Прадстаўнік Святога Пасаду пра выклікі для Еўропы

europaВыступаючы 6 сакавіка  ў Браціславе на сустрэчы юрыдычных кансультантаў еўрапейскіх епіскапатаў, арганізаванай Радай Біскупскіх Канферэнцый Еўропы, сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Галахер казаў пра выклікі, якія стаяць перад Еўропай і Каталіцкім Касцёлам.

Ён узгадаў легенду пра выкраданне Еўропы, у гонар якой атрымаў назву наш кантынент. Зеўс прыняў аблічча белага быка і перанёс азіяцкую прыгажуню на Крыт.

У гэтым міфе закладзена гістарычная праўда: калыска еўрапейскай культуры сапраўды знаходзіцца ў Азіі. Сёння гэта міфічная жывёла рэдка нагадвае нам пра выкраданне Еўропы.

Хутчэй, у сучасным свеце фінансаў бык стаў сімвалам эканамічнага багацця. Дастаткова ўзгадаць бронзавыя скульптуры перад нью-ёркскай фондавай біржай: мядзведзь – сімвал эканамічнай рэцэсіі – лапай паніжае курс акцый, а бык рагамі ўздымае яго ўгору, абяцаючы багаты прыбытак.

Нават у нашы дні, падкрэсліў арцыбіскуп Галахер, гэты бык усё яшчэ можа спакусіць і выкрасці Еўропу: грошы сталі важней за людзей. Менавіта аб гэтым папярэджваў папа Францішак членаў Еўрапейскага парламента і Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы 25 лістапада 2014 г.

Папа палічыў за лепшае выступаць не ў Бруселі, а ў Страсбургу, бо гэта дазволіла яму звярнуцца да Рады Еўропы, у якой прадстаўлены ўсе еўрапейскія краіны, у тым ліку Расія і Украіна, Арменія і Азербайджан. Ён хацеў падкрэсліць, што наш кантынент большы, чым Еўрапейскі Саюз.

У цэнтры выступлення Пантыфіка ў Страсбургу была тэма чалавечай годнасці, каштоўнасці кожнага чалавека. Правы чалавека павінны выконвацца, не таму што палітыкі прызнаюць “каштоўнасць, унікальнасць і непаўторнасць кожнага чалавека”, а таму што яны выгравіраваны ў сэрцы кожнага з нас, упэўнены папа Францішак. Аднак ён перасцярагае нас ад памылак, якія могуць стаць вынікам няправільнага разумення і ўжывання правоў чалавека.

У нашы дні азначылася тэндэнцыя патрабаваць яшчэ больш шырэйшых – індывідуалістычных – правоў. У аснове гэтага ляжыць канцэпцыя чалавека, адлучанага ад сацыяльнага і антрапалагічнага кантэкстаў, падобнага на “аднаклеткавы арганізм”, абыякавы да іншых “аднаклеткавых” вакол яго. Падобна на тое, што найважнейшае паняцце абавязкаў больш ніяк не злучана з паняццем праў.

Хрысціянская думка, на якой засноўваецца гісторыя і культура Еўропы, заўсёды спрыяла годнасці чалавека і грамадскаму дабрабыту. Аднак, як нагадвае нам Папа, хрысціянства – гэта не толькі наша мінулае, але і сучаснасць і будучыня , таму што яно ставіць у цэнтр чалавека. Сёння, калі годнасць чалавека ў небяспецы, Еўропа можа займець вялікую карысць з хрысціянскай маралі. Святы Айцец заклікаў членаў Еўрапейскага парламента будаваць Еўропу не на грунце эканомікі, а на грунце святасці чалавека.

Прыйшоў час аднавіць Еўропу навукі, мастацтва, музыкі, чалавечых каштоўнасцяў і веры. Кантынент, які адлучае сябе ад хрысціянскіх каранёў, пускаецца ў “маўклівае адступніцтва”. Там дзе пануюць эканамічныя інтарэсы, прыбытак і рынак, бык Еўропы робіцца залатым цяльцом, ідалам ілжывых каштоўнасцяў і імкненняў, заўважыў арцыбіскуп Галахер.

Паводле Папы, мы павінны аднавіць “Еўропу, якая глядзіць у нябёсы і пераследуе высокія ідэалы”, Еўропу, якая клапоціцца пра кожнага чалавека, арыенцір для ўсяго чалавецтва. Святы Айцец звяртае ўвагу на пэўныя праблемы Еўропы, на бядотнае становішча мігрантаў: “Нельга дазволіць Міжземнаму мору стаць велізарнымі могілкамі!” У абавязак Касцёла не ўваходзіць займацца штодзённай палітыкай, ён можа толькі заклікаць палітычных дзеячоў шукаць доўгатэрміновыя рашэнні.

Арцыбіскуп Галахер з задавальненнем адзначыў той факт, што пасля выступлення Папы ў Страсбургу Парламенцкая асамблея Рады Еўропы прыняла рэзалюцыю супраць дыскрымінацыі хрысціянаў у Еўропе.

На думку ватыканскага іерарха, у наступныя гады і дзесяцігоддзі ў Еўропе неабходна працягваць працэс дасягнення адзінства, без абмежаванняў ілжывага эгалітарызму і празмернай бюракратыі, каб гарантаваць трывалы мір.

У Еўропе ніколі зноў не павінна быць вайны!

Арцыбіскуп Галахер выказаў перакананне, што сапраўднае адзінства можа быць дасягнута толькі дзякуючы даверу, братэрству і прыняццю культурных адрозненняў.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку