Праўда пра інквізіцыю

galilej-perad-ry-mskaj-inkvizitsy-yaj-kartsina-kry-stsiana-bantsiЗдаецца, ніякая тэма не выклікае такога антаганізму і нянавісці да Каталіцкага Касцёла, як інквізіцыя. На шчасце, у 2004 годзе для навукоўцаў былі адчыненыя ватыканскія архівы, дзе яны маглі больш падрабязна даследаваць касцельную спадчыну і зрабіць свае высновы.

Хто хлусіць пра інквізіцыю?

Каб казаць пра інквізіцыю (дарэчы, гэтае лацінскае слова inquisitio перакладаецца як даследаванне, пошук праўды) трэба, канешне, разглядаць гэтую з’яву на працягу ўсяго часу яе існавання, а гэта XII-XIX стагоддзі, што, вядома, праз абмежаваны аб’ём гэтага артыкула амаль немагчыма. Таму варта адразу, на самым пачатку, пазначыць, што, нягледзячы на чалавечыя слабасці прадстаўнікоў Касцёла, у большасці на гэтую каталіцкаю ўстанову пастаянна выліваўся паклёп з боку адэптаў пратэстантызму, а таксама прадстаўнікамі перыяду Асветы, якія ў большасці былі масонамі. Калісьці гэта рабілася планамерна, сёння, хутчэй, ад невуцтва і недахопу крытычнага мыслення. Вядома, каб больш эфектыўна ўдарыць у штосьці або кагосьці, трэба папсаваць яго аўтарытэт. А аўтарытэт церпіць вядома праз што: праз паклёпы, дэзынфармацыю, няпоўную праўду. Тут, у гэтым кароткім артыкуле, усё ж такі паразважаем, якія былі прычыны з’яўлення гэтай каталіцкай установы, што добрага прынесла інквізіцыя для чалавецтва, а таксама разгледзім галоўныя “крывавыя” інквізіцыйныя постаці і закранём статыстыку.

Прычыны з’яўлення інквізіцыі

Інквізіцыя як установа з’явілася ў XII стагоддзі, калі палітычная сітуацыя ў тагачаснай Еўропе была напружанай і пагрозлівай для ўсёй грамадскасці (вядома, што аслабленая войнамі і сектанцкімі бунтамі Еўропа магла б быць хуценька заселеная вызнаўцамі ісламу) па прычыне актывізацыі розных небяспечных сектаў, як катараў, вальдэнсаў, альбігойцаў. Сэнс у тым, што Касцёл меў моцную сувязь з дзяржаваю. Нават можна сказаць, што дзяржава атаясамлівалася з Касцёлам і яго дактрынаю. Таму непаслухмянасць адпаведнай свецкай уладзе (а тады была васальная сістэма) расцэньвалася як здрада і бунт. Гэта пагражала грамадскаму парадку і гармоніі. Таму менавіта свецкія улады, мясцовыя князі, сюзерэны, распраўляліся з непаслухмянымі вельмі жорстка, часта караючы іх смерцю. Якраз паяўленне інквізітараў (а інквізітарамі былі не толькі дамінікане, але і францішкане, пасля Рэфармацыі таксама і езуіты) было справай справядлівасці і міласэрнасці. Інквізіцыйныя суды мелі ў большасці гуманістычную аснову і былі накіраваныя на прабачэнне і навяртанне, а не на знішчэнне.

