Праз якія Святыя Дзверы Вы пройдзеце ў Год Міласэрнасці?

У снежні 2015 года распачаўся Год Міласэрнасці і Папа Францішак адчыніў Святыя Дзверы ў базыліцы св. Пятра. Упершыню ў гісторыі з’явілася магчымасць адчыняць Святыя Брамы ў асобных касцёлах па ўсім свеце. У Беларусі было адчынена 17 сімвалічных Брамаў Міласэрнасці. А праз якія Святыя Дзверы збіраецеся прайсці Вы ў Год Міласэрнасці?

Iryna PetrusewiczІрына Петрусевіч:

– Канешне, як мага часцей буду наведваць нашу мінскую архікатэдру. Мінчане маюць вялікую ласку – адчыненыя Брамы Міласэрнасці ў сваім горадзе. Безумоўна, Будслаў. Па меншай меры пілігрымка летам, а дасць Бог, можа і яшчэ калі наведаю. Гэта тое, што напэўна і рэальна. А Год Міласэрнасці мае вялікае значэнне, мы можам глыбей пазнаць Яго Міласэрнасць. Для гэтага ёсць і будзе шмат магчымасцяў. Думаю, што шмат людзей не ўсведамляе да канца, наколькі вялікая Божая Міласэрнасць і якую насамрэч мы маем зараз ласку для збаўлення нашага асабістага і нашых блізкіх памерлых. Спадзяюся таксама, што гэтая вестка аб Божай Міласэрнасці, святкаванне Году Міласэрнасці і магчымасць скарыстацца плёнамі гэтага Года дойдзе ў кожны куточак нашай краіны дзякуючы нашым добрым пастырам.

Раман Салахаў:Raman Salahau

– Так здарылася, што я на дадзены момант працую ў Маскве. Прыязджаць у родную краіну атрымліваецца раз ў адзін-два месяцы. Упершыню праз Брамы Міласэрнасці я прайшоў у катэдральным касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Маскве. Аднак вельмі важна і сімвалічна для мяне было прайсці праз Святыя Брамы мінскай архікадэдры. Бо менавіта з гэтай святыні распачаўся мой шлях вяртання ў касцёл, або нават шлях другога нараджэння. За час свядомага жыцця з Богам шмат змянілася. Я адчуваю, як Госпад дзейнічае і вядзе мяне. Аднак часам я адыходжу ўбок, прымаючы рашэнні па-свойму, а не па Божаму. Таму для мяне гэта чарговы падарунак ад Бога, калі я магу даверыць Яму сябе, усё жыццё, усе праблемы і радасці, і па Яго бясконцай Міласэрнасці атрымаць прабачэнне. Такія магчымасці, якія ёсць дзякуючы Папу Францішку ў гэтым годзе, жыццёва неабходныя для тых, хто згубіўся на дарогах штодзённасці. Маю надзею, што ў гэтым годзе ў Касцёл вернуцца і прымуць Божую Міласэрнасць многія, нават тыя, хто забыў малітву “Ойча наш”.

a njadweckajaАксана Нядвецкая:

– У Год Міласэрнасці абавязкова прайду праз Святыя Дзверы ў віцебскім катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага. Мне пашанцавала – я належу да гэтай парафіі, заўсёды наведваю гэты касцёл, таму няцяжка будзе выканаць умовы адпусту. Хочацца не толькі атрымаць адпуст, але і перажыць яго, адчуць. Трэба вельмі сур’ёзна ставіцца да споведзі, паразважаць пра Божую Міласэрнасць, не забыцца пра ўчынкі міласэрнасці для душы і цела бліжняга. Калі будзе магчымасць, прайду праз Браму Міласэрнасці і ў Будславе. Ужо некалькі гадоў не атрымлівалася туды паехаць (у мяне маленькія дзеці). Спадзяюся, што гэтым летам усё атрымаецца.

