Пра ўнутраны стрыжань, або лікбез пра пачаткі сталасці

Бывае, што дзіця плача, калі бацькі, напрыклад, забіраюць планшэт, бо трэба ісці спаць. Яно не можа распазнаць жэсту клопату, не разумее выхаваўчай неабходнасці гэтага кроку. Так і мы ў сваім паўсядзённым жыцці часам трымаемся за штосьці нявартае, як за апошнюю саломінку.

Калі Езус ступае па нашых бушуючых водах – неўпарадкаваных сяброўствах, неадэкватным адпачынку, неўтаймаванай агрэсіі, – мы крычым, як апосталы ў сваёй лодцы, убачыўшы “прывід” на моры. Выйсці са сваёй схемы, са свайго чаўна, як гэта ўчыніў Пётр – значыць паспрабаваць пашырыць свой погляд. Значыць зірнуць на сяброўства з перспектывы ўпарадкаванасці, на адпачынак – з перспектывы карыснасці, а на агрэсію – з перспектывы асертыўнасці.

Сталасць не набываецца аўтаматычна, да яе трэба ісці крок за крокам. Прычым узрост іграе далёка не першую ролю. Адгадуй сівую бараду – старцам не станеш. Тут дзейнічае іншы парадак – неабходна абдуманае рашэнне. Так Пётр свядома адважыўся змяніць “крык боязі перамен” у сталую радасць, калі пастанавіў адправіцца насустрач Настаўніку. Падобна і нам для выйсця з лодкі свайго эгацэнтрызму трэба на гэта рашыцца. Магчыма, пара гадзін разважання магла б стаць добрым пачаткам. А пасля – чвэрць гадзіны шчырасці штодня на вечаровым рахунку сумлення. І першы пункт у гэтых практыках (як медытацыі, так і рахунку сумлення) – паглядзець на парадак Езуса і на свой беспарадак, на Яго плённасць і сваю страту часу, на Яго ўнутраны стрыжань і сваю саломінку.

Словамі св. Паўла скажам: “Няхай вашы думкі будуць такімі, як у Хрысце Езусе” (Філ 2, 5). Для звычайнага эгацэнтрычнага ўзроўню сталасці характэрны ўнутраны яркі вобраз, схема, ідэал. Дык вось, неабходна замяніць свайго ўнутранага куміра на Езуса. І гэта самае важнае. Трэба фарміраваць свой маяк – вобраз Хрыста – і пазнаваць Яго, а не пакідаць такім, якім яго, прабачце, “зляпала” жыццё. Бо калі самастойна не дастасоўваць гэты вобраз да евангельскага, то гэта зробяць іншыя: фальшывыя прарокі, акружэнне, СМІ… Важна не быць марыянеткай, а фарміраваць свой унутраны свет, супрацоўнічаючы з Божым словам. Св. Іеранім адзначаў: “Калі не чытаеш Святога Пісання – не ведаеш Хрыста; не разважаеш, дастасоўваючы Яго жыццё да свайго – не ведаеш сябе”.

Чаму не чытаем Пісанне? Чаму цяжка медытаваць? Таму што гэта наш унутраны крык на Езуса – на прывід, які мы яшчэ не пазналі. Важна зрабіць высілак, каб перамагчы стомленасць і ўнутранае супраціўленне, якое з’яўляецца свайго роду перашкодай ласцы перамены, трансфармацыі.

У нас пануе два валадарствы: Езуса – княства гармоніі – і сатаны – княства супраціўлення, беспарадку. Якое з іх мы будзем больш у сваіх думках, практыках і дзеяннях “падкармліваць”, на якім будзем больш канцэнтравацца і сузіраць – тое валадарства і пераможа.

кс. Раман Суша, «Слова жыцця»

для друку для друку