- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Праца каталіцкай манахіні “цёці Веранікі” ў свецкай установе

DSCF1753 [1]На чыгуначнай лініі Мінск – Орша за 110 кіламетраў ад Мінска знаходзіцца горад Крупкі, дзе ў дзіцячым садку працуе манахіня Бэрнадэта з ордэна Сясцёр святой Ядвігі ад Беззаганнай Багародзіцы Панны Марыі (ордэн сясцёр-ядвіжанак). Мне стала цікава, як выглядае праца каталіцкай манахіні ў свецкай установе, таму я і накіравалася ў Крупкі.

Электрычка спыняецца на прыпынку Новае Жыццё. Цікавая назва. Яна дае надзею на тое, што жыхары горада маюць такое жыццё, і яно не аддзелена ад Хрыста. Бо, скажам, камуністычная назва адной з папярэдніх станцый – Чырвоны Сцяг – здзіўляе сваёй неактуальнасцю, даўніной і не дае надзеі на лепшае. Бо толькі з Госпадам жыццё чалавека можа стаць вольным, шчаслівым і радасным.

Адкрытыя на дыялог местачкоўцы патлумачылі, як даехаць да касцёла, і ўжо праз два дзясяткі хвілін я была на месцы. У парафіяльным доме мяне сустрэла сястра Бэрнадэта. У крупскай парафіі яна працуе з 2010 года.

 Педагагічная спецыяльнасць і манаства – гэта Божы дар

Сястра скончыла Салігорскі дзяржаўны педагагічны каледж. Пасля атрымання адукацыі адчула прагу да манаскага жыцця. Стаўшы манахіняй каталіцкага ордэна, завочна навучалася ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка па спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя».

Падчас вучобы ва ўніверсітэце здарылася гісторыя, якую заўсёды прыгадвае сястра: «Калі я прыйшла на залік па рэлігіязнаўстве ў манаскім адзенні, то выкладчык-камуніст доўга не хацеў ставіць залік з-за майго знешняга выгляду. І я дзівілася: няўжо ў яго разуменні навука і манаскі выгляд не могуць ісці поруч?»…

Тое, што педагагічная спецыяльнасць і манаская супольнасць з’явіліся ў яе жыцці, сястра Бэрнадэта лічыць вялікім дарам Госпада і праз гэта адчувае вартасць свайго паклікання.

 Сёстры-ядвіжанкі

Ад самага пачатку свайго існавання ў 1859 годзе сёстры-ядвіжанкі надавалі вялікую ўвагу дзецям. У той час малыя найбольш пакутавалі ад маральнай і матэрыяльнай бядоты. І да сённяшняга дня сёстры святой Ядвігі лічаць служэнне тым, хто жыве ў патрэбе, асабліва дзецям, самай важнай справай міласэрнасці, якая павінна здзяйсняцца ў духу Евангелля.

Зараз сёстры працуюць у дзіцячых садках, прытулках, лячэбна-выхаваўчых цэнтрах, праводзяць катэхізацыю, а таксама аказваюць дапамогу ўсюды, дзе яна неабходная. Такога кшталту служэнне манахіні нясуць у Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Даніі і Чэхіі. Першыя крокі распачынаюцца і ў Беларусі.

Любоў да дзяцей

Выйшаўшы за тэрыторыю касцёла, мы накіроўваемся ў дзіцячы садок. Сёння, як і кожны дзень, сястра з ахвотай спяшаецца да дзяцей. «Вельмі люблю свой дзіцячы сад. Калі ўяўляю, што мяне забяруць з Крупак на служэнне ў іншае месца, то разумею: будзе вельмі шкада», – прызнаецца яна ў размове.

У кляштары сястры далі манаскае імя Бэрнадэта. Так яе называюць і ў касцёле. А вось для маленькіх выхаванцаў садка, якім па 2-3 гады, яна проста «цёця Вераніка».

DSCF1746 [2]

Дзеці з радасцю лашчацца на руках у сястры, дораць шчырыя ўсмешкі. Тыя з іх, хто ўжо досыць добра гаворыць, распавядаюць мне і “цёці Вераніцы” свае цікавыя прыгоды.

DSCF1750 [3]

«Бацькі ставяцца да мяне вельмі добра. Самае важнае для іх, каб дзеці былі заўсёды дагледжаныя. Канфесія, будзь ты католікам або праваслаўным, не адыгрывае значнай ролі. Мы заўсёды знаходзім узаемапаразуменне», – адзначае сястра.

 Рабочы калектыў

Калі я толькі пачала працаваць у садку, мае каляжанкі заўсёды дапамагалі і давалі парады. Дзіўна было, калі адразу глядзелі на мяне, у манаскім адзенні, насцярожана, але пасля сказалі: «Нармальны чалавек!» – смяецца сястра Бэрнадэта.

DSCF1744 [4]

Прабыўшы ў групе некаторы час, я заўважыла адну цікавую рэч: сятра Бэрнадэта і яе каляжанка з вялікім цяплом і клопатам ставяцца да дзяцей, разумеючы і адказваючы на іх амаль незразумелую мне мову. Гэта шчырая любоў да дзяцей прыносць ім паразуменне ў сумеснай працы.

Заканчваецца працоўны дзень. Вяртаючыся ў парафіяльны дом, сястра Бэрнадэта ў сваёй манаскай супольнасці моліцца, каб сваё жыццё сем’і ў Крупках праводзілі з Хрыстом, каб беларускія дзеткі выхоўваліся ў атмасферы любові, дабрыні і сяброўства.

Я ж той самай электрычкай вяртаюся ў Мінск з думкамі пра сястру Бэрнардэту і яе маленькіх выхаванцаў. Прыпынак Новае Жыццё застаецца ўдалечыні, а мяне не пакідае пачуццё радасці і супакою ад гэтага візіту. Хочацца спадзявацца, што прыклад сястры Бернадэты заахвоціць кіраўніцтва іншых беларускіх садкоў і прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў разам працаваць у сферы выхавання і адукацыі.

 Ірына Грэйць