Пра кітайскі каляндар, або Што рабіць з Рыжым сабакам

Па кітайскім календары 2018-ы — год Рыжага cабакі. Католікі з тонка настроенай адчувальнасцю на нехрысціянскія праявы выступаюць у Крыжовы паход. Маўляў, для нас, хрысціянаў, такая сімволіка непрымальная, таму нельга вешаць календары з выявай сабакі, нельга віншаваць з Годам Сабакі, нельга… Логіка зразумелая, маюць рацыю — не паспрачаешся.

Разам з тым варта ўзгадаць, што хрысціянству заўсёды была ўласціва здольнасць да інкультурацыі. Хрысціянства не адкідала культур розных народаў, але пранізвала іх сваёю сутнасцю. Магчыма, гэта адна з прычынаў, няхай сабе другасных, чаму хрысціянства не стала нацыянальнай рэлігіяй аднаго народа.

Ёсць нямала прыкладаў, як хрысціянства замест таго, каб выкараняць пэўныя язычніцкія традыцыі, «прысвойвала» іх, надаючы ім новы сэнс. Возьмем, каб далёка не хадзіць, традыцыю ўпрыгожваць навагоднюю ёлку. Традыцыя мае язычніцкія карані, некалі людзі так ушаноўвалі духаў лесу. Сёння гэты звычай не мае нічога супольнага з язычніцтвам. Мы ўпрыгожваем ёлку на Божае Нараджэнне і бачым у вечназялёным дрэве сімвал жыцця, бо Збаўца нараджаецца і дае нам надзею на жыццё вечнае.

Дык чаму ж падобным чынам нам не паспрабаваць «ахрысціяніць» язычніцкі ўсходні каляндар? І не важна — будзе гэта інкультурацыя ці асіміліраванне. Год Сабакі? Выдатна!

Якога сабакі? Быць можа, сабакі святога Роха, які прыносіў хвораму ежу і лізаў яго язвы? Ці сабакі-ратавальніка пароды сэнбернар, якую вывелі айцы бернардыны, каб шукаць людзей у снежных Альпах? А, можа, 2018-ы — гэта год манахаў дамініканаў, бо самі сябе называюць «псамі Панскімі»? Святога Крыштафа часам малявалі ў вобразе чалавека з галавой сабакі. Чым не сімвал года?

Хопіць у нас на любы каляндар сваіх каталіцкіх сабак — і рыжых, і белых, і чорных. З цмокамі складаней, трэба будзе з кітайцамі параіцца, але пры жаданні справімся. Дык давайце не пужаць людзей страшылкамі, а крэатыўна шукаць нагоду распавесці ім Добрую Вестку.

Catholic.by

для друку для друку