Прадстаўнік Беларусі на Кангрэсе Міласэрнасці ў Рыме

1527007_Articolo “Платформай” малітвы, роздуму і дыскусій назваў архімандрыт Сяргей Гаек Еўрапейскі апостальскі кангрэс Божай Міласэрнасці – пяцідзённы форум, які пачаўся ў Рыме 31 сакавіка. Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі прысутнічае на ім у якасці дэлегата ад Беларусі.

Ён заўважыў, што слова “апостальскі” ў яго назве не выпадковае. “Еўрапейскі кангрэс Божай Міласэрнасці названы апостальскім, таму што спасылаецца непасрэдна на апостальства і душпастырскае служэнне – менш тэалогіі, а больш досведу і сведчанняў. Ён праходзіць у Год Божай Міласэрнасці, таму мае вельмі асаблівае значэнне. У ім прымаюць удзел аніматары, людзі захопленыя пашырэннем пабожнасці, натхненнем для якой з’яўляецца Божая міласэрнасць; і не толькі пабожнасці, але і розных сацыяльных ініцыятыў, асабліва на ўскраінах сацыяльнага жыцця”, — сказаў удзельнік Кангрэсу.

Архімандрыт нагадаў, што пасля еўрапейскага форуму пройдзе Сусветны апостальскі кангрэс Божай Міласэрнасці. Яго прымуць Філіпіны 16-20 студзеня 2017 года.

У сёлетнім рымскім форуме паўдзельнічае і папа Францішак. Ён будзе прысутнічаць на малітоўным чуванні з нагоды чарговай гадавіны смерці св. Яна Паўла ІІ – яно пройдзе 2 красавіка, – а на наступны дзень, у Нядзелю Божай Міласэрнасці, узначаліць Эўхарыстыю на плошчы св. Пятра, нагадаў Апостальскі візітатар.

“Еўрапейскі кангрэс Божай Міласэрнасці, гэта платформа для малітвы, роздуму і дыскусій, але, перш за ўсё, удзельнікі раздзяляюць між сабой досвед веры і сацыяльнай дзейнасці. Канешне, вельмі важным тэкстам, на які шмат хто спасылаецца, з’яўляецца кніга Папы “Імя Бога – Міласэрнасць”. Усе чакаюць таксама Апостальскую адгартацыю на тэму сям’і, якую Пантыфік ужо падпісаў, але тэкст будзе апублікаваны праз тыдзень”, — сказаў айцец Гаек.

Прыемным жэстам для Апостальскага візітатара было адмысловае прывітанне з боку арганізатараў для іерархаў і вернікаў Касцёла ў Беларусі.

Ватыканскае радыё

для друку для друку