Прадстаўнік Святога Пасаду назваў прычыны росту аўтарытэта Папы Францішка

Papiez-FranciszekНапярэдадні трэцяй гадавіны абрання аргентынскага кардынала Хорхе Марыё Бергольё на Пасад св. Пятра, якая будзе адзначацца 13 сакавіка 2016 года, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі прааналізаваў чарговы год пантыфікату Францішка.

Акрэслены перыяд ён назваў “вельмі насычаным і багатым на падзеі”, а Святога Айца ахарактарызаваў як “лідара, які выклікае давер”.

Афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду назваў асноўныя прычыны, што спрыяюць росту аўтарытэта Пантыфіка як “настаўніка чалавецтва”:

1. За гэты год Папа наведаў амаль усе кантыненты. Прысутны на сусветнай арэне, Святы Айцец уздымае тэмы міру і вайны, закранае сацыяльны праблемы, выкліканыя працэсам глабалізацыі, крытыкуе “культуру адчужэння”, заклікае да справядлівасці. Усебаковы падыход да вострых пытанняў чалавецтва Францішак здолеў прадставіць у сваёй апошняй энцыкліцы “Laudato si’”. Таму, па словах кіраўніка Залы Друку, “чалавецтва глядзіць на Папу Францішка як на чалавека, які дапамагае знайсці арыенціры”.

2. Папа Францішак прыкладае вялікія намаганні ў справе пашырэння ідэі міласэрнасці, якая павінна суправаджаць як учынкі, так і спосаб мыслення хрысціяніна. З распачаццем Юбілейнага Года, падкрэсліў кс. Ламбардзі, мы апынуліся ў самым сэрцы гэтага пантыфікату – “духоўнасці, увасобленай у канкрэтных учынках міласэрнасці”.

3. Святы Айцец надае вялікае значэнне правядзенню рэформаў унутры Касцёла, якія б дазвалялі ўсім яе структурам эфектыўна выконваць сваю місію ў сучасным свеце. Многія рашэнні Папы падвяргаюцца крытыцы, нават з боку вернікаў, што, на думку кс. Ламбардзі, зразумела і тлумачыцца проста: ва ўмовах сучаснага свету, з яго хуткімі зменамі і сур’ёзнымі выклікамі, Францішак вымушаны “пракладваць шлях у цемры”. І гэта Пантыфік робіць з вялікай адвагай і непахіснай верай. А дэманструючы сваю блізкасць і асаблівую спагаду да хворых і церпячых, Папа дае кожнаму магчымасць адчуць блізкасць Бога.

Ватыканскае радыё

для друку для друку