Вольга Шафран:Wolga Szafran

– На працягу доўгіх гадоў наведваю санктуарый, касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў мястэчку Гудагай, дзе перад абразом Найсвяцейшай Панны Марыі заўсёды знаходжу супакой, цішыню і адказы на многія пытанні. А ў снежні 2015 года мне выпала магчымасць папрысутнічаць на адкрыцці сімвалічнай Брамы Міласэрнасці ў гэтай святыні. Падчас адкрыцця адчувалася ўнутранае хваляванне таму, што прысутнічаю пры вельмі важнай падзеі, пры важным для Касцёла гістарычным моманце, а таксама важным і для мяне, таму што гэтая падзея зменіць маё жыццё і наблізіць мяне да Бога. У Год Міласэрнасці для мяне выпадае такая вялікая магчымасць раз у тыдзень, а нават і часцей праходзіць праз Брамы Міласэрнасці санктуарыя. Праходзячы праз іх, можна атрымаць “дождж” Божай Міласэрнасці як для сябе, так і для блізкіх людзей. Аднак проста прайсці – гэтага мала. Калі выканаеш неабходныя ўмовы (споведзь, камунія і малітва), пачне падаць “дождж” Міласэрнасці Айца. Бог, не звяртаючы ўвагі на мае падзенні, агортвае сваёй Міласэрнасцю і дае кожны раз новы шанец і новае жыццё. Калі мне даводзіцца прыйсці ў Святыню з чалавекам, які не быў у ёй раней, не магу не расказаць яму пра Брамы Міласэрнасці і пра тое, што яны сабой уяўляюць. Каб гэты чалавек таксама мог бы скарыстацца магчымасцю для збаўлення.

dzmitryj abramowiczДзмiтрый Абрамовiч:

– Падзея, якая адбылася ў снежнi гэтага года ў Ватыкане, вельмi важная для сучаснага грамадства, што пакутуе ад спакусаў i грахоў. Вельмi важна даць чалавеку Надзею на тое, што ён можа пераадолець, выстаяць i застацца чалавекам, Божым чалавекам. Год Мiласэрнасцi – гэта, канешне, выкананне ўчынкаў мiласэрнасцi для душы і цела блiжняга. На маю думку, вельмi важна зразумець, што чалавек, якi мiласэрны, якi ахвяруе часцінку сваёй душы, робiць дабро для блiжняга, дапамагае нават словам, памятае i шануе памерлых, безумоўна, iмкнецца жыць паводле Божых запаведзяў, становiцца блiжэй, прыходзiць хутчэй да Бога. Хачу ўзгадаць выказванне манаха Сiмяона Афонскага: “Якi чалавек хутчэй прыходзiць да Бога? – Міласэрны”. Таму лiчу, што ў нас ёсць магчымасць наблiзiцца да Бога. Я пайду праз сiмвалiчyю Браму Мiласэрнасцi, якая адчыненая ў архікатэдры ў Мiнску. Але яшчэ важна не толькi прайсцi праз яе, важна ўсвядомiць, што кожная думка, кожны ўчынак у штодзённым жыццi павiнен быць мiласэрным. Гэта часта цяжка, але важна, каб адчуць сябе хрысціянінам.

Ірына Грэйць

Вынікі апытання на сайце Сatholicnews.by

 У Будславе; (19%, Галасы:31)

У Віцебску; (16%, Галасы:27)

У Мінску; (16%, Галасы:27)

У Браславе; (14%, Галасы: 24)

У Гродне; (11%, Галасы:18)

У Гудагаі; (4%, Галасы:7)

Не збіраюся праходзіць праз Брамы Міласэрнасці; (4%, Галасы:6)

У Лідзе; (4%, Галасы:6)

У Баранавічах; (3%, Галасы:5)

Іншы адказ. (3%, Галасы:5)

Хачу прайсці праз Брамы Міласэрнасці за мяжой; (2%, Галасы:4)

У Магілёве; (1%, Галасы:1)

У Тракелях; (1%, Галасы:1)

У Лагішыне; (1%, Галасы:1)

У Бярозе; (1%, Галасы:1)

У Росі; (1%, Галасы:1)

У Брэсце; (1%, Галасы:1)

У Іванаве; (0%, Галасы:0)

У Гомелі; (0%, Галасы:0)

У Пінску; (0%, Галасы:0)

Усяго прагаласавала: 166

для друку для друку