Поўны адпуст для хворых з каранавірусам і тых, хто нясе дапамогу

Дэкрэт Апостальскай Пенітэнцыярыі аб прадстаўленні спецыяльнага адпусту вернікам у існуючай пандэмічнай сітуацыі, 20.03.2020 г.

АПОСТАЛЬСКАЯ ПЕНІТЭНЦЫЯРЫЯ

ДЭКРЭТ

Спецыяльная індульгенцыя (адпуст) удзяляецца вернікам, якія хварэюць на Сovid-19, звычайна званай каранавірусам, а таксама медыцынскім работнікам, членам іх сем’яў і ўсім, хто апякуецца імі і падтрымлівае іх, хоць бы толькі малітвай.

“Цешцеся надзеяй, ва ўціску будзьце цярплівыя, у малітве – трывалыя” (Рым. 12, 12). Словы, напісаныя Святым Паўлам Супольнасці ў Рыме, гучаць на працягу ўсёй гісторыі Касцёла і накіроўваюць разважанні вернікаў перад любымі пакутамі, хваробамі і бядой.

У сённяшні час усё чалавецтва знаходзіцца пад пагрозай нябачнай і падступнай хваробы, якая моцна ўвайшла ў жыццё кожнага чалавека, і адзначаецца дзень за днём пакутлівымі страхамі, новай нявызначанасцю і перш за ўсё шырокімі фізічнымі і маральнымі пакутамі.

Касцёл па прыкладзе свайго Боскага Настаўніка заўсёды меў у сваім сэрцы дапамогу хворым. Як кажа святы Ян Павел II, каштоўнасць чалавечых пакут мае падвойнае значэнне: «Звышнатуральнае, бо бярэ свой пачатак ў боскай таямніцы адкуплення свету, а таксама глыбока чалавечае, бо ў ім чалавек знаходзіць сябе, сваю чалавечнасць, сваю годнасць, сваё пакліканне». (Апостальскі Ліст Salvifici doloris, 31).

Таксама і Папа Францішак у апошнія дні выказаў сваю бацькоўскую блізкасць і аднавіў запрашэнне няспынна маліцца за хворых каранавірусам.

Каб усе, хто пакутуе з-за Covid-19 якраз у таямніцы гэтых пакутаў змаглі зноў адкрыць для сябе «тую ж самую збаўчую пакуту Хрыста» (Salvifici doloris, 30), Апостальская пенітэнцыярыя ад аўтарытэту вярхоўнага Пантыфіка, давяраючы слову Хрыста Пана і гледзячы ў духу веры на цяперашнюю эпідэмію, якую неабходна перажыць у сэнсе асабістага  навяртання, удзяляе дар Індульгенцыі (адпусту) з захаваннем наступных прадпісанняў.

Поўны адпуст даецца вернікам, якія хварэюць на каранавірус і знаходзяцца на карантыне па распