Будоўлю святыняў у старадаўнім беларускім мястэчку інспіравалі і фундавалі яго ўладальнікі, найперш – знакаміты Язэп Корсак у першай палове XVII ст, паведамляе «Белсат«.
Менавіта гэты магнат ажывіў будоўлю цэркваў ды касцёлаў у Глыбокім праз багатыя зямельныя дараванні ўніяцкім манахам-базылянам і каталіцкім босым кармелітам. Таксама заклаў першы парафіяльны касцёл Cвятой Тройцы, які ў XVIII ст. зрабіўся мураваным. Сёння гэты выдатны помнік віленскага барока – галоўная архітэктурная дамінанта гораду.