“Навінкі” інквізіцыі ў сучаснай судзейскай сістэме

Трэба таксама адзначыць, што дзякуючы інквізіцыі сёння мы маем адпаведную судзейскую сістэму. Менавіта разам са з’яўленнем гэтай каталіцкай установы грамадства вярнулася да старажытнагрэцкай судзейскай культуры, а таксама выпрацавала ў сваю чаргу новыя працэсуальныя элементы, якімі мы карыстаемся па сённяшні дзень. Напрыклад, падазраваны ў ерасі мог прасіць, каб яму даслалі абаронцу – адваката. Таксама на судзейскім пасяджэнні прысутнічалі прысяжныя. Было іх каля дваццаці чалавек, а выбіраліся да гэтай паслугі звычайна аўтарытэтныя людзі. Хаця звычайна рашэнне прымаў суддзя, ўсё ж такі меў ён абавязак звяртацца да паслугаў прысяжных. Таксама падазраванаму, як і яго абаронцу, суддзя абавязаны быў даць усе сабраныя доказы абвінавачвання. Акрамя гэтага, ён падаваў колькасць і дакладныя дадзеныя ўсіх сведкаў. Варта падкрэсліць, што тым з іх, якія сведчылі супраць падазраванага ілжыва, пагражала кара – смерць. Таму кожнаму, хто складаў сведчанні, канешне, было над чым задумацца. Ад XIII стагоддзя інквізітарам дазвалялася адсылаць падазраванага на працэдуру катавання. Трэба, аднак, сказаць, што катаванне ў тыя часы было чымсьці нармальным і выкарыстоўвалася паўсюды. Але ў выпадку інквізыцыі яно мела ў большасці псіхалагічны аспект. Часам “экскурсія” па камерах катавання прыносіла ўжо свой вынік. Дзякуючы інквізіцыйнаму абследаванню чалавек з псіхічнымі хваробамі не мог быць асуджаны, а значыць, і пакараны. Таму, як можна здагадацца, існавала абавязковае лекарскае абследаванне падазраванага. Паміж іншым медык, беручы пад увагу дрэнны стан фізічнага здароўя абвінавачанага, мог забараніць выкарыстанне катаванняў, а сцвярджэнне псіхічных адхіленняў аўтаматычна прадухіляла падазраванага ад усялякіх катавальных працэдураў. У сваю чаргу, пакаранне смерцю (звычайна праз спаленне) было даволі рэдкай з’явай. А калі палілі, то ў большасці лялькі, якія проста сімвалізавалі асуджаных ерэтыкоў. Галоўным чынам прымяняліся розныя касцельныя кананічныя пакаранні, як нашэнне ганьбавых знакаў, штраф, розныя формы пакутаў (пакута – форма раскаяння. Не блытаць з пакутніцтвам і мучэннем. Заўвага рэд.).

Статыстыка

Безумоўна, трэба сказаць, што на працягу існавання інквізіцыі (XII – XIX стст.) былі таксама і розныя перагібы. Трэба браць пад увагу чалавечы фактар. Кожны чалавек штодня робіць шмат маральных выбараў, і ад гэтага залежыць далейшы лёс не толькі самога чалавека, а таксама людзей, за якіх ён адказвае і з якімі сустракаецца. Слугі Каталіцкага Касцёла таксама з’яўляюцца людзьмі і часам рабілі свядома ці несвядома памылкі. Але няпраўда, што інквізітары толькі і займаліся тым, што палілі і катавалі людзей. Нават у іспанскай інквізіцыі, якая з цягам часу ператварылася ў тайную дзяржаўную паліцыю, са 125 тысячаў праведзеных працэсаў толькі 1,5 працэнта скончыліся смяротным прысудам. Што тычыцца рымскай інквізіцыі (трэба адрозніваць рымскую ад біскупскай або ад іспанскай каралеўскай), то, як паказалі архіўныя дадзеныя, адкрытыя ў 2004 годзе, амаль са 100 тысяч абвінавачаных падчас працэсаў на працягу сямі стагоддзяў было прысуджана да смяротнага пакарання толькі каля 100 чалавек.

Кажучы пра каталіцкую, такую “папулярную” ў свеце інквізіцыю, на жаль, амаль ніхто не ўзгадвае пра крывавыя пераследы католікаў, учыненыя англійскім каралём Генрыкам VIII і яго прэм’ерам Кромвелем, або пра паляванне на чараўніц, здзейсненыя пратэстантамі, лютэранамі і кальвіністамі, калі падазраваных жанчын палілі часта без суду і следства, а пра дзейнасць маскоўскіх карных войскаў дык увогуле жахліва нават успамінаць. Вядома, што ў XVII стагоддзі маскоўскія войскі тры разы прыходзілі ў беларускую Вятку, палячы, рабуючы і знішчаючы сваіх жа землякоў, стараабрадцаў. Не карэктна падаюцца і маральныя партрэты саміх інквізітараў. Звычайна на гэтую пасаду вызначалі высокамаральных, пабожных і незвычайна адукаваных людзей. Вядома таксама, што славуты іспанскі інквізітар Тарквэмада шмат пасціўся, маліўся, пісаў тэалагічныя кнігі. Вобраз інквізітара Бэрнарда Гі, выкарыстаны постмадэрнісцкім італьянскім пісьменнікам Умбэрта Эка ў “Імені ружы”, з’ яўляецца толькі прыдуманым ім самім вобразам. На самай ж справе, гэта быў прыстойны, пабожны, высокаадукаваны чалавек.

Адным словам, інквізіцыйная ўстанова, заснаваная Папам Рымскім, паўстрымлівала самасуды, гэта значыць, праліццё нявіннай крыві, прывівала ў грамадстве цывілізаваную судзейскую практыку. І, безумоўна ж, у з’яўленні інквізіцыі прасочвалася адвага, клопат пастыраў тагачаснага Каталіцкага Касцёла пра сваю паству. Для іх было важна, каб, скажам так, авечак не кралі драпежныя ваўкі, каб людзі былі збаўленыя. Ці важныя для нас, сучаснікаў, наш Касцёл, яго аўтарытэт і збаўленне чалавечых душ?

а. Віталь Сапега, дамініканін, Віцебск

для друку для друку