Пра смяротную хваробу, стаўленне да цярпенняў і «каталіцызм на кукішках». Размова з кс. Янам Качкоўскім

svjatar«Мяне ўжо даўно не павінна быць. Я жыву насуперак і ў крэдыт». Размова з кс. Янам Качкоўскім, дырэктарам хоспіса св. Айца Піо (Пуцк, Польшча), біяэтыкам, які змагаецца з пухлінай мозгу, героем кнігі «Жыццё на поўную катушку» — пра хваробы і цярпенні, абвінавачванні Бога ва ўсім, генеральную рэпетыцыю памірання і плюшавы каталіцызм.

— Ойча, Вы часта даеце інтэрв’ю, у якіх расказваеце пра сваё смяротнае захворванне. Вы нават самі сябе называеце «онкасвятаром». Ці гэта азначае, што Вы шчаслівыя ў сваёй хваробе (або паміма яе)?

— Я б пазбягаў такіх абагульненняў. У рэшце рэшт, ніхто з нас, напэўна, не бывае цалкам, аж да краёў шчаслівы, ці то з хваробай, ці без яе. Калі б якога чалавека спытаць аб працэнце шчасця, якое ён адчувае, то яго адказ напэўна залежаў бы ад дня, надвор’я, настрою і вялікай колькасці іншых фактараў; аднак гэта наўрад ці было 100%, таму што нам заўсёды чагосьці ў гэтай паўнаце шчасця не хапае. Я кажу, што шчаслівы, каб паказаць, што хвароба не павінна стаць канцом усяго, нават больш — шмат што можа распачаць.

— Вы сур’ёзна?

— Цалкам. І кажу гэта не для какецтва, гэта было б падманам. Гэта няпраўда, што я шчаслівы, таму што хворы. Я шчаслівы – а нават інакш, я імкнуся быць шчаслівым — нягледзячы на рак. Хвароба не мае права адабраць у нас шчасце, таму што калі так адбудзецца, то яна атрымае двайную перамогу. Адбярэ не толькі здароўе, але і годнасць. Гэтага нельга дапусціць.

— Як быць шчаслівым, калі я ведаю, што ад маёй хваробы няма лекаў, а такім чынам, жыць засталося няшмат? Вы маеце рэцэпт на тое, як не паддацца?

— Перш за ўсё трэба набраць вялікай дыстанцыі да самога сябе, хваробы, спраў, сваіх слабасцяў. Мяне, напэўна, усё жыццё вучылі трымаць гэтую дыстанцыю, я з нараджэння слаба бачу. Гэтага я не мог змяніць ніякім спосабам. Цяпер падобная сітуацыя: я адчуваю пэўны дыскамфорт у сувязі з хваробай, але што зменіцца, калі я яе не прымаю або пачну тупаць нагамі і паўтараць, што не жадаю быць хворым і няшчасным? Наступная рэч — гэта працягваць рабіць сваю справу. Нягледзячы на ўсё — і ў пэўным сэнсе любой цаной.

— Вы ніколі не пыталі «чаму я»? Чаму столькі захворванняў адразу? У рэшце рэшт, можна ж было надзяліць імі іншых людзей, гэта было б больш справядліва …

— З адукацыі я біяэтык і выдатна ведаю, што хваробы гэта эфект біялогіі, а не сляпогу лёсу ці капрыза Бога. Некаторыя людзі нараджаюцца слабымі, таму хваробы да іх чапляюцца часцей (як, напрыклад, я), а іншыя — больш моцныя і дажываюць да доўгіх гадоў. Такое ў свеце становішча спраў, або, мудрэй кажучы, — так званы чалавечы фактар. — Веруючыя людзі часам пытаюцца: Госпадзе Божа, ну чаму я? Для чаго дазваляеш, каб я так цярпеў? У рэшце рэшт, Ты ўсемагутны!

— Вінаваціць ва ўсім Бога — гэта сумна. Больш за тое, гэта страшна спрошчанае тлумачэнне рэчаіснасці. Калі мы не можам кагосьці абвінаваціць непасрэдна, то лягчэй за ўсё абвінаваціць Госпада Бога — што ў мяне з любоўю не склалася, што бізнэс не атрымаўся, што хвароба на мяне ўпала ці я ўпаў пад аўтамабіль. Бог, як я Яго ведаю, гэта не прымітыўны дзед, Ён не спасылае на нас хваробаў і няшчасцяў.

— Але многія Яго менавіта так і бачаць.

