Пра крэатыўнасць у касцёле і сапраўднае сяброўства распавёў Святы Айцец журналістам з радыёстанцый

papaСвяты Айцец даў інтэрв’ю двум радыёстанцыям: аргентынскай “FM Milenium” і партугальскай “Rádio Renascença”. Як паведамляе Ватыканскае радыё, у першым ён засяродзіўся на тэмах сяброўства, сустрэчы, дыялогу і клопату аб стварэнні, а ў другім – прымеркаваным да візіту біскупаў з Партугаліі ў Ватыкан – на праблемах моладзі і катэхізацыі.

Гаворачы са сваім даўнім сябрам, аргентынскім радыёжурналістам-пратэстантам Марсэлам Фігуэра, Папа заўважыў, што “сябар, гэта не проста знаёмы, з якім прыемна паразмаўляць”, але той, хто суправаджае па жыцці. Добрага сябра можна не бачыць некалькі гадоў, але заўсёды адчуваеш, што апошняя сустрэча была “нібыта ўчора”, падзяліўся сваімі думкамі Святы Айцец. Паводле Папы, перад абліччам “культуры варожасці”, вызнаўцам розных рэлігій, трэба будаваць “культуру сустрэчы” і братэрства.

У размове з партугальскай “Rádio Renascença” была закранута тэма рэлігійнага выхавання моладзі. У гэтым кантэксце Пантыфік адзначыў, што “катэхеза не павінна быць выключна тэарытычнай”. Катэхеза – гэта навучанне для жыцця, таму ў ёй павінны выкарыстоўвацца тры мовы: розуму, сэрца і рук, каб моладзь была знаёма з верай, адчувала яе ў сэрцы і была здольнай жыць ёй на практыцы.

Сітуацыю з мігрантамі ў Еўропе, Папа назваў толькі “вяршыняй айсбергу”, бо неабходна вырашаць прычыны гэтага феномену. “Там, дзе прычына ў голадзе, трэба ствараць фонды працы, інвеставаць. Там, дзе прычына ў вайне – шукаць міру і працаваць для яго. Сёння свет вядзе вайну супраць самога сябе”, — сказаў Папа. Францішак нагадаў, што сам паходзіць з эмігранцкай сям’і, якая прыбыла ў Аргентыну – краіну, што не паддалася ксенафобіі і была адкрытай на чужынцаў.

Каментуючы сітуацыю з нізкай нараджальнасцю ў Еўропе Святы Айцец назваў яе прычынай “культуру дабрабыту”. Ён пажадаў, каб кантынент перастаў быць “Еўропай-Бабуляй”, а зноў стаў “Еўропай-Маці”, якая грае лідэрскую ролю ў свеце і клапоціцца пра моладзь, асабліва беспрацоўную.

Францішак прапанаваў, каб манаскія супольнасці і свецкія выхаваўцы стваралі “маленькія курсы” для юнакоў і дзяўчат, якія б дапамагалі атрымліваць прафесійныя навыкі і знаходзіць працу. Ён паставіў у прыклад асобу св. Яна Боска і яго адукацыйны метад. На думку Пантыфіка, Касцёл павінен быць крэатыўным, умець ісці насустрач людзям і рызыкаваць. Ён нагадаў, што аддае перавагу Касцёлу, які “патрапіў у здарэнне”, таму што выйшаў на вуліцу, перад тым, які нікуды не выходзіць.

для друку для друку