Праўда пра сябе. Інтэрв’ю з тэолагам, псіхатэрапеўтам пра споведзь

Інтэрв’ю з ксяндзом Дарыюшам Ларусем — тэолагам, псіхолагам, псіхатэрапеўтам.

— Споведзь усё часцей успрымаецца адарвана ад рэлігійнага, метафізічнага кантэксту. Пра гэта сведчыць хаця б тое, што яе суадносяць з псіхатэрапіяй. Ксёндз становіцца адначасова і псіхатэрапеўтам, і спаведнікам. Ці магчымае такое сумяшчэнне?

— Мне цяжка ўявіць споведзь адарванаю ад рэлігійнага кантэксту. Гэта немагчыма. Здараецца, што людзі, ідучы да споведзі, у асноўным шукаюць у ёй палёгку і спосаб пазбавіцца ад пачуцця віны. На гэтым яны канцэнтруюцца найбольш, жадаючы скінуць з сябе «баласт» грахоў, і гэта таксама можа мець псіхатэрапеўтычны эфект. Але споведзь патрэбная не толькі для гэтага. Сучаснае грамадства прапануе людзям мноства спосабаў справіцца з цяжкасцямі, выкліканымі страхам, роспаччу, хваробамі. Каб атрымаць дапамогу, споведзь не патрэбная, ёсць спецыялісты, працуюць групы падтрымкі, псіхатэрапеўтычныя і псіхіятрычныя кабінеты. Споведзь жа мае сваё ўнікальнае прызначэнне. У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла мы чытаем, што Езус — «лекар нашых душаў і целаў, які адпусціў грахі паралізаванаму і вярнуў яму цялеснае здароўе, пажадаў, каб Касцёл моцаю Духа Святога працягваў Яго справу аздараўлення і збаўлення» (гл. ККК 1421). Значэнне сакрамэнту пакаяння і паяднання — у адпушчэнні грахоў і паяднанні з Богам, і гэта самае важнае. Псіхатэрапеўт не займаецца прабачэннем, не звяртаецца да найвышэйшай Асобы, да Бога, а толькі да самасвядомасці і сумлення. Ён фармуе свядомасць пацыента і адказнасць за ўласныя ўчынкі і іх наступствы. Псіхатэрапеўт не займаецца ацэнкаю ўчынкаў і тым больш, прабачэннем.

— Але Вы прызнаеце, што мы жывем у тэрапеўтычным грамадстве, і сфера псіхалагічных паслугаў вельмі шырокая. Існуе таксама перакананне, што псіхатэрапеўт заняў месца святара, таму што больш паспяхова дапамагае вярнуць чалавеку добрае самаадчуванне.

— Мы жывем у тэхналагічным грамадстве, шмат чаго змяняецца ў свеце, у тым ліку і ў медыцыне. Псіхатэрапія — адна з тых формаў лячэння, якія хутка развіваюцца. І чаму не карыстацца тым, што служыць здароўю? Даўно вядома, што рост цывілізацыі і тэмпу жыцця выклікае так званыя хваробы цывілізацыі: дыябет, гіпертанію, сардэчную недастатковасць. Многія саматычныя хваробы выкліканыя псіхічнымі праблемамі. У свеце каля 400 мільёнаў чалавек пакутуюць ад навязлівых станаў, 340 мільёнаў перажываюць дэпрэсію, каля 290 мільёнаў маюць псіхічныя праблемы ад злоўжывання алкаголем, а 45 мільёнаў хворыя на шызафрэнію. Псіхатэрапія сёння — гэта неабходнасць, і зусім не для таго, каб добра сябе адчуваць, а каб быць здаровымі. Псіхатэрапіяй карыстаюцца не толькі людзі хворыя і з псіхічнымі адхіленнямі. Мы хочам, каб да нас ставіліся станоўча, хочам развівацца, быць унутрана незалежнымі, добра адчуваць сябе ў грамадстве і ў адносінах з іншымі людзьмі. Мы імкнемся адэкватна ўспрымаць сябе саміх і рэчаіснасць. Такім чынам, псіхатэрапіяй карыстаюцца і здаровыя людзі, каб палепшыць сваё жыццё.

— Дзе завяршаецца роля псіхатэрапеўта і пачынаецца роля святара? Выходзіць, што псіхатэрапія — сфера навуковых ведаў, а роля святара, кажучы метафарычна, пасрэдніцтва ва ўдзяленні Божай ласкі.

— Святар не толькі метафарычна пасрэднічае ва ўдзяленні Божай ласкі. Ён сапраўды з’яўляецца чалавекам, які праз моц пасвячэння атрымлівае права яднаць людзей з Богам. Святар дзейнічае ад імя Езуса Хрыста і Яго моцаю. Езус даручыў гэтае заданне Апосталам пасля ўваскрасення, сказаўшы: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца» (Ян 20, 23). Дзякуючы гэтаму спачатку Апосталы, а пасля іх наступнікі ў святарскім служэнні могуць праўдзіва сказаць: «Я адпускаю табе грахі». Гэтага няма ў псіхатэрапіі.