— Толькі вось гэта вельмі прымітыўнае бачанне Бога, як сівабародага дзядулі, які сядзіць на воблаку і кажа: «Твая морда мне не падабаецца, у цябе будзе рак, і яшчэ ты пападзеш пад цягнік, такі ты мне агідны». Трэба, нягледзячы на ўсё, прыняць, як матэматычную аксіёму, што сапраўдны Бог хрысціяна — гэта Бог, які максімальна блізкі. Калі мы здаровыя, прыгожыя і багатыя, дык Ён каля нас і бласлаўляе нас. А калі мы бедныя, хворыя і слабыя, то Ён тым больш каля нас. Ён заўсёды нязменны, гэта мы бываем зменнымі. Калі ў нас усё атрымліваецца, то мы нічым не турбуемся і поспехі прыпісваем выключна сабе. А як справы ідуць дрэнна, то як жа гэта прыпісаць сабе, свайму спосабу жыцця, памылкам ў бізнэсе? На Бога зваліць лягчэй!

-Таксама лягчэй падумаць, што калі Бог можа ўсё, то мог бы і дапамагчы, учыніць цуд. Чалавек шмат гадоў моліцца, аб нечым просіць — і нуль … У рэшце рэшт, можна падумаць, што Бог не чуе.

— Бог усё можа, але не павінен. Мы таксама. Мы маем свабодную волю і сумленне, гэта значыць святло. Евангелле для нас таксама з’яўляецца такім святлом, якое паказвае шлях. Бог стварыў нас свабоднымі, таму што Ён сам свабодны. Тупаць на Яго нагамі, каб зрабіў цуд, гэта набліжацца да магіі і шантажу: «Зрабі цуд, альбо я на Цябе пакрыўджуся!» Можам павялічваць сваю рэлігійнасць, хадзіць у чарговыя пілігрымкі, не ўставаць з каленяў і сябе бічаваць, але гэта зусім не павялічыць набожнасці, бо рэлігійнасць і набожнасць — гэта дзве розныя рэчы. Рэлігійнасць бывае дзівацкай, а набожнасць, як гаворыць сама назва, гэта блізкасць з Богам. Відавочна, першая можа, але не абавязкова, дапамагаць іншай. Гасподзь Бог — не маг. Калі ў Гасподняй малітве мы кажам «Будзь воля Твая», то робім гэта свядома. Яго воля дзеецца не толькі тады, калі нам добра, але і калі нам дрэнна. Аднак, ведаем што Яго воляй з’яўляецца нашае дабро: як па гэты, так і па іншы бок жыцця.

— Па гэтым баку часам магло б быць і лягчэй …

-Сутнасць жыцця хрысціяніна — не шчасце тут, а ў вечнасці. Самае цудоўнае ў быцці хрысціянінам — тое, што мы, аднойчы пачаўшы існаваць на зямлі, будзем існаваць вечна. Ніколі не знікнем. Таму я заклікаю, каб нашае хрысціянства (і святарства таксама) не было «плюшавым», гэта значыць не зводзілася да паляпшэння свайго настрою. Мы павінны шчодра з сябе даваць на ўсіх палях — ні цяжкая хвароба, ні бяда або цярпенні не даюць спецыяльных прывілеяў і не вызваляюць ад адказнасці. Тое, што я хварэю, не азначае, што я павінен быць хамскім у адносінах з людзьмі, або пакінуць святарства і «заняцца» хварэннем. Не аднойчы меў уражанне, што святары пераказваюць «плюшавае Евангелле» і вучаць «плюшаваму», несур’ёзнаму перажыванню веры.

— Як гэта выглядае?

— Нашы пропаведзі нярэдка бываюць для таго, каб палепшыць людзям настрой (гэта такі трэнд з Захаду, так важна, каб у касцеле было поўна людзей). Мы павінны добра сябе адчуваць, і не думаем аб адказнасці за свой жыццёвы выбар, за тое, што робім. З усіх сіл стараемся самі сябе апраўдаць і разграшыць, спасылаючыся на сваю слабасць. Увогуле — так, мы слабыя; але гэта не звальняе нас ад адказнасці. Для мяне ключавой праявай плюшавага хрысціянства — гэта, як кажа мой тата, «каталіцызм на кукішках».

— Што гэта значыць?…

— На святой Імшы мы не можам «ахвяраваць» штанамі, каб па сапраўднаму стаць на калені. Таму прысядаем на кукішкі. Проста прысядаем, таму што не праймаемся рэальнай прысутнасцю Езуса Хрыста ў Эўхарыстыі. Яна для нас нябачная, а праз святароў часта непадкрэсліваемая. Гэта такое чалавечае. Прысяду, каб не выдзяляцца з натоўпу, але на калені не стану, таму што штаны / калготкі / спадніца — важнейшыя. І так падыходзім да ўсіх нашых жыццёвых выбараў. Мы прынялі Найсвяцейшы Сакрамэнт (спадзяюся, што годна!), Выходзім з касцёла — і … застаемся дакладна такімі ж, як перад прыходам туды. Нас гэта наогул не мяняе. Для яснасці: я накіроўваю гэты папрок таксама і сабе.

— Ці не мае айцец уражання, што гэтак жа плюшава, з нейкай штучнай узнёсласцю, у Касцёле гаворыцца пра перажыванне хваробаў і цярпенняў? Як быццам гэта мае зрабіць больш высакародным? … Калі спытаць кагосьці сур’ёзна хворага, то ён напэўна не расказаў бы пра «высакародства» пры шэрым канцы жыцця.

— Больш за ўсё мяне радавалі словы айца Цішнэра, які — ужо калі не мог гаварыць — напісаў: «Цалкам не далі высакароднасці». Фізічнае цярпенне, якое мае «паляпшаць», можна ўсунуць паміж набожныя казачкі. Гэта ад нас саміх залежыць, як нас зменіць цяжкае выпрабаванне. Цярпенне (але я кажу не аб фізічным болю, таму што для мяне ён мае мінімальную этычную каштоўнасць і яго трэба проста-напраста змяншаць) можа падняць на духоўныя вяршыні, але можа таксама зрабіць з нас людзей подлых, зайздросных і расчараваных. Я ведаў двух вельмі папулярных людзей, перакананых у сваёй велічы, якія цяжка захварэлі. Усе лічылі, што хвароба іх, гм, зробіць яшчэ больш шляхэтнымі. Нічога такога! Калі нехта ўсё жыццё не працаваў над сабой, не супрацоўнічаў з Божай ласкай, то нават калі б прыйшло цяжкае выпрабаванне, то яно яго да лепшага не зменіць. Мы можам з-за цяжкасцяў набрацца горычы і яшчэ больш страціць чалавечнасць. Ад нашай падрыхтоўкі будзе залежыць, як мы пройдзем праз выпрабаванне: з годнасцю ці без.

— Кажуць, што Гасподзь Бог не пасылае нам выпрабаванняў большых, чым мы можам знесці. Нават у такі момант нам здаецца, што гэта занадта цяжка.

— Адкажу такім вобразам. Моцна церпячы чалавек скардзіўся Богу, што занадта ў яго цяжкі крыж. Прасіў аб меншым. У сне, або ў духоўным бачанні трапіў у залу, дзе было поўна крыжоў — вялікіх, меншых, велізарных. Гасподзь яму кажа: «выбяры сабе любы». У кутку стаяў такі лёгкі, тонкі, і чалавек, вядома, пацягнуўся за ім. А Бог яму кажа: «Ну гэта як раз твой, той, што нясеш зараз. Хочаш змяніць?»

Мы часта блытаем дыскамфорт з цярпеннямі. Цярпенне для мяне мае хутчэй псіхалагічнае вымярэнне, чым фізічнае. Дыскамфорту можна пазбегнуць (напрыклад, фармакалагічна), цярпенняў — не заўсёды. Чаму мы так страшна баімся намаганняў? Можа, мне гэта казаць лягчэй, таму што я ўвесь час маю адносіны з людзьмі, якія пакутуюць больш, чым я, і ў мяне іншая перспектыва …

— Вакол Вас столькі цярпення і смерці, у хоспісе заўсёды хтосьці памірае. Гэта Вас не прыгнечвае?

— Пра гэта самае мяне запытай мой тата. Я адказаў — не, таму што гэта маё служэнне. Я яго сам выбраў, і пакуль ёсць сілы, буду старацца выконваць яго як мага лепш. Сёння ноччу памерла двое людзей, днём «рыхтуюцца» двое наступных. За суткі адыдуць чацвёра, але потым цэлых два тыдні смерць можа нікога не адолець. Для хворых смерць часта становіцца вызваленнем. Яны ўжо не будуць мучыцца, яны ўжо прымірыліся з Богам і блізкімі. Асабліва гэтыя два апошнія адыходы былі прыгожымі. Каля хворых стаялі родныя, нічога страшнага не адбывалася, усё было спакойна. Я б кожнаму жадаў такой «дасканалай», добрай смерці.

— Можа, менавіта дзякуючы штодзённым сустрэчам са смерцю Вы самі прымірыліся з хваробай і гатовыя да адыходу?

-Я асвоіўся са смерцю, а вось ці гатовы да яе? Не ведаю. Гэта я змагу пацвердзіць толькі тады, калі яна стане каля мяне. Я паняцця не маю, як буду паводзіць сябе.

grodnensis.by  са спасылкай на wp.pl

для друку для друку