Пра час св. Імшы ў парафіях Мінска цяпер можна даведацца анлайн

Каманда маладых католікаў запусцілі інтэрнэт-сервіс Imsha.by, які дае актуальную інфармацыю пра расклад святых Імшаў у парафіях Мінска, паведамляе Catholic.by.

Як пішуць стваральнікі гэтага інфармацыйнага сайта, ім неаднаразова даводзілася сутыкацца з цяжкасцямі пры спробе даведацца, дзе і калі можна трапіць на св. Імшу ў сталіцы:

«Гэта не так проста — інфармацыя, схаваная ў глыбіні інтэрнэт-старонак і ў суполках сацсетак, часам была неактуальная, і даводзілася тэлефанаваць сябрам-католікам і пытацца — а якой гадзіне святая Імша?»

Стала зразумела, што Мінску патрэбны актуальны расклад Імшаў. У выніку з’явіўся гэты праект — старонка, на якой пададзены месца і час цэлебрацыі святой Эўхарыстыі ў сталіцы.

«Інфармацыя пастаянна актуалізуецца, і мы маем намер з цягам часу ахапіць усю Беларусь, а, магчыма, і ўвесь свет»,— заяўляюць стваральнікі сэрвісу.

Ад распрацоўшчыкаў:

1. Актуальнасць інфармацыі. Ініцыятары праекту супрацоўнічаюць перадусім з парафіямі, і менавіта ад эфектыўнасці гэтага супрацоўніцтва будзе залежаць поспех праекту. Мэта каманды распрацоўшчыкаў — даць зручную прыладу і арганізаваць працэс абнаўлення раскладу св. Імшаў.

2. Даступнасць інфармацыі ў сеціве. Сёння немагчыма знайсці расклад св. Імшаў праз такія пошукавыя сэрвісы, як Google і Yandex.

Адна з асноўных мэтаў праекту — дасягнуць выніку, каб па ключавых словах выводзілася інфармацыя з сэрвісу Imsha.by.

Гэтая задача яшчэ толькі рэалізуецца і пакуль не ўдасца знайсці інфармацыю з сэрвісу сярод першых вынікаў пошуку. Каманда працуе над гэтым.

3. Узаемадзеянне з дзеючымі парталамі. Праект тэхнічна зроблены такім чынам, каб была магчымасць яго інтэграцыі з іншымі парталамі і прылажэннямі. Гэтая актыўнасць пакуль у планах, але ў будучыні карыстальнікі змогуць бачыць аднолькавую актуальную інфармацыю на ўсіх рэсурсах у сеціве.

для друку для друку