— Псіхалагізацыя жыцця «адабрала» ў грахоў іх цяжар. У лепшым выпадку грахі выклікаюць толькі неспакой. Калі я чыню зло, то па незалежных ад мяне прычынах: дзіцячыя траўмы, умовы жыцця. Не я вінаваты, а нейкія знешнія фактары. Самаапраўданне становіцца нормаю ўнутранага жыцця, бо псіхалогія ўзяла на сябе кампетенцыю маральнасці і рэлігіі.

— Я б не прыпісваў псіхалогіі ролі ў размыванні паняцця граху, праблема нашмат шырэйшая, і справа не толькі ў псіхалагізацыі жыцця. Свет заграз у практычным матэрыялізме, да якога вядзе спажывецкі лад жыцця. Людзі не жадаюць успрымаць такія паняцці, як цярпенне, боль, самаадрачэнне, ахвяра. Чым большы дабрабыт, тым вышэйшы ўзровень развіцця тэхналогій і тым больш адпрэчваюцца гэтыя паняцці. Гэта звязана таксама з уплывам філасофіі, асабліва экзістэнцыяльнай філасофіі ў яе атэістычнай версіі, якая адпрэчвае ўсё метафізічнае, і такім чынам — адносіны чалавека з Богам. Калі чалавек існуе толькі для самога сябе, ён можа спасылацца толькі на сябе, і тады не існуе агульнай этыкі, якая б паказвала, як павінен жыць чалавек. Застаецца толькі звесці ўсё да звыклых чалавечых вымярэнняў жыцця і спрабаваць інтэрпрэтаваць грэх з пазіцыі псіхалогіі, а не тэалогіі.

А ў рахунку сумлення сэнс заключаны ў тым, каб прыгледзецца да сябе праз прызму Божага слова, каб прыгледзецца да Бога! Трэба дастасоўваць уласнае жыццё да Езуса Хрыста і Яго Евангелля. Як перад канцэртам настройваюць музычныя інструменты па адным тоне, так рахунак сумлення дазваляе слухаць Божы «камертон» і падладжваць сваё жыццё да Божай гармоніі веры, надзеі і любові. Гэта не толькі аналіз сваёй штодзённасці, але і спосаб шукаць Бога.

— Псіхалагізацыя жыцця выклікала моўную блытаніну, напрыклад, важным здаецца адрозніваць пачуццё віны ад жалю за грахі.

— Пачуццё віны можна зразумець як пачуццё нявартасці, якое ўзнікае тады, калі чалавек чыніць нешта неадпаведнае сваёй сістэме каштоўнасцяў. Жаль выкліканы пачуццём страты або ўчыненай некаму крыўды (і гэта таксама страта). Варта памятаць, што не кожнае пачуццё віны роўнае жалю за грэх і не кожнае адкрывае нас на Божую міласэрнасць. Пачуццё віны і жалю за грахі датычыць не толькі эмоцый, важна, каб у яго была ўлучаная свядомасць і здольнасць да самаацэнкі.

— У Касцёле кажуць пра дасканалы і недасканалы жаль за грахі. Для чаго патрэбнае гэтае адрозненне?

— Жаль можа быць розны. Можна шкадаваць аб нейкім учынку, бо ён выклікаў матэрыяльныя страты або страту добрага імені, нанёс шкоду здароўю. Гэта яшчэ не рэлігійны жаль, хоць ён і можа змусіць чалавека глыбей паразважаць пра наступствы сваіх рашэнняў. Пра рэлігійны жаль, жаль за грахі, мы гаворым тады, калі чалавек перажывае яго ў адносінах да Бога як марнатраўны сын: «Ойча, зграшыў я супраць неба і перад табою» (Лк 15, 18). Жаль вымяраецца пачуццём болю, а моц болю залежыць ад глыбіні нашай сувязі з Трыадзіным Богам. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла тлумачыць жаль за грахі як «боль душы і нянавісць да ўчыненага граху і пастанову не грашыць у будучыні» (гл. ККК 1451). Калі адносіны чалавека з Богам заснаваныя на страху, а не на любові, тады жаль канцэнтруецца на ім самім, і мы называем такі жаль недасканалым. Звярніце ўвагу, мы не называем яго несапраўдным. Ён сапраўдны, але недасканалы. Удасканаленне жалю за грахі адбываецца разам з узрастаннем любові да Бога. Калі ў чалавеку расце ўсведамленне, што яго грэх вельмі моцна параніў добрага Бога і ён быў вельмі няўдзячны ў адносінах да Бога, тады жаль вынікае з любові і становіцца дасканалым.

— Падрыхтоўка да споведзі вымагае быць вельмі праўдзівымі з самімі сабою. Але можа часам лепш не ведаць усёй праўды пра сябе?

— Пазнанне праўды вызваляе. Праўда — гэта Асоба, гэта Езус. На нейкім этапе развіцця чалавек можа быць не гатовым даведацца пра сябе больш, але праўда, якая ўсведамляецца і перажываецца ў любові, робіць нас свабоднымі, а Бог — гэта яшчэ і любоў. Я вельмі люблю выказванне аднаго з айцоў пустэльнікаў, Евагрыя з Понта: «Калі хочаш пазнаць Бога, навучыся спачатку пазнаваць сябе». Праўдзівасць робіць жыццё прасцейшым і прыгажэйшым.

ave-maria.by

для друку для друку