць самую маленькую плошчу сярод усіх прадстаўленых на выставе краін і арганізацый: усяго 15 на 25 метраў. Ён атрымаў форму вялікага камня, светла-шэрыя сцены якога, разам з жоўнымі элементамі, будуць нагадваць колеры ватыканскага сцягу. На іх размесцяцца серабрыстыя надпісы на трынаццаці мовах: “Не хлебам адзіным” і “Хлеба нашага штодзённага”.

Унутры павільёну наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з фотавыставай аўтараў з розных частак планеты. Іх здымкі будуць экспанавацца і ў друкаваным выглядзе, і як праекцыі на экранах. На працягу першых трох месяцаў форума ў ватыканскім павільёне будзе выстаўлена “Апошняя вячэра” Цінтарэта, а на працягу астатніх шасці – “Апошняя вячэра” Рубенса.

У цэнтры ватыканскага павільёну размесціцца доўгі інтэрактыўны інфармацыйны стол. На сценах будуць трансліравацца відэаматэрыялы аб пакутах людзей і дабрачыннай дзейнасці Касцёла ў розных частках свету, звароты Папы на гэту тэму.

Прысутнасць Апостальскай Сталіцы на “Expo 2015” – гэта заклік і запрашэнне да салідарнасці і братэрства на планеце, гаварылася на ватыканскай прэзентацыі.

Ватыканскае радыё

для друку для друку