Пра сучасных хрысціян разважала моладзь у Полацку

10 лістапада маладыя людзі з Віцебскай дыяцэзіі прыехалі на моладзевую сустрэчу ў Полацк, якая праходзіла ў касцёле святога Андрэя Баболі. Тэма сустрэчы гучала так: «Сучасны хрысціянін».

Вядома ж, у самым пачатку развіцця падзей, была рэгістрацыя, а пасля яе ўсё былі запрошаныя на канферэнцыю, якую праводзіў айцец Андрэй Юхневіч з Шуміліна. Святар закрануў праблему пакутніцтва ў 21 стагоддзі, а таксама пытанне аб тым, якім жа павінен быць хрысціянін сёння.

Пасля канферэнцыі была адарацыя Найсвяцейшага Сакраманта. Гэта быў цудоўны час, бо ўся моладзь знаходзілася ў малітве, а ў касцёле адчувалася прысутнасць Духа Святога.

Па заканчэнні адарацыі, моладзь паспяшалася на смачную вячэру. Калі ўсе падсілкаваліся, надышоў час прадстаўлення парафій, падчас якога госці паказалі вельмі моцныя сцэнкі, заспявалі і нават паказалі відэа пра сваё жыццё. Затым адбылася праца ў групах, дзе абмяркоўвалі немалаважныя пытанні, якія тычацца прадстаўленай тэмы. Закончылі спатканне запальнымі танцамі.

Гэтая сустрэча была сапраўды добрай і духоўнай, і спадабалася многім маладым людзям, за што мы ўдзячныя Богу.

Арганізатары выказваюць падзяку ўсім святарам, законным сёстрам і, вядома ж, самой моладзі, якія змаглі прыехаць, каб сабрацца і правесці час разам. Спадзяемся на хуткае спатканне зноў!

Аня Быхавец, тэкст
Ульяна Пяленак, фота

для друку для друку