Пра навяртанне

Сёння я прапаную паразважаць аб навяртанні. Мы часта чуем пра яго з касцёльнай амбоны, бо няспыннае навяртанне насамрэч з’яўляецца неад’емнаю, фундаментальнаю часткаю хрысціянскага жыцця. А як даведацца, ці іду я па шляху навяртання?

Незалежна ад таго, выраслі вы ў рэлігійнай сям’і ці прыйшлі да Бога самі, навяртанне пачынаецца з таго моманту, калі вы ўласным розумам усвядомілі, што над намі існуе Бог, і пажадалі наладзіць з Ім адносіны. Мы пачынаем шукаць спосабаў гэта зрабіць і часта імкнемся адразу кардынальна змяніць уласныя паводзіны і стаўленне да людзей. Мы як мага хутчэй хочам перамяніцца і аднойчы сутыкаемся з тым, што ўсё рассыпаецца, што нашыя малітвы «не спрацоўваюць»: Бог нам не адказвае, хоць мы ўсё, здавалася б, робім па правілах. Чаму так? Прыходзяць расчараванне і нават адчай…

Справа ў тым, што, распачынаючы свой шлях навяртання, мы часта робім вялікую памылку: накіроўваемся толькі наперад, так, як бачым для сябе гэты шлях, але не ідзем углыб свайго сэрца. Мы бяжым усё шпарчэй, фарсіруем уласнае духоўнае жыццё, як толькі можна, наведваючы ўсе набажэнствы, набываючы рэлігійную літаратуру тонамі. Мы так хочам змяніцца, што не можам паверыць, што нашае новае жыццё, нашае навяртанне і размова з Богам пачынаюцца не дзесьці далёка, а ўнутры нас саміх. Узгадайце, як найчасцей паводзяць сябе людзі, якія прыходзяць у касцёл упершыню? Яны пытаюцца, як правільна зайсці, як перажагнацца, як трэба прачытаць малітву. Гэта здаецца самым важным.

Па сутнасці, навяртаючыся, мы часта паводзім сябе гэтак жа: шукаем гатовых рашэнняў верыць у Бога «правільна». Але ў гэтым няма духоўнасці. Гэта не духоўнасць, а спорт… Устаць а шостай, усе малітвы прачытаць, на Імшу збегаць, там адстаяць усё, як трэба (і ногі ўмацуюцца, таксама карысна), дзе трэба пакланіцца і ўкленчыць… Але гэта больш падобна да марафону! Не дзіва, што не спрацоўвае. Узнікае апатыя, незадаволенасць, можа, нават злосць на Бога і на тых, у каго «ўсё атрымліваецца». Знаёмае адчуванне? Стоп, спыніцеся. Сядзьце і задумайцеся. Праца над сабою — гэта важна і патрэбна, але яна вядзе чалавека толькі да дасканаласці, дбайнасці, перфекцыянізму, аднак не вядзе да святасці. Духоўнае жыццё і праца над сабою — гэта розныя рэчы, а навяртанне найперш датычыць менавіта духоўнага жыцця.

Аднойчы на рэкалекцыях, калі я была яшчэ ў навіцыяце, пажылы ксёндз сказаў нам, маладым законніцам: «Вы павінны быць чыстыя, як прамень святла, а не як белая сцяна. Што ні кінь у сцяну, яна адразу стане бруднаю, а прамень святла ніяк не зменіцца: што праз яго ні прапускай, святло будзе святлом. У гэтым павінна заключацца вашае духоўнае жыццё». Мы працуем над сабою, змяняючы свае паводзіны, а духоўнае жыццё трэба пачынаць з перабудовы сэрца. Разам з Богам мы павінны ўгледзецца ў сваё сэрца, убачыць яго такім, як бачыць яго Бог. Не адкладайце гэтую справу! Зразумеўшы ўласную слабасць, бездапаможнасць, духоўнае ўбоства, запрасіце Бога ў сваё сэрца.

Езус — гэта асаблівы Госць: перад тым як запрасіць Яго, не трэба распіхваць па вуглах тое, што гасцям зазвычай не паказваюць, і хаваць на антрэсолі або ў кладоўку ўсё бруднае, старое, заляжалае. Пакуль мы запрашаем Езуса з «афіцыйным візітам», у нашым жыцці не зменіцца нічога. Трэба, каб Ён стаў сваім Госцем, тым, каму не сорамна паказаць увесь хлам, які назбіраўся ў нашым сэрцы, і папрасіць аб дапамозе, спытаць Яго: «Скажы, Езу, з чаго мне пачаць?». Нашмат лепш прыбірацца з Ім разам. Разумееце, што я маю на ўвазе? Адных нашых высілкаў, адной працы над сабою мала — толькі калі мы папросім Бога пасупрацоўнічаць, пакіраваць намі, пачынаецца духоўнае жыццё.

Наступны крок — зразумець, што мы створаны паводле вобразу і падабенства Божага. Магчыма, гэты вобраз ўва мне закінуты ў дальні вугал шафы, завалены нейкім рыззём, але ён ёсць, і неабходна яго знайсці. Трэба прыбраць усё, што не дае яму выйсці вонкі: нагрувашчванні страху, адзіноты, прыкідвання, эгаізму, болю. Там, за імі, ёсць нашае сапраўднае «я», сапраўдны чалавек: можа, пабіты, можа, вельмі адзінокі і бездапаможны, можа, яму страшна і балюча, але ён там жывы, і неабходна дазволіць яму выйсці і гаварыць з Богам — не таму «я», якое мы, магчыма, самі сабе выдумалі, а «я» сапраўднаму. Калі гэтае «я» будзе прамаўляць да Бога, то Бог абавязкова адкажа.

Каб знайсці сваё сапраўднае «я», трэба разабрацца з грахамі, якія закрываюць яго ад Бога, убачыць іх крыніцу. Самастойна гэта таксама немагчыма, але цуд, які здзяйсняе Езус у нашым духоўным жыцці, — гэта праўда, якую Ён дае нам убачыць. Калі мы ідзем да праўды, то нават калі здаецца, што выйсця няма, Езус адчыняе нам дзверы. Яшчэ раз паўтару: мэта духоўнага жыцця не ў тым, каб адразу прыйсці да дасканаласці. Трэба ўсвядоміць сваім сапраўдным «я», створаным па Божым вобразе, наколькі Бог любіць нас. Ён любіць нас так моцна, што ўзяў увесь наш цяжар на сябе, аддаў за нас жыццё. Гэта не ў чалавечых сілах, ніводзін з нас не можа ўсё ўзяць на сябе і так памерці за іншага, каб выцягнуць яго з пекла. Гэта можа толькі Бог. Калі такім чынам паглядзець на Укрыжаванага Хрыста, гэтак убачыць Яго вялікую любоў, можна пазбавіцца і ад залежнасцяў, і ад сузалежнасцяў і выйсці на шлях духоўнага ўзрастання, на шлях вызвалення. Тады мы зможам перажыць гэтую любоў разам з Богам.

Адна праца над сабою, без духоўнага жыцця, наадварот, часта вядзе да залежнасцяў і сузалежнасцяў, бо не дае стаць сабою, не дапускае недасканаласцяў, выклікае нецярплівасць і пыху. Да таго ж, не дазваляючы сабе недасканаласцяў, мы не дазваляем іх і іншым. Ведаеце, як праверыць, падобныя вы да белай сцяны ці да промня святла? Спытайцеся ў сябе, ці даеце вы жыць іншым людзям, ці дазваляеце ім быць сабою? Ці даеце ім зрабіць свабодны выбар або ва ўсім кантралюеце іх? Можа, імкнецеся перарабіць усіх па ўласным разуменні? Як вы паводзіце сябе, калі нешта выходзіць з-пад кантролю? Ці асуджаеце вы іншых людзей?

Мне ўзгадваецца евангельская сцэна сустрэчы Пятра з Хрыстом, калі Хрыстус пытаецца ў Пятра, ці любіць ён Яго. У нашых сучасных мовах не заўважная розніца, але на мове арыгінала сцэна выглядае так: у першы раз Езус пытаецца: «Пётр, ці любіш ты Мяне больш за ўсё ў свеце?»; а Пётр кажа: «Я проста люблю Цябе», у другі раз Езус пытаецца: «Ці любіш ты Мяне больш за ўсіх, хто тут ёсць?», а той зноў кажа: «Я проста люблю Цябе», і толькі ў трэці раз Езус пытаецца: «Ты любіш Мяне проста так?», і Пётр кажа: «Так, я проста люблю Цябе». І пасля памірае за Хрыста, таксама ўкрыжаваным. Гэта выбар яго простай, свабоднай любові.

Гісторыі жыцця Пятра і Юды Іскарыёта — гэта шляхі духоўнага жыцця і чыстай працы над сабою. І адзін, і другі зламаліся, і адзін, і другі здрадзілі. Юда жадаў, каб усё было правільна, і не змог зразумець Хрыстовай праўды. Дасканаласць, да якой мы прыходзім шляхам працы над сабою, можна заўсёды прынізіць грахом. Святасць прынізіць нельга, бо яна пакорная. Таму праца над сабою магчымая толькі падчас духоўнага жыцця, у шчырых адносінах з Богам, у прасторы любові. Вось правільная паслядоўнасць гэтай працы:

  • Бог дзейнічае, а я паддаюся Яго дзеянню;
  • Бог гаворыць, а я слухаю; — Бог дае, а я прымаю;
  • Бог любіць, а я дазваляю сябе любіць.

Гэта і ёсць навяртанне.

Падрыхтавала Юлія Шэдзько
Паводле матэрыялаў рэкалекцый сястры Паўлы Бобер MSF

ave-maria.by

для друку для друку