Полацкія мамы і таты збіраюцца разам, каб абмеркаваць хвалюючыя пытанні

Пасля Імшы на 12.00 у полацкім касцёле святога Андрэя Баболі гэтыя мамы і таты не спяшаюцца вяртацца са сваімі дзецьмі дахаты, а захо­дзяць яшчэ ў дом сясцёр эўхарыстак. Тут, ва ўтульным невялікім пакоі, яны разам з сястрой Таццянай Гмыза абмяркоўваюць тыя пытанні, якія іх хвалююць: як будаваць узаемаадносіны ў сям’і, як выхоўваць дзяцей, як годна выходзіць з крызісаў і асцерагчы сябе і сваю сям’ю ад мноства пастак у нашым шматаблічным свеце. А галоўнае, як заставацца верным Хрысту ва ўсіх жыццёвых сітуацыях.

З Браслава — у Полацк

Жыццё законных сясцёр не застойваецца на адным месцы: сёння яны служаць у адной парафіі, заўтра могуць апынуцца ўжо ў іншай. Гэта асабліва бачна на прыкладзе супольнасці сясцёр эўхарыстак — можа таму, што месцаў, дзе сёстры служаць, даволі шмат у Беларусі.

Вось і сястра Таццяна таксама за свае 12 гадоў прабывання ў ордэне цяпер служыць ужо на пятым месцы. Яшчэ вясной была ў Браславе, а пасля генеральнага капітула ордэну яна, як і некаторыя іншыя сёстры, змяніла месца жыхарства, а значыць і служэння.

Мінулай вясной я і пачула пра групу дарослых людзей, якія збіраюцца ў браслаўскай парафіі, каб абмеркаваць ра­зам многія духоўныя праблемы, якія яны перажываюць, пытанні выхавання дзяцей і многае іншае. Гэтыя сустрэчы праводзіла менавіта сястра Таццяна Гмыза. Святар, які распавёў мне пра гэта, коратка заўважыў: «У гэтых людзей узнікае шмат пытанняў. І гэта радуе, бо хрысціянін без пытанняў робіцца быццам нежывы». Тады я і заахвоцілася наведаць тую групу. І вось чаму…

Будні пасля свята

Дзень Першай святой Камуніі ў кожнай парафіі — адзін з найбольш светлых і ўрачыстых. Прыгожыя сукенкі на дзяўчатках, урачыстыя касцюмы і твары хлопцаў, добрыя пажаданні дзецям. Усё так бясхмарна і прыгожа… Толькі вось чаму шмат каго з гэтых усмешлівых, святочных і радасных дзяцей у хуткім часе не ўбачыш на святой Імшы? Не, некаторыя з іх, вядома ж, застаюцца і падрастаюць у сваіх парафіях. Але многіх так і не сустрэнеш да таго часу, пакуль штосьці зноў не адбудзецца значнае ў касцёле, напрыклад, бежмаванне. А некаторых і на гэтай падзеі не ўбачыш. Ажно да таго часу, пакуль чалавек не вырасце і не настане для яго час ствараць сям’ю.

Хтосьці, магчыма, папракне мяне ў тым, што я згушчаю фарбы. Ды, хіба што, кожны святар, кожная законная сястра назаве вам такія ж, толькі ўжо канкрэтныя прыклады — дзесьці іх будзе больш, дзесьці менш. Але яны абавязкова будуць. На жаль. І колькі б ні вінавацілі сябе законныя сёстры, якія рыхтавалі дзяцей да Першай святой Камуніі, у тым, што яны не сумелі, не пераканалі дзіця ў тым, што хрысціянская вера — гэта не толькі святы, але і будні, што вернік мусіць заставацца верным Хрысту ва ўсе дні свайго жыцця, найбольшая адказнасць за дзяцей ляжыць на іх бацьках, бо цяжка чакаць ад дзіцяці вернасці Хрысту, калі Яму не верныя ягоныя тата з мамай. Калі яны не заўсёды знаходзяць час на нядзельную святую Імшу, а некаторыя з іх з’яўляюцца ў касцёле толькі на Божае Нараджэнне і Вялікдзень… Калі ў доме няма месца Святому Пісанню… Калі няма супольнай малітвы… Калі праблемы, якія падкідвае нам жыццё, вырашаюцца ў сям’і зусім не так, як гэта наказвае нам Езус Хрыстус… Гэтых «калі» можа быць вельмі шмат. Такое нашае жыццё. Няпростае. «Бо ў складаны час жывем», — можа сказаць тут хтосьці. І гэта праўда. Ну а з іншага боку: калі ён быў бясхмарны і цалкам спрыяльны, гэты час для хрысціянаў?

А ў Бога лічыцца кожная душа. І кожная пакліканая да еднасці з Ім…

Пазнаваць больш

Таму дзякуй Богу за тых бацькоў, якія адчуваюць сваю адказнасць не толькі за тое, каб іх дзіця было накормленае, прыстойна апранутае, але і за тое, каб яно вырасла духоўна багатым чалавекам. Дык і радасна, калі пачуеш раптам, што некаторыя нашы таты і мамы хочуць больш пазнаваць, цікавяцца пытаннямі духоўнага выхавання дзяцей, будавання адносінаў у хрысціянскіх сем’ях.

Калі я даведалася, што сястра Таццяна вядзе цяпер сужэнскую групу ў полацкай парафіі, то папрасіла дазволу прыехаць на іх чарговую сустрэчу.

У той дзень тэма сустрэчы была: «Пяць моваў любові». Здавалася б, нічога нібы новага, але ж як часта мы ў сваёй шэрай штодзённасці забываем пра такія простыя рэчы: сказаць блізкаму чалавеку добрае слова, а тым больш, слова любові, заўва­жыць, што «тваёй палавіне» ўдалося штосьці прыгожае, смачнае, незвычайнае зрабіць, альбо проста патрымаць чалавека за руку, асабліва калі бачыш, што яму ў гэтую хвіліну няпроста. Усё нібы і зразумела, а вось жа забываем пра такія звычайныя рэчы. У выніку ж у кагосьці можа з’явіцца спачатку непамыслота, а потым і рана на душы. А побач, у адной з намі прасторы знаходзяцца тыя, каму да ўсяго гэтага яшчэ расці ды расці — нашы дзеці…

Слухала я сястру Таццяну, а потым і тых, хто дзяліўся сваім досведам сямейнага жыцця пад гукі радасных дзіцячых галасоў. Яны таксама прыходзяць на гэтыя сустрэчы, адно што ў той час, калі дарослыя абмяркоўваюць свае складаныя пытанні, дзеці гуляюць у суседнім пакоі. У той дзень таксама гэтак было, за выключэннем маленькага Назара Дашкевіча, які соладка спаў у часе сустрэчы на руках у мамы Аксаны. А яшчэ Алёшу Якушынаву не цярплівілася — ён раз-пораз зазіраў у наш пакой ды паціху тупаў сабе да стала, на якім ляжала розная смаката да гарбаты…

Гарбата

А потым была гарбата — духмяная, смачная, гарачая. Лістападаўскім шэрым днём гэта менавіта тое, што патрэбна.

Галоўнымі за салодкім сталом былі, вядома ж, дзеці. Яны радаснай гурбой уміг занялі месцы дарослых за сталом. А іх таты і мамы… Як хопіць месца, то таксама могуць прысесці да стала, а як не, то і стоячы збоку не менш смачна выпіць той гарбаты. Словам, усё як і ў штодзённым жыцці. Не прывыкаць. У часе пачастунку можна працягваць пачатую размову, а можна й проста пагутарыць пра самае рознае.

