Побач з ёй мы станавіліся лепшымі… – пра Бярнарду Ракіту з Варапаева піша Аліна Латыш

15 чэрвеня жыхары вуліцы Савецкай у Варапаеве рыхтаваліся да вялікай ўрачыстасці: спаўнялася 90 гадоў адной са старэйшых жыхарак – Бярнардзе Аўгусцінаўне Ракіце.

Тут яе ведалі ўжо амаль чатыры дзесяцігоддзі, з таго часу, калі гэта вуліца забудоўвалася. Тады і цёця Бярнарда пераехала з мужам сюды ў новую хату.

Суседзі і пляменнікі рыхтаваліся віншаваць яе, але за тыдзень да дня нараджэння ціха, спакойна, нікога не патурбаваўшы, яна адышла ў іншы свет. У апошні момант, калі, здавалася, была без прытомнасці, перахрысцілася двойчы…

Яе біяграфія досыць тыповая. Нарадзілася яна ў вёсцы Фяркі ў 1928 годзе. У сям’і, акрамя яе, былі дзве дачкі (адна неўзабаве памерла) і сын. Бацька памёр, калі сыну быў толькі месяц. Маці як магла адна падымала дзяцей, таму дзяўчаты вельмі рана пайшлі працаваць. Ездзілі ў лес па дровы, наймаліся жаць іншым гаспадарам. Працавалі цяжка, каб зарабіць на хлеб, бо ў калгасе амаль нічога на працадні не выдавалі. Маладая Бярнарда спачатку была на чыгунцы рознарабочай (адпрацавала там восем гадоў), потым уладкавалася ў хлебапякарню. Хоць гэта было даўно, але некалькі варапаеўцаў прызналіся, што такога смачнага хлеба, як той, што рабіла ў сваю змену Бярнарда, яны ніколі не елі. “І боханы – адзін у адзін, роўненькія”, – дадавалі землякі. На хлебапякарні яна адпрацавала пятнаццаць гадоў, пасля да пенсіі шчыравала ў цэху па вырабе крэслаў Варапаеўскага ДАКа.

Але і на пенсіі Бярнарда ніколі не сядзела склаўшы рукі. Для суседзяў яна заўсёды была “палачкай-выручалачкай”. Да нас звычайна прыходзіла ў жніўні. “Вера, калі жаць пачняце?” – пыталася ў маёй мамы. І ў вызначаны дзень раніцай ужо стаяла ў нашым панадворку з сярпом, шчыра працавала з намі да канца жніва. Суседка Валянціна Бараноўская дадае: ”Мне яна дапамагала ва ўсім. Дзяцей маіх даглядала. Яны вернуцца са школы – і адразу бягуць да яе: ”Бабуля Барнася, мы баімся адны. Хадзі да нас”. І яна была з імі, пакуль мы з мужам не вярталіся з працы. Патрэбна грошы пазычыць – іду да яе. Каму якая іншая патрэба – не адмаўляла, рабіла ўсё, што толькі магла. А як дапамагала пасля таго, як я трапіла ў аварыю!.. Для мяне яна сапраўдная другая маці!..”

Пра яе ахвярнасць, імкненне дапамагчы казала і пляменніца Марыя: “У маім дзяцінстве мама працавала тэхнічкай у школе, тата таксама быў на працы, а садка ў Ціунцах не было. На дапамогу заўсёды прыходзіла цёця. Пасля начной змены на хлебазаводзе, не адпачыўшы як след, яна бегла ў Ціунцы, каб глядзець мяне. Я ж тады не разумела, што ёй хочацца прылегчы, падрамаць пасля цяжкай працы… Я дурэла, бегала, скакала… Яна не спыняла маіх гульняў, увесь час была са мной… А калі памерлі мама і тата (прайшло ўжо больш за дваццаць гадоў), цёця замяніла мне іх. І парады заўсёды давала, і справай дапамагала. Калі я згадзілася выйсці замуж за ўдаўца (у яго двое дзяцей было), яна сказала: “Раз яны без маці, глядзі, каб не былі пакрыўджаныя…” Не пра мае інтарэсы думала – пра Божую справядлівасць. І мужу майму яна прыйшлася па душы. “Наша бабуля “ – так называў ён маю цёцю”.

Але самай галоўнай каштоўнасцю ў жыцці для Бярнарды Аўгусцінаўны быў Бог і Яго справы! Праз усё жыццё яна пранесла гарачую веру ў Бога. Калі зачынілі касцёл у Варапаеве, ездзіла на святы ў Мёры, Гадуцішкі. Спявала па памерлых. Калі вярнулі вернікам пастаўскі храм, разам з сяброўкамі збірала па вёсках грошы на яго аднаўленне. “Ходзім па хатах, спяваем калядкі. А дадому ісці некалькі кіламетраў. Але нам весела ў дарозе: молімся, песні спяваем. Не баяліся ні цемры, ні марозу. Божую справу рабілі”, – расказвала яна. Гэтак жа збірала з сяброўкамі грошы і на аднаўленне дунілавіцкага касцёла. А калі пачалі будаваць касцёл у Варапаеве, радасці яе не было межаў. “Ішлі на будаўніцтва як на свята, – казала. – Зусім не баялася вышыні. Цэглу і раствор насіла з сяброўкай Марыяй аж да вежы. Бог мне заўсёды даваў здароўе, дапамагаў у жыцці. Падумаць толькі: за ўсё працоўнае жыццё – ніводнага бюлетэня!”

У старасці па-ранейшаму ўсім дапамагала. Калі не працай, дык маральна: усмешкай, добрым словам, узмахам рукі ў знак прывітання. Не чакала, калі павітаюцца з ёй – віталася першай, сама ішла насустрач людзям. Шмат часу кожны дзень прысвячала малітве.

Няхай добры Бог узнагародзіць яе за вялікую адкрытасць на патрэбы іншых, за дабрыню і цеплыню сэрца!

Аліна Латыш, ад імя ўсіх суседзяў з вуліцы Савецкай у Варапаеве

для друку для друку