Пра крызіс пакліканняў, педафілію і мігрантаў: Святы Айцец даў інтэрв’ю французскаму выданню

papa_frКрызіс пакліканняў, пытанні звязаныя з педафіліяй і адносіны з лефебрыстамі – гэта некаторыя тэмы, якія былі закрануты ў інтэрв’ю Папы Францішка французскаму каталіцкаму выданню “La Croix”. “Хоць Францыя і з’яўляецца першароднай дачкой Касцёла”, сёння яна стала “перыяферыяй, якая патрабуе евангелізацыі”, — падкрэсліў Папа.

Пантыфік прызнаўся, што атрымаў ад дзяржаўных і касцёльных уладаў запрашэнне наведаць краіну, але хутчэй за ўсё падарожжа не ўдасца рэалізаваць у 2017 г., паколькі тут будуць праходзіць прэзідэнцкія выбары. Калі яно адбудзецца, Папа жадае наведаць Марсель – горад, у якім яшчэ не быў ніводзін Пантыфік.

Гаворачы пра евангелізацыю ў кантэксце крызісу пакліканняў, Францішак падкрэсліў, што для яе “не абавязкова патрэбныя святары”. Евангелізаваць могуць усе вернікі ў сілу свайго хросту і атрыманых падчас яго ласкаў Святога Духа. У чарговы раз Пантыфік раскрытыкаваў клерыкалізм, які назваў небяспекай для Касцёла.

На працягу апошніх месяцаў у Францыі шырока абмяркоўваецца тэма педафіліі сярод духавенства. У сувязі з гэтым Францішак, следуючы прыкладу Бэнэдыкта XVI, назваў сябе прыхільнікам прынцыпу “нулявой талерантнасці” да святароў, якія здзяйсняюць падобныя злачынствы. У той жа час, ён заклікаў дачакацца вынікаў расследавання некаторых выпадкаў і не рабіць паспешных высноў.

“Мы ідзём наперад павольна і з асцярожнасцю”, — сказаў Папа, каментуючы адносіны са святарскім Брацтвам св. Пія Х. Лефебрыстаў ён назваў “католікамі, якія знаходзяцца на шляху да поўнай еднасці” і падкрэсліў, што іх прадстаяцель, біскуп Бернар Фэле, з’яўляецца “чалавекам, з якім можна дыскутаваць”.

Гаворачы пра праблему міграцыі, Францішак пагадзіўся, што “нельга расчыняць дзверы ірацыянальным чынам”, але ў той жа час заклікаў памятаць пра фундаментальнае пытанне: чаму мільёны людзей вымушаны пакідаць свае родныя краіны?

Святы Айцец лічыць важнай інтэграцыю мігрантаў і недапушчэнне стварэння адмысловых “гета” для іх. “Мірнае суіснаванне паміж хрысціянамі і мусульманамі магчыма”, — сказаў ён. Ідэю “заваявання”, прысутную ў ісламе, Папа прапанаваў разглядаць адпаведна закліку Езуса: “Ідзіце і навучайце ўсе народы” (Мц 28,19).

Пантыфік крытычна выказаўся пра “перабольшванні з лаіцызмам” у Францыі, які разглядае рэлігіі ў якасці субкультур, а не паўнапраўных культур з адпаведнымі ім правамі. Папа пажадаў краіне зрабіць крок наперад у гэтым пытанні, каб прыняць той факт, што “адкрытасць на трансцэндэнтнасць з’яўляецца правам усіх”.

Ватыканскае радыё

для друку для друку