Працягваецца папская дапамога для Украіны

Каардынаваная Святым Пасадам міжнародная дабрачынная дапамога для Украіны прыняла новую арганізацыйную форму, паведаміла Апостальская нунцыятура ў Кіеве. Праз год завяршыў сваю працу тэхнічны камітэт, што кіраваў фондамі з абвешчанага у 2016 годзе Францішкам ва ўсіх касцёлах Еўропы збору сродкаў. З верасня, па рашэнні Дзяржсакратарыята Яго Святасці, яго зменіць тэхнічны сакратарыят акцыі “Папа для Украіны”. 

“Дзяржаўны Сакратарыят даручае Апостальскай нунцыятуры ва Украіне выказаць глыбокую падзяку Камітэту “Папа для Украіны” і, асаблівым чынам, яго старшыні, за адданасць, шчодрасць і эфектыўнасць, з якой праводзілася дзейнасць. Разам з тым, жадае добрай працы новаму тэхнічнаму сакратарыяту, дзякуючы за выяўленую гатоўнасць”, — гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным на сайце Апостальскай нунцыятуры ва Украіне.

За час працы тэхнічнага камітэту быў праведзены маніторынг патрэбаў найбольш неабароненых катэгорый людзей, якія пацярпелі ад ваенных дзеянняў на Усходзе Украіны, узгоднены крытэрыі адбору арганізацый-партнёраў для рэалізацыі папскай гуманітарнай ініцыятывы, зацверджаны працэдуры разгляду заявак, тэхнічныя і юрыдычныя дакументы для далейшай рэалізацыі дабрачынных праектаў, гаворыцца ў паведамленні прэс-службы акцыі “Папа для Украіны”. 

Каардынатарам новага сакратарыяту прызначаны дапаможны біскуп Львоўскай архідыяцэзіі Эдуард Кава, кансультантам – епіскап Кэнэт Навакоўскі з Нью-Вэстмінстарскай епархіі Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы ў Канадзе. Сакратарыят працягне ажыццяўленне ініцыятывы “Папа для Украіны” згодна з крытэрыямі, распрацаваным тэхнічным камітэтам.

За год працы акцыі за сродкі, сабраныя католікамі Еўропы і асабіста ахвяраваныя папам Францішкам для Украіны, рэалізавана больш за 80 вялікіх і малых праектаў. Выканаўчымі партнёрамі на працягу 2016-2017 гг. сталі ўкраінскія і міжнародныя арганізацыі, дабрачынныя фонды і парафіяльныя супольнасці, якія рэалізуюць гуманітарныя праекты ў Данецкай, Луганскай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Харкаўскай абласцях і Кіеве.

Трэба нагадаць, што жадаючы пайсці насустрач патрэбам украінскага насельніцтва, якое пакутуе ад працяглага ваеннага канфлікту, Святы Айцец у красавіку 2016 г. арганізаваў збор грашовых ахвяраванняў у мясцовых Касцёлах Еўропы. З мэтай разгляду і фінансавання адпаведных праектаў, Дзяржаўны Сакратарыят Яго Святасці 6 чэрвеня 2016 г. стварыў тэхнічны камітэт акцыі “Папа для Украіны”, старшынёй якога стаў дапаможны біскуп Харкаўска-Запарожскай дыяцэзіі Ян Сабіла.

Ватыканскае радыё

для друку для друку