Працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска (+відэа)

2 чэрвеня ў Віцебску ад касцёла Езуса Міласэрнага да касцёла Святога Духа прайшла ўрачыстая працэсія ў гонар Найсвяцейшых Цела і Крыві Хрыста, у якой прынялі ўдзел вернікі не толькі горада, але і ўсёй дыяцэзіі. Былі дзеці ў белым убранні – тыя, хто ў гэтым годзе прынялі Першую Камунію альбо рыхтуюцца да гэтай падзеі.

Перад пачаткам працэсіі адбылася святая Імша ў катэдральным касцёле, якую ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Ардынарый прывітаў усіх прысутных, асабліва падзякаваў тым, хто прыехаў здалёк, каб падзяліцца сведчаннем сваёй веры. «Разам з усёй дыяцэзіяй адзначаем урачыстасць сёння, у суботні дзень, каб мець магчымасць прайсці вуліцамі Віцебска – сталіцы нашай вобласці, каб Езус Хрыстус прысутны сярод тых, хто ў яго верыць, прысутны ў знаках хлеба і віна мог блаславіць горад і дыяцэзію, але таксама і тых, хто чакае, шукае і патрабуе Яго міласэрнасці, любові і прабачэння».

“Калісьці за Езусам ішлі натоўпы, бо бачылі знакі, якія рабіў і тым самым абуджаў веру ў людскіх сэрцах. Сёння Езус, дзякуючы нашай веры, выходзіць на вуліцу, каб быць сярод тых, хто Яго яшчэ не ведае, хто загубіўся ці проста абыякавы да духоўных рэчаў, ці нават варожа да іх настаўлены. Дзякуючы нашай веры, Езус сёння сярод жыхароў нашых гарадоў і вёсак, хоць і далёка не ўсе гэта ўспрымаюць і разумеюць. Для шматлікіх мінакоў наша працэсія будзе проста прыгожым дзействам, але, дзякуючы ёй, Езус дакранецца да іх сэрцаў, блаславіць і пралье на іх рэкі Сваёй ласкі,” – падкрэсліў у гаміліі іерарх.

Біскуп Алег таксама нагадаў пра свядомасць удзелу ў св. Імшы: “Гэты горад атрымае сёння веру і шматлікія ласкі, дзякуючы вам, якія пойдзеце разам з Езусам. І так ёсць заўсёды, калі толькі свядома ўдзельнічаем у Эўхарыстыі. Прымаючы Хрыста ў сваё сэрца, мы нясём Яго да людзей, становімся манстранцыяй, з якой Езус бласлаўляе тых, каго сустракаем. Аб гэтым казаў калісьці і святы Папа Ян Павел ІІ, распачынаючы год прысвечаны Эўхарыстыі: “Адкрывайце наноў дар Эўхарыстыі, як святло і моц для вашага штодзённага жыцця ў свеце, у выкананні вашых абавязкаў і ў розных сітуацыях”. Варта пра гэта памятаць”.

Напрыканцы Імшы біскуп Алег асабліва адзначыў прысутнасць першакамунійных дзяцей і павіншаваў з вялікай і значнай падзеяй у іх жыцці і пажадаў, каб Езус прыняты аднойчы ў сэрца ўжо назаўсёды застаўся там, як у сваім найбольш утульным доме.

Словы віншавання і падзякі за паслугу 20-годдзя святарства былі скіраваны айцу Міхалу Ермашкевічу, які 30 мая абыходзіў юбілейную гадавіну святарскага пасвячэння.

Людская плынь стварала незвычайную прыгажосць і паказвала веліч веры. Працэсія пад акампанемент музычных духавых інструментаў і спеву хора, забяспечаная бяспекай машынамі і матацыклам ДАІ, прыцягвала ўвагу віцябчан. Некаторыя спыняліся, назіраючы і здымаючы ўсё на тэлефон. Адна жанчына спыніла мяне і спытала, што за свята. Атрымаўшы адказ, яна прыемна здзівілася прысутнасцю дзетак “у белым”, прыгажосцю працэсіі, колькасцю людзей і прамовіла, што хацела пайсці б далей разам, але чакалі свае справы, куды жанчына і паспяшыла.

Падчас шэсця вернікі зрабілі чатыры прыпынкі каля алтароў – першы і апошні размяшчаліся каля храмаў, а другі і трэці сярод шматпавярховікаў. У гэтым годзе алтары адмыслова падрыхтавалі вернікі Віцебскай парафіі Святой Барбары і Грэка-каталіцкай царквы.

Вялікі фотарэпартаж можна паглядзець тут>>
Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку