- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Прасіце і атрымаеце

priroda [1]Многім вядомыя евангельскія ўрыўкі, у якіх вучні Хрыста просяць навучыць іх маліцца. Чалавек, які захацеў звярнуцца да Бога, можа падумаць, што яго таксама павінны навучыць маліцца. Без малітвы немагчыма пабудаваць адносіны з Богам.

Вучні Хрыста жылі ў асяроддзі, дзе было шмат розных настаўнікаў — равінаў, якія прапанавалі розныя метады малітвы. Таму вучні захацелі, каб Хрыстос прадставіў свой асабісты метад размовы з Богам. Аднак яны былі здзіўлены, калі Хрыстос прапанаваў ім тэкст малітвы, якую мы называем “Ойча наш”, або “Малітва Гасподня”.

Аказваецца, у некалькі сказаў можна ўкласці ўсе асноўныя патрэбы чалавека: няхай надыдзе Божае Валадарства і споўніцца Божая воля, кожны няхай мае штодзённы хлеб, адпусцяцца людскія грахі і чалавека абміне спакуса.

Аднак Бог заклікае нас не столькі маліцца нейкімі канкрэтнымі словамі, колькі не забываць і шукаць жывых адносін з Богам. Калі я люблю Бога, то я не магу не размаўляць з тым, каго люблю. А малітва якраз і з’яўляецца дыялогам з Богам.

Евангельскія тэксты распавядаюць нам, што маліцца трэба пастаянна. Можа быць, гэта будуць простыя словы, сказаныя Богу пра тое, што з’яўляецца для нас істотным. Часамі мы молімся “на ўсякі выпадак” — горш ад гэтага не стане, а магчыма, будзе лепш. Аднак як можна ўявіць сабе такую размову з любімай асобай? Я гавару з табою “на ўсякі выпадак”, мне не хочацца, але, можа, я атрымаю ад гэтага нейкую карысць.

Часамі мы ўспрымаем Бога як чыноўніка, ад якога хочам атрымаць як мага больш і якога нават імкнёмся падмануць. Бог і так ведае, што нам патрэбна, але сам факт размовы з Богам становіцца выражэннем нашай веры, а без такога знешняга знаку наша вера не развіваецца.

Найбольш глыбокая малітва — гэта малітва некалькіх людзей, якія вызнаюць тую самую веру. Па-іншаму групу такіх людзей мы можам назваць Касцёлам або Царквою. Абяцанне Хрыста вельмі выразнае на гэты конт: “Дзе двое альбо трое сабраныя ў імя Маё, там Я сярод іх”.

Ксёндз Кірыл Бардонаў, sb.by [2]