Працэсія Божага Цела адбылася ў Віцебску

Вернікі прайшлі па вуліцах горада ад катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага да касцёла Святога Духа.

Падзея адбылася ў суботу 10 чэрвеня і была прымеркаваная да ўрачыстасці Божага Цела, якую Каталіцкі Касцёл у гэтым годзе будзе адзначаць у чацвер 15 чэрвеня. Гэта свята лічыцца адным з самых вялікіх у Касцёле, бо яно прысвечанае галоўнаму сакраманту – Эўхарыстыі. Падчас Эўхарыстыі адбываецца пераўтварэнне хлеба і віна ў Цела і Кроў Езуса Хрыста.

Свята пачалося са святой Імшы ў катэдры Езуса Міласэрнага. Богаслужэнне ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Іерарх распачаў Імшу словамі псальма: «Бог корміць нас тлушчам пшаніцы і насычае мёдам са скалы.»

У Імшы прынялі ўдзел святары, сёстры законныя, вернікі як з Віцебска, так і з іншых парафій дыяцэзіі. Было шмат дзяцей, якія ў гэтым годзе прынялі Першую Камунію. Біскуп прывітаў усіх вернікаў, асабліва падзякаваў тым, хто прыехаў сюды здалёк.

Сваё слова да вернікаў іерарх распачаў з разважання над словамі, якімі скончваецца кожная Імша: «Ідзіце ў супакоі Хрыста». «Гэтыя словы, — адзначыў біскуп, — заклікаюць і нас сёння прайсці па вуліцах Віцебска. І Езус Хрыстус таксама хоча ісці разам з намі па гэтых вуліцах і святкаваць разам з намі.»

Традыцыя адзначаць гэта свята па вуліцах гарадоў і вёсак пайшла яшчэ з сярэднявечча, першая працэсія адбылася ў Францыі ў 1264 годзе.

Хрыстос жадае быць разам з намі ў працы, вучобе, адпачынку, наогул, ва ўсім нашым жыцці. Свет і зараз патрабуе навяртання, каб не было тых трагедый, што перажыло чалавецтва ў ХХ стагоддзі.

Біскуп нагадаў, што нельга бяздумна прымаць Цела Хрыста, застаючыся абыякавым, успрымаючы гэта як проста традыцыю. Ён прывёў словы Хрыста: «Хто спажывае Маё Цела, будзе жыць вечна».

Наш першы і галоўны абавязак — будаваць Валадарства Божае тут, на зямлі. І гэта працэсія — толькі першы штуршок, каб нагадаць пра гэты наш абавязак. Дык няхай гэта працэсія стане знакам нашага выратавання і любові.

Перад працэсіяй была асвечаная новая харугва парафіі святога Уладзіслава ў Віцебску. Гэта самая маладая парафія, яна знаходзіцца ў Білеве, новым мікрараёне абласнога цэнтра. Парафія яшчэ не мае свайго храма, моліцца ў часовым будынку, таму гэта харугва стала адным з першых крокаў у станаўленні парафіі. Таму і няслі яе ў працэсіі першай, адразу за крыжам.

Як прынята на гэту ўрачыстасць, вернікі зрабілі чатыры алтары, каля якіх рабіліся прыпынкі. На гэтых стацыях святары спявалі ўрыўкі з Евангелля, потым біскуп удзяляў бласлаўленне вернікам і ўсяму гораду.

Першы алтар быў зроблены каля катэдры, два наступныя былі мабільныя. Алтар размяшчаўся на плячах вернікаў. Апошні, чацвёрты, алтар быў устаноўлены перад касцёлам Святога Духа.

Як і ў мінулыя гады, разам з католікамі рымскага абраду ў працэсіі ўдзельнічалі і грэка-католікі. Сваёй прысутнасцю яны паказалі, што ўсе хрысціяне павінны быць разам, нягледзячы на тое, што мы адрозніваемся выкананнем некаторых абрадаў.

Па заканчэнні працэсіі біскуп Алег Буткевіч падзякаваў усім, хто прыняў удзел у гэтым мерапрыемстве, а таксама тым, хто яго рыхтаваў. Адмысловая падзяка была выказаная мясцовым уладам, якія далі дазвол на мерапрыемства і забяспечвалі на ім парадак.

Іерарх запрасіў таксама усіх вернікаў на ўрачыстасць Маці Божай Валадаркі азёраў, якая адбудзецца ў Браславе 18-19 жніўня.

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Відэарэпартаж будзе дададзены пазней

для друку для друку