Польшча: 4 млн 300 тыс. пілігрымаў у Чэнстахове ў 2018 годзе

“Хрысціянін – гэта homo viator, той, хто заўсёды ў дарозе. Усё наша жыццё – гэта адна вялікая пілігрымка; мы на шляху да дома Нябеснага Айца. Мы, як Касцёл, з’яўляемся народам пілігрымаў”: пра гэта заявіў генеральны сакратар Біскупскай канферэнцыі Польшчы манс. Артур Мізінскі на прэс-канферэнцыі, прысвечанай нацыянальнаму пілігрымскаму руху (#PolskaPielgrzymuje). Сустрэча з журналістамі адбылася 11 ліпеня ў рэзідэнцыі Сакратарыята польскіх біскупаў.

Айцец Марэк Томчык OSPPE, кіраўнік 308-й Варшаўскай пілігрымкі, адзначыў, што ў гэтым годзе вернікі адправяцца ў дарогу да Чэнстахоўскай Божай Маці з малітвай аб беатыфікацыі кардынала Стэфана Вышынскага, а таксама з падзякай Богу за першую пілігрымку святога Папы Яна Паўла II – роўна 40 гадоў таму – у родную Польшчу і ў гэту знакамітую марыйную сьвятыню.

Айцец Томчык нагадаў, што у 2018 годзе памаліцца ля цудатворнага абраза Маці Чэнстахоўскай прыехалі 4 мільёны 300 тысяч пілігрымаў з больш чым 80 краін свету. У тым жа годзе ў 200 нацыянальных пілігрымках на Ясну Гуру прынялі ўдзел 834 тысячы вернікаў.

Штогод каля 7 мільёнаў палякаў наведваюць такія святыні, якіх у краіне больш за 500. Найбольш папулярнымі з іх з’яўляюцца марыйныя святыні ў Чэнстахове (69% усіх пілігрымаў) і ў Ліхне. 32% жыхароў краіны заяўляюць, што хоць бы раз у жыцці ўдзельнічалі ў пілігрымцы да святых месцаў.

На прэс-канферэнцыі ў рэзідэнцыі польскага епіскапату выступіў Славамір Канясты, суарганізатар начной пілігрымкі з горада Медневіцы ў святыню Непакалянава; ён распавёў аб намерах пілігрымаў:

“Падчас гэтай пілігрымкі мы асабліва молімся аб абнаўленні нашых сем’яў. Мы ходзім ўжо 5 гадоў; група з 200-300 пілігрымаў праходзіць пешшу 21 км. Мы молімся на Святым Ружанцы і вяночкам да Божай міласэрнасці, праводзім канферэнцыі, ўдзельнічаем у Крыжовым шляху, у той час як група ў Непакалянаве моліцца ўсю ноч у святыні”.

Са свайго боку Міхал Каноўнік, прэзідэнт асацыяцыі “Лічбавая Польшча”, распавёў аб адмысловым мабільным дадатку Bonafide, які ўдзельнікі 28 дыяцэзіяльных пілігрымак у Чэнстахову усталююць на свае смартфоны. Новае прыкладанне ўтрымлівае мноства карыснай інфармацыі для пілігрымаў на шляху да важнейшага духоўнага цэнтра Польшчы.

Віктар Уладзіміраў
Руская рэдакцыя Vatican News

Пераклад на беларускую мову Змітра Лупача

 

для друку для друку