Пра Эрдагана, Еўраньюс і гісторыю Касцёла ў Беларусі

vipakama02-07

Каменны крыж і Касцёл св. Яна Хрысціцеля ў Камаях (Віцебшчына)

Гледзячы нядаўна англамоўную версію Еўраньюс, заўважыў бягучы радок: “Erdogan has issued a mea culpa for his former alliance with the Gulenist movement”. Сэнс сказанага аўтаматычна пераклаўся ў галаве. Прэзідэнт Эрдаган выбачыўся перад Богам і народам за тое, што не запабег перавароту. Навіны пабеглі далей. Але праз некалькі секунд я міжвольна вярнуўся да папярэдняга радка. У чым справа? Што тут не так?

Тыя з вас, дарагія чытачы, хто хоць крыху знаёмы з лацінскай мовай і абрадам св. Імшы на ёй, ведаюць, што словы mea culpa зусім не англійскія. Гэта частка рахунку сумлення на самым пачатку Імшы на лаціне. “Мая віна, мая віна, мая вялікая віна…” Так гучаць словы гэтай малітвы па-беларуску.

Што ж атрымліваецца? Рэдактары найбуйнейшага вяшчальнага канала ў Еўропе палічылі мэтазгодным ужыць менавіта такую фармулёўку ў рэпартажы пра турэцкага прэзідэнта. Для цікавасці я параўнаў франкамоўную версію рэпартажа – тое самае. Напісана mea culpa. Нямецкі варыянт – mea culpa, грэцкі – таксама. Важна зазначыць, што ні франкамоўнае, ні англамоўнае грамадствы на сённяшні дзень не з’яўляюцца ў сваёй большасці каталіцкімі. Вялікабрытанія – пераважна пратэстанцкая, Францыя – секулярная, ужо не кажучы пра Грэцыю, дзе праваслаўе з’яўляецца дзяржаўнай канфесіяй. Аднак аўтары матэрыяла пра турэцкага прэзідэнта і спробу перавароту ў Турцыі палічылі, што словы mea culpa зразумее шараговы глядач Еўропы.

Хрысціянскія карані, шэдэўры сакральнага мастацтва, каталіцкая культурная спадчына – неад’емная частка Еўропы. Гэта бачна нават у такіх дробязях, як два лацінскія словы ў штодзённым выпуску навін канала Еўраньюс. Але, разам з тым, хочацца задаць пытанне і прадстаўнікам беларускага грамадства, гэта значыць нам самім.

У якім стане нашыя хрысціянскія карані? Ці не пагражае нам сёння, што ўспамін пра катэхізіс, Імшу і Біблію праз нейкі час стане толькі выпадковым? Так, пераследы з савецкага мінулага істотна падарвалі Каталіцкі Касцёл, бо імкнуліся зусім знішчыць гэтыя карані. Тое самае і з праваслаўем. Але ў якім стане яны сёння? Ці яны мяне наогул цікавяць? Такія пытанні могуць прагучаць на адрас вернікаў. Але яшчэ больш сур’ёзны іспыт чакае тых, на каго ўскладзеная функцыя навучання, асвячэння і кіравання – нас, святароў і біскупаў. Адкуль вернікам даведацца пра свае карані, як не ад сваіх пастыраў? Дзе яны змогуць прачытаць пра гісторыю Каталіцкага Касцёла, як не ў добрай каталіцкай кніжцы? Так і хочацца сёння ўсклікнуць: каталіцкія гісторыкі, ауууу, дзе вы? Дайце мне падручнік па гісторыі Касцёла ў Беларусі! Хай гэта будзе не акадэмічнае выданне. Няхай навукова-папулярнае, але аб’ектыўнае, пазбаўленае савецкіх і любых іншых фальшывых міфаў. Гісторыя Касцёла ў Беларусі надзвычай цікавая, багатая і няпростая. Хто, як не мы, самі павінны пра яе расказаць людзям?

І тады, можа, адыдуць у нябыт дыялогі ў выканкаме пры запрашэнні на працу святара-замежніка з езуіцкага ордэна кшталту: “Мы хочам запрасіць айца-езуіта да нас у дыяцэзію”. Адказ чыноўніка: “Ды вы што? Ён жа езуіт!!!”

Таму, сябры, чакаю каталіцкіх Арловых.

Кс. Віктар Місевіч

для друку для друку