Помнік Касцюшкі ў Косаве адкрыюць у дзень свята ў касцёле

У старадаўнім храме хрысцілі будучага нацыянальнага героя.

У суботу, 12 траўня ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці а 12-й гадзіне пройдзе ўрачыстае адкрыццё велічнага помніка Тадэвушу Касцюшку на яго малой радзіме каля сядзібы-музея ва ўрочышчы Мерачоўшчына на ўскраіне мястэчка Косава.

Таксама ў гэты дзень у каталіцкім храме Косава адбудзецца парафіяльны фэст. У галоўным алтары старадаўняй святыні знаходзіцца цудатворны абраз Панны Марыі, перад якой праз заступніцтва Багародзіцы ўзносілі малітвы мясцовыя вернікі і шматлікія пілігрымы. Урачыстая святая Імша пачнецца а 13-й гадзіне.

Свята з нагоды адкрыцця помніка Касцюшкі таксама звязанае з касцёлам. Для мясцовай парафіі гэта важная падзея, паколькі гэты нацыянальны герой Беларусі належаў да косаўскай парафіі і быў ахрышчаны ў касцёле ў 1746 годзе, паведамляе Catholic.by.

Нагадаем, грошы на помнік збірала грамадскасць па ініцыятыве блогера з Мінска Глеба Лабадзенкі. Свой уклад у стварэнне скульптуры Касцюшкі ўнеслі сотні чалавек, а калі да заканчэння збору заставалася ўсяго два дні, знакаміты беларускі тайбаксёр Віталь Гуркоў вырашыў дапамагчы сабраць грошы і выставіў на аўкцыён свой пераможны шалік з «Пагоняй» і надпісам Belarus.

katolik-gomel.by

для друку для друку