Не хапае нам цяпер такіх вось цёплых, сяброўскіх стасункаў, калі добра так пагаманіць, пажартаваць, пасмяяцца, паслухаць сяброў ды самому штосьці расказаць. Надта ж мы дзелавыя зрабіліся, занятыя, заклапочаныя. Нават цяжка неяк паверыць, што нашы бацькі ды дзядулі-бабулі знаходзілі час пасля цяжкай працы на сяброўска-суседскія сустрэчы, няспешныя гутаркі, а нават і на сумесныя спевы.

І калі мы ўжо развучыліся ха­дзіць адзін да аднаго ў адведзіны, то радасна, што з’явіцца раптам такое месца, такі пакой, у якім ты сустрэнешся з сябрамі-знаёмымі.

Не першы год гэтыя людзі сустракаюцца. Старэйшыя згадваюць, як раней, калі ў парафіі служыла сястра Ірэна Варонька, яны ўдзельнічалі ў руху «Хатні Касцёл». Потым з’явілася жаданне ладзіць вось такія сустрэчы, іх праводзіла сястра Валянціна Арсоба. А калі яна з прычыны занятасці не змагла гэтым займацца, то ўдзельнікі групы нават і тады не здаліся. Сустракаліся самастойна. Адказнасць за арганізацыю і падрыхтоўку сустрэчаў узяла на сябе сям’я Якушынаў. Вельмі гэта важна, каб свецкія не баяліся браць на сябе адказнасць за парафіяльныя справы. І тое, што гэтая група ў полацкай парафіі не распалася, а засталася і надалей існаваць — лепшае таму пацвярджэнне.

Патрэбны давер

Што вельмі важна для паўнавартаснага існавання такіх групаў, дык гэта ўзаемны давер. Давер удзельнікаў да кіраўніка групы і адзін да аднаго. За тыя пару гадзінаў, якія я прабыла на сустрэчы ў Полацку, я адчула, што гэты давер тут ёсць.

Людзі ахвотна дзеляцца сваім уласным досведам, сваімі перажываннямі, праблемамі. Для маладых вельмі каштоўны вопыт старэйшых. І наадварот. Толькі давяраючы адзін аднаму, можна разам шукаць адказы на самыя розныя пытанні і не баяцца пры гэтым, што цябе не зразумеюць, альбо, што яшчэ горш, з цябе пасмяюцца ці раскажуць пра твае праблемы камусьці старонняму.

Вядома, удзел у такой групе — не панацэя ад усіх небяспекаў, якія могуць падсцерагаць сучасную хрысціянскую сям’ю: мы ж не адгароджаныя ад праблемаў свету, і калі яны ёсць у свеце, то могуць закранаць і нас. Але вынік такой сустрэчы можа быць розны. Тыя, хто з дня ў дзень жыве ў лучнасці з Хрыстом, для каго Яго навучанне — не проста прыгожая тэорыя, а праграма жыцця, могуць сустрэць выпрабаванні ўжо загартаванымі. І вя­лікая надзея, што яны выйдуць з іх яшчэ мацнейшымі. А яшчэ вялікая надзея на тое, што дзеці, якія разам гуляюць некалькі га­дзінаў, калі іхнія бацькі размаўляюць пра Хрыста і моляцца разам да Яго, гэтыя дзеці не згубяцца для Хрыста і Касцёла. Прынамсі, іхнія бацькі вельмі прагнуць гэтага, моляцца за гэта і гатовыя дзеля гэтага ахвяраваць і свой час, і свае духоўныя ды фізічныя сілы.

І напрыканцы яшчэ адна важная заўвага: група ў Браславе, якую вяла да нядаўняга часу сястра Таццяна Гмыза, не распалася. Цяпер яе вядзе сястра эўхарыстка Ганна Мізавец. Пажадаем жа і яе ўдзельнікам плёну, глыбіні ў пазнанні Езуса Хрыста і радаснай хады Ягоным шляхам!

Ірына Жарнасек, ave-maria.by

для друку для друку