Прадстаўнікі руху «Маці ў малітве» з Браслава прынялі ўдзел у Міжнароднай канферэнцыі ў Польшчы

З 17 па 24 верасня ў санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках (каля Кракава, Польшча) праходзіла Міжнародная канферэнцыя кардынатараў руху «Маці ў малітве».

Удзел у ёй прынялі і прадстаўнікі з браслаўскай парафіі: кардынатар руху па Віцебскай дыяцэзіі Паліна Парфяновіч, спадарыня Марта Данусевіч і спадарыня Алена Ермалавічэня, а таксама духоўны кіраўнік руху ксёндз Адам Квяткоўскі.

У канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі руху са звыш 40 краін свету з 6 кантынентаў, а таксама заснавальніца руху Вероніка Уільямс. Найбольш прадстаўнічымі былі дэлегацыі з Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Беларусі, Расіі і Літвы.

Прадстаўнікі з Браслава далучыліся да агульнабеларускай пілігрымкі ў складзе 42 маці і 2 святароў. У межах пілігрымкі яны наведалі таксама Чэнстахову, Кракаў, Вадавіцы, Кальварыю Зэбжыдоўскую і Непакалянаў. Да канферэнцыі беларускія пілігрымы далучыліся 20 верасня − у адкрыты дзень для ўсіх членаў руху «Маці ў малітве».

«Удзел у пілігрымцы дадаў мне больш мудрасці: у шляху мы слухалі адно аднаго, дзяліліся вопытам і сведчаннямі, − падзялілася ўражаннямі спадарыня Паліна Парфяновіч. – Гэтыя некалькі дзён былі напоўнены малітвай, праслаўленнем Бога, пазнаннем людзей і святых месцаў. За гэты час у мяне з’явілася яшчэ больш упэўненасці ў заўтрашнім дні: Бог дасць сілы на ўсе выпрабаванні, калі здолеем на 100% даверыцца Яму, слухаць Яго і кіравацца Яго словам у штодзённым жыцці. Для мяне гэтая пілігрымка і ўдел у канферэнцыі як шлях асабістага духоўнага адраджэння».

20 верасня святую Імшу ў межах канферэнцыі ўзначаліў Мітрапаліт Кракаўскі арцыбіскуп Марэк Ендрашэўскі.

«Дарагія маці, якія моляцца за сваіх дзяцей, − звярнуўся да прысутных іерарх. − Ваша пастава як адзін вялікі супраціў таму, што прынята лічыць мудрым у гэтым свеце. Вы, як ніхто іншы, ведаеце, на чым заснавана вымярэнне любові, любові маці да ўласнага дзіцяці. Недастаткова яго толькі зачаць і нарадзіць, недастаткова забяспечыць дзіцяці нармальнае развіццё, асабліва ў першыя гады яго жыцця. Вы ведаеце, што быць маці – гэта перш за ўсё любіць. А любць цалкам і даканца – значыць “упісацца” ў любоў Хрыста да кожнага чалавека. Гэта любоў, у якой перш за ўсё трэба паверыць, якой трэба даверыцца, якой трэба аддаць сябе і іншых, менавіта для таго, каб гэтая любоў магла канчаткова перамагчы вечным шчасцем у доме Міласэрнага Айца».

waladarka.by

для друку для друку