Пра Касцёл у падручніках беларускай гісторыі

padrucznikБеларускія школьнікі ў рамках гісторыі краіны і сусветнай гісторыі вывучаюць дзейнасць, ролю, гісторыю Каталіцкага Касцёла. Несумнеўна, хрысціянства мела велізарны ўплыў на грамадскія, палітычныя, культурныя працэсы ва ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі. Аб некаторых аспектах адлюстравання дзейнасці Касцёла, паказаных у падручніках, Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё распавёў загадчык кафедры ўсеагульнай гісторыі гістфаку Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Скарыны кандыдат гістарычных навук, дацэнт Станicлаў Чаропка.

“Беларускія гісторыкі за апошняе 20-годдзе зрабілі вялікую працу па падрыхтоўцы падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для школ. Трэба аддаць належнае аўтарам, якія паспрабавалі адлюстраваць усю нашу гісторыю, усе яе аспекты ў рамках школьнага курса. Аднак ёсць некаторыя аспекты, якія патрабуюць некаторага дадатковага разгляду. І яны звязаныя з гісторыяй Касцёла ў Беларусі. Узяць, напрыклад, прыняцце хрысціянства ў 988 годзе, якое падаецца выключна як гвалтоўны акт, хаця і хрысціяне з’явіліся на нашых землях раней, і былі розныя шляхі прыняцца хрысціянства”, — сказаў гісторык.

Асаблівую ўвагу варта звярнуць і на пытанне, звязанае з гісторыяй Каталіцкага Касцёла, лічыць навуковец. Напрыклад, езуіты падаюцца часта ў негатыўным, адмоўным сэнсе, хаця дзейнасць іх адыграла вялікую ролю ў жыцці многіх з нашых суайчыннікаў у XVI-XVII стагоддзях.

Прывядзем некалькі прыкладаў. У падручніку па сусветнай гісторыі новага часу для 8-га класа, у параграфе аб рэфармацыі ў Германіі гаворыцца: “Касцёл валодаў вялізным багаццем, многія святары былі ахопленыя прагай абагачэння, займаліся вымагальніцтвам пры ўдзяленні сакрамэнтаў, прадаваліся пасады біскупаў і індульгенцыі”. Такім чынам малюецца цалкам негатыўны вобраз Касцёла, не гаворыцца аб шматлікіх добрых справах.

А ў падручніку па гісторыі Беларусі для 8-га класа, у параграфе аб контрэфармацыі ў Беларусі пішацца аб тым, што контрэфармацыя ў ВКЛ была таксама накіравана і супраць Праваслаўнай Царквы, бо Рымскія Папы разглядалі беларускія землі як плацдарм для далейшага пранікнення ў Маскоўскую дзяржаву. Далей гаворыцца, што ў ВКЛ ішоў працэс клерыкалізацыі культуры: Касцёл браў пад кантроль навуку і мастацтва, а навуковыя веды абвясціў грахоўнымі.

У той жа час каталіцкі святы Язафат Кунцэвіч названы ў падручніку жорсткім, за гэта яго, нібыта, і забілі праваслаўныя. Пры гэтым, не пішацца аб тым, наколькі жорстка адбылося забойства ўніяцкага арцыбіскупа. Але гаворыцца, што ён гвалтоўна насаджаў унію ў Полацкай епархіі. “Пасля забойства Язафата Кунцэвіча Папа Рымскі запатрабаваў пакараць Полацк: гарадская ратуша была разбураная, з усіх святыняў знялі званы, 19 чалавек пакаралі смерцю”, — пішацца ў падручніку. Пры гэтым ніякіх звестак аб гвалтоўным пераводзе ўніяцкіх вернікаў у праваслаўе, жорсткіх забойствах уніятаў не гаворыцца.

“Вострым пытаннем з’яўляецца і гісторыя Грэка-Каталіцкай, Уніяцкай царквы. Вялікая ўвага нададзена таму, якімі метадамі ўводзілася Унія, як яна навязвалася, аднак не паказваецца, што гэта быў канфлікт унутры Праваслаўнай Царквы, дзе ішла барацьба не паміж уніятамі і праваслаўнымі, а паміж праваслаўнымі, якія прынялі Унію, і праваслаўнымі, якія яе не прынялі. Так што шмат чаго яшчэ можна дарабіць. Тым больш, што выходзяць новыя даследванні, якія раскрываюць тыя або іншыя моманты нашай мінуўшчыны, якія раней былі для нас невядомыя”, — падкрэсліў Станicлаў Чаропка.

У якасці ілюстрацыі гісторык узгадаў работу адной з беларускіх даследчыц, знанага навукоўца, гісторыка, прафесара Святланы Марозавай, якая адносна нядаўна выпусціла кнігу “Сваёй веры ламаць не будзем. Супраціў дэунізацыі ў Беларусі (1780 — 1839 гады)”.

“Напэўна, вынікі гэтага даследвання таксама варта ўключыць у вучэбную літаратуру. У гэтай рабоце паказана, наколькі не проста праводзілася дэунізацыя. У людзей больш сталага веку, а таксама ў сучасных школьнікаў ствараецца ўражанне, што пасля таго, як адбыўся Полацкі царкоўны сабор і адмянілі Унію, усё так проста адбылося і прынялі праваслаўе. Аднак не, на працягу дзесяцігоддзяў народ, які знаходзіўся ў Уніі, праводзіў упартую барацьбу. І ў кнізе на аснове архіўных крыніц паказана, як не проста ўводзілася праваслаўе і як моцна насельніцтва сялян бараніла той “варыянт” хрысціянства – Унію – які прынялі іх бацькі”, — адзначыў навуковец.

Вось вытрымка з новай кнігі Святланы Марозавай: “Сяляне вёсак Саламарэчча і Мацкі Мінскага павета заявілі праваслаўным агітатарам: “У якой веры нарадзіліся, у той і памрэм, якую веру дзяды мелі, не ведаем, але сваёй веры ламаць не будзем, хаця б нам зламалі й галовы”. На настойлівую прапанову “ўз’яднацца” жыхары вёскі Бранчыцы Слуцкага павета адказалі: “Бі нас, катуй, куй, а мы застанемся ва ўніяцкай веры”. Прыхаджане “занятых” у 1795 г. на пануючую рэлігію Целеханскай, Обраўскай, Добравіцкай, Выганаўскай, Глінянскай і шэрагу іншых цэркваў Пінскага павета выказалі цвёрды намер застацца “ва ўніяцкай рэлігіі, у якой іх бацькі, дзяды, прадзеды” былі “і без аніякай перашкоды яе вызнавалі, якую з персяў сваіх маці выссалі”. Сяляне вёскі Макрыдна Чавускага павета, нягледзячы на пагрозы, адмовіліся мяняць веру”.

Хочацца спадзявацца, што больш праўдзівае адлюстраванне гісторыі Каталіцкага Касцёла ў хуткім часе з’явіцца ў беларускіх падручніках.

Павел Міцкевіч

для друку для друку