Пра малітву, унутраную свабоду і вобраз Бога

“Чалавек пакліканы да свабоды” – словы з прамовы папы Яна Паўла II падчас яго візіту ў Германію ў 1996 годзе. Калі духоўна сябе занядбаць, па дарозе ўлезці ў парачку залежнасцей, можна перастаць адчуваць унутраную свабоду. Вялікі пост нагадвае чалавеку пра яго вольную волю, прапануе магчымасць вярнуць сабе свядомасць свабоды, адчуць сябе свабодным.

Справа ў нашай галаве

Як здабыць пачуццё свабоды, калі малітва – гэта прымус? Таксама і міласціна, а пост – тым больш? Паўсюль слова “трэба”: трэба маліцца, трэба даваць мілаcціну, трэба посціць. Справа ў перспектыве, з якой глядзiм на гэтыя тры элементы. Прымус, няволя цi свабода – усё ў нашай галаве. Калі малітва, міласціна і пост асацыіруюцца перш за ўсё з прымушэннем да чагосьцi, з тым самым “трэба”, то гэта выключна наша бачанне i разуменне (і часткова спадчына ад тых, кім былі навучаны). Аднак нават абмежаванні могуць быць звязаны са свабодай. Самаабмежаванне – гэта выбар. Толькі свабодны ўнутрана чалавек у стане рабіць свядомы выбар, напрыклад, адмовіць сабе ў чымсьці. Хто не залежыць ад тытуню, можа не паліць, калі нарвуецца; хто не залежыць ад алкаголю, можа не піць, святкуючы штосьці. Унутрана свабодны чалавек упэўнены ў сабе і не пускае плётак.

Любая форма посту абнажае ўзровень унутранай свабоды асобы. Гэта адмова не для самой адмовы, а каб звярнуць увагу на нешта больш глыбокае, нематэрыяльнае ў сабе і ў свеце.

Свабода і малітва

Унутраная свабода альбо яе адсутнасць праяўляюцца і ў малітве. Напрыклад, свабода ад крыўды на Бога, свабода ад страху перад Яго “пакараннем”, Яго воляй ці, дакладней, перад тым, якой мы гэтую волю сабе ўяўляем.

Малітва – гэта не ўпрошванне Усемагутнага, каб толькі не гневаўся, каб толькі прабачыў. Імя Бога – Міласэрнасць. Ён даруе нам экстэрнам, не робячы ласку.Больш за тое, Бог не крыўдзіцца, не абражаецца. Ён нас стварыў і знаходзіцца на нашым баку. Я лічу, малітва, у якой просім у Пана прабачэння, – гэта больш выраз патрэбы ўласнага сэрца, патрэбы быць зразумелым і разумець. Малітва – не прыніжэнне сябе. Гэта часам размова, часам аповед. Аповед, у якім я расказваю камусьці, каму давяраю (быццам маме, тату, бабулі, брату, сястры, сябру, сяброўцы, псіхолагу) аб тым, што турбуе, што перашкаджае ў жыцці. Расказваю аб сваіх няўпэўненасцях: чагосьці не ведаю, не разумею сябе і свет, не ўсведамляю, чаго хачу дасягнуць у жыцці.

Малітвай можа быць размова аб тым, што адбылося на працягу дня ці што, наадварот, нічога не адбылося; аб тым, што не стае грошай на ежу, абутак ці адзенне, што не ведаю, ці люблю свайго мужа або жонку, што не спраўляюся з абавязкамі мамы ці таты. Малітвай парой з’яўляецца шчыры выраз недаўмення ці прэтэнзіі: “Я не разумею Цябе, Божа!”, “Я не адчуваю, каб Ты разумеў маё жыццё і каб дапамагаў”. Гэта таксама падзяка, просьба, маўчанне…

Вобраз Бога і малітва

Малітва неразрыўна звязана з вобразам Бога, з тым, якім Яго сабе ўяўляем. Гэта, між іншым, абумоўлівае і цяжкасці, якія маем у даверы да Бога і ў малітве. Як малюся, такі і выбудоўваю стасунак да Створцы. Якія адносіны маю з Ім, так і малюся. Як замкнёнае кола. Важна ўсведамляць, што за вобраз Бога носім у галаве і ў сэрцы.

Стасунак Бога да чалавека – нязменны. Ва ўраўненні з невядомай “X”-ом з’яўляецца наш вобраз Усемагутнага і адносіны да Яго. Магчыма, я бачу Бога як кагосьці абыякавага, далёкага ад маіх – і ўвогуле “зямных” – праблем: “Яму ўсё роўна”? Або баюся Яго намераў адносна мяне, майго жыцця? Калі чую “Божая воля”, то ці не апранаю сябе ў хабіт і не перамяшчаю ў кляштар? Альбо ці не адчуваю прымусу да выканання таго, чаго б мне не вельмі хацелася? Прымаючы як данасць Божую любоў да сябе, варта правесці аналогію з любоўю да самага блізкага чалавека: нашай – да яго, і наадварот. Успомніць ці ўявіць той момант, калі адчулі, што нас разумеюць, што нас прымаюць такімі, якія ёсць, не крытыкуючы і не праганяючы, а падбадзёрваючы і матывуючы да развіцця. Рознiца заключаецца ў тым, што стасунак чалавека да нас можам адчуваць псіхафізічна. Бога ж непасрэдна мы не бачым, не чуем, не адчуваем Яго паху і не можам дакрануцца. Мозг атрымлівае сігнал не ад органаў пачуццяў, але ад нашай душы. Вобраз любячага Айца мы здольны прыняць на веру і адчуць толькі дзякуючы Яго ласцы.

Малітва – асабістая, св. Імша, адарацыя – можа змяняць наш погляд на Пана, на сябе, на жыццё. Змяняць так, каб заўважылі прысутнасць Усемагутнага ў сваёй паўсядзённасцi, прысутнасць Бога, блізкага нашым праблемам, большым i меншым. Варта тут таксама ўзгадаць і пра ўнутраную працу, працу, якой з’яўляецца шчыры пошук адказаў на непакоячыя пытанні. Пошук праз думкі, размовы, кнiгi, артыкулы, рэкалекцыі…

Духоўнае жыццё – гэта нястомная малітва і ўнутраная праца. Нездарма св. Бенедыкт яшчэ ў VI стагоддзі сфармуляваў прынцып “ora et labora” – “малiся i працуй”. Разам два гэтыя пункты з’яўляюцца рацэптам на перажыванне не толькi Вялікага посту, але i кожнага дня нашага жыцця.

Кацярына Паўлоўская, Слова Жыцця

для друку для друку