Прадстаўнік Святога Айца ў Аргенціне ўзначаліў Літургію Вялікай суботы ў Глыбокім

На заканчэнне Пасхальнага Трыдуума, пасля саракадзённай падрыхтоўкі, рэкалекцый, удзелу ў прыгожых літургіях Вялікага чацвярга і Вялікай пятніцы, адарацыі Езуса ў цямніцы і пры грабніцы, 20 красавіка глыбачане-католікі сабраліся ў святыні на ўрачыстае прыняцце яшчэ раз той праўды, што Хрыстос уваскрос.

Сапраўдным падарункам на свята стала прысутнасць сакратара Апостальскай Нунцыятуры ў Аргенціне ксяндза пралата Аляксандра Рагіні, які і цэлебраваў святочную Пасхальную Літургію.

Кс. Аляксандр паважаны госць у глыбоцкай святыні, бо многія яго ведаюць з часоў служэння вікарыем у парафіі. І таму радасць і ўсмешкі можна было заўважыць на тварах вернікаў.

Святая Імша Вігіліі Пасхальнай вельмі багатая і прыгожая. Яна складаецца з пяці частак: літургіі святла, Божага Слова, Хросту, Эўхарыстыі і працэсіі рэзурэкцыйнай. Літургія гэтага вечара распачалася на вуліцы абрадам святла, дзе быў асвечаны агонь і ад яго быў запалены пасхал, ад якога ў сваю чаргу ўсе вернікі запальвалі свае свечкі.

Незаменнай характарыстыкай Пасхі ёсць таксама той факт, што Літургія прыводзіць нас да сустрэчы з багатым словам Святога Пісання. Касцёл у гэтую ноч хоча весці нас вялікім панарамным аглядам на шляху гісторыі нашага збаўлення; ад моманту стварэння, выбару і вызвалення народу Ізраэля, прароцкія сведчанні, з якімі мы можам лепш зразумець выразнае значэнне збаўчай ахвяры Хрыста на крыжы і Яго ўваскрасенне. У літургічнай традыцыі ўсе гэтыя чытанні называліся прароцтвам. У сваім прароцкім характары, яны паказваюць нам фундамент і арыентацыю ўсёй гісторыі чалавецтва. Яны нам паказваюць, што стварэнне свету і гісторыі чалавецтва становяцца празрыстай праўдай – Езус Хрыстус сапраўднае святло свету.

Падчас гаміліі ксёндз пралат паразважаў над таямніцай святла — адным з вялікіх знакаў, якім характарызуюць літургічнае святкаванне Пасхальнай вігіліі. “У Пасхальную вігілію, у ноч новага стварэння, Святы Касцёл паказвае нам таямніцу святла вельмі асаблівым і сціплым сімвалам – пасхальнай свечкай. Гэта святло жыве сілай уласнай ахвяры. Як? Свечка згарае, даючы нам святло; яна спажывае сябе для нас. Гэта так выдатна адлюстроўвае пасхальную таямніцу Хрыста, які аддае сябе і, такім чынам, дае вялікае і непагаснае святло ўсім нам. Святло гэтай свечкі дае нам агонь, які з’яўляецца сілай, якая фармуе свет, якая пераўтварае і змяняе”.

Сёння мы можам асвятліць нашы гарады тысячамі агнёў. Што калі паглядзіш на неба, то ад адбіцця электрычнага святла не ўбачыш зорак на небе; мы зазіраем у нашы смартфоны так часта, што на нашых тварах “прамянее” святло сацыяльных сетак, навін, плётак, рэклам, лёгкай нажывы, парнаграфіі… Усе гэтыя матэрыяльныя рэчы будуць добрымі для нас, калі за іх рамкі мы не выкідваем Бога і дабро, калі ва ўсім гэтым згубім Бога, то “аслепнем” у нашым эгацэнтрызме і пагоняй за матэрыяльнымі толькі скарбамі. Таму ёсць вера ў Бога, якая паказвае нам сапраўднае святло.

На заканчэнне прамовы кс. Аляксандр параўнаў жывую супольнасць вернікаў з працай пчол: “Вялікі гімн Exsultet, які прагучаў на пачатку Пасхальнай Літургіі, мае таксама вельмі вымоўны аспект. Прыпамінае нам, што пасхал звязаны з працай пчол. Тут паказанае ўсё стварэнне. У пасхальнай свечцы стварэнне становіцца носьбітам святла. Працавітыя і арганізаваныя пчолы збіраюць мёд і кладуць іх у соты, якія яны цудоўным чынам майструюць з воску. Гэта вобраз супрацоўніцтва жывой супольнасці вернікаў у Святым Каталіцкім Касцёле, амаль як праца пчол! Гэтая супольнасць вернікаў будуе супольнасць святла. У святле гэтай пасхальнай свечкі мы можам убачыць нас саміх, нашы адносіны да касцёла і як мы жывём у супольнасці гэтага Хрыстовага касцёла (у любові і еднасці, дабрыні і прабачэнні, у малітве, праз удзел у св. Імшы і Святых сакрамантах). Калі мы імкнёмся, хочам, жадаем, стараемся быць носьбітамі гэтага святла, то сам Хрыстус уваскрослы праз нас асвятляе цемру гэтага свету, часта жорсткага, абыякавага і загубленага”.

Пасля прамоўленай гаміліі распачалася Эўхарыстычная Літургія — найважнейшая частка святой Імшы, калі Езус становіцца прысутным на алтары ў постацях хлеба і віна. Ужо апоўначы ўсе вернікі з радасным спевам «Вясёлы дзень» крочылі ў рэзурэкцыйнай працэсіі, на заканчэнне якой заспяваны быў гімн «Te Deum» і ўдзелена бласлаўленне.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку