- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Польшча: 4 млн 300 тыс. пілігрымаў у Чэнстахове ў 2018 годзе

[1]“Хрысціянін – гэта homo viator, той, хто заўсёды ў дарозе. Усё наша жыццё – гэта адна вялікая пілігрымка; мы на шляху да дома Нябеснага Айца. Мы, як Касцёл, з’яўляемся народам пілігрымаў”: пра гэта заявіў генеральны сакратар Біскупскай канферэнцыі Польшчы манс. Артур Мізінскі на прэс-канферэнцыі, прысвечанай нацыянальнаму пілігрымскаму руху (#PolskaPielgrzymuje). Сустрэча з журналістамі адбылася 11 ліпеня ў рэзідэнцыі Сакратарыята польскіх біскупаў.

Айцец Марэк Томчык OSPPE, кіраўнік 308-й Варшаўскай пілігрымкі, адзначыў, што ў гэтым годзе вернікі адправяцца ў дарогу да Чэнстахоўскай Божай Маці з малітвай аб беатыфікацыі кардынала Стэфана Вышынскага, а таксама з падзякай Богу за першую пілігрымку святога Папы Яна Паўла II – роўна 40 гадоў таму – у родную Польшчу і ў гэту знакамітую марыйную сьвятыню.

Айцец Томчык нагадаў, што у 2018 годзе памаліцца ля цудатворнага абраза Маці Чэнстахоўскай прыехалі 4 мільёны 300 тысяч пілігрымаў з больш чым 80 краін свету. У тым жа годзе ў 200 нацыянальных пілігрымках на Ясну Гуру прынялі ўдзел 834 тысячы вернікаў.

Штогод каля 7 мільёнаў палякаў наведваюць такія святыні, якіх у краіне больш за 500. Найбольш папулярнымі з іх з’яўляюцца марыйныя святыні ў Чэнстахове (69% усіх пілігрымаў) і ў Ліхне. 32% жыхароў краіны заяўляюць, што хоць бы раз у жыцці ўдзельнічалі ў пілігрымцы да святых месцаў.

На прэс-канферэнцыі ў рэзідэнцыі польскага епіскапату выступіў Славамір Канясты, суарганізатар начной пілігрымкі з горада Медневіцы ў святыню Непакалянава; ён распавёў аб намерах пілігрымаў:

“Падчас гэтай пілігрымкі мы асабліва молімся аб абнаўленні нашых сем’яў. Мы ходзім ўжо 5 гадоў; група з 200-300 пілігрымаў праходзіць пешшу 21 км. Мы молімся на Святым Ружанцы і вяночкам да Божай міласэрнасці, праводзім канферэнцыі, ўдзельнічаем у Крыжовым шляху, у той час як група ў Непакалянаве моліцца ўсю ноч у святыні”.

Са свайго боку Міхал Каноўнік, прэзідэнт асацыяцыі “Лічбавая Польшча”, распавёў аб адмысловым мабільным дадатку Bonafide, які ўдзельнікі 28 дыяцэзіяльных пілігрымак у Чэнстахову усталююць на свае смартфоны. Новае прыкладанне ўтрымлівае мноства карыснай інфармацыі для пілігрымаў на шляху да важнейшага духоўнага цэнтра Польшчы.

Віктар Уладзіміраў
Руская рэдакцыя Vatican News [2]

Пераклад на беларускую мову Змітра Лупача