“Працяжнік у будучыню”: у Дзеркаўшчыне адсвяткавалі 25-годдзе аднаўлення святыні

dzierkauszczyna001

Біскуп Алег Буткевіч наведаў парафію Унебаўшэсця Пана ў Дзеркаўшчыне (Глыбоцкі дэканат). Візіт адбыўся 10 мая з нагоды знамянальнай даты: 25 гадоў таму касцёл перажыў свае другія народзіны.

Сама святыня была збудаваная фундатарам Дамейкам яшчэ ў царскі час – у ХІХ ст. Цікава, што спачатку ўлады аніяк не давалі дазволу на будаўніцтва каталіцкага храма. Пан Дамейка пайшоў на хітрасць. Ён замест святыні пачаў будаваць свіран. А пазней, калі з’явілася магчымасць, вялізная клець ператварылася ў культавую пабудову з вежамі і званіцай.

Трагічны лёс напаткаў касцёл у савецкі перыяд. Былі спробы знішчыць святыню падчас Другой сусветнай вайны. А калі памёр пробашч парафіі кс. Макшэцкі, то храм забралі ў вернікаў бязбожныя ўлады.

dzierkauszczyna010

Станіслава Мяховіч

Распавядае Станіслава Мяховіч – парафіянка з Дзеркаўшчыны: “Людзі вартавалі касцёл, баяліся, што забяруць, але прыехалі аднойчы прадстаўнікі выканкама і забралі святыню. Нічога нельга было зрабіць. У плябаніі зрабілі школу, а ў касцёл пачалі ссыпаць збожжа. Арган разбілі. Такі цудоўны быў арган!”

Паступова будынак касцёла прыйшоў у заняпад. Заваліўся дах, засталіся толькі сцены ды калоны. Камсамольцы, што прыязджалі ў калгас на бульбу, займаліся непатрэбствам там, дзе раней адпраўлялася св. Імша і маліліся людзі.

Аднак з крахам атэістычнай улады настала новая эпоха. Людзі пачалі намагацца вярнуць разбураны храм. Ездзілі ў Маскву па дазвол, аббівалі парогі выканкамаў, аж пакуль у 1989 годзе пакалечаны касцёл не вярнулі яго сапраўднаму ўладальніку – каталіцкай парафіі.

“Касцёл адбудавалі за год”, – кажа Уладзімір Фярковіч, цяперашні старшыня парафіяльнай рады. – Людзі складалі вялікія ахвяры: па сто савецкіх рублёў. Зарплата тады ў некаторых была толькі па 70 рублёў. Не хапала матэрыялаў, было цяжка з грашыма, але затое людзі паставіліся да справы рупліва. Я сам разам са сваякамі крыў бляхай дах. Прайшло 25 гадоў з таго часу, а касцёл не працякае. Рабілі паводле сумлення. Вось гэтую жырандолю зафундавала для касцёла Гунэфа Ермаковіч. Прадала карову і ахвяравала грошы. А вунь там стаіць фігура Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэта Зосіна фігура. Яе зафундавала Зоф’я Сарока. Харугвы шылі ў Вільні. Аж тры разы даводзілася туды ездзіць”.

dzierkauszczyna004

Уладзімір Фярковіч

Вернікі парафіі сустрэлі хлебам і соллю біскупа Алега Буткевіча. Разам з прысутнымі святарамі ён адправіў св. Імшу і ўдзяліў сакрамант бежмавання мясцовай моладзі. Пастыр дыяцэзіі заахвоціў прысутных моцна трымацца перададзенай продкамі веры і клапаціцца пра Касцёл.

Варта адзначыць прысутнасць на свяце прадстаўнікоў свецкай улады на чале са старшынёй Глыбоцкага райвыканкама Алегам Морхатам. У сваім выступе старшыня падзякаваў біскупу Алегу і пробашчу парафіі кс. Андрэю Куліку за арганізацыю і правядзенне свята. Ён таксама ўручыў парафіі ў якасці дапамогі сертыфікат на 10 млн. беларускіх рублёў.

Пасля малітвы ў касцёле ўрачыстасць працягнулася на вуліцы, дзе перад вернікамі выступілі ансамбль з в. Карабы і гурт “Рэха”.

dzierkauszczyna081

dzierkauszczyna093

Біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч сказаў, што юбілей дзеркаўшчынскай святыні – гэта не кропка ў яе гісторыі і не коска. Гэта – працяжнік у будучыню. Таму перад цяперашнім пакаленнем стаіць заданне захаваць касцёл і перадаць каталіцкую веру сваім нашчадкам. Тым больш, што ёсць такі цудоўны прыклад ахвярнасці і працы вернікаў у Дзеркаўшчыне.

Кс. Віктар Місевіч, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

для друку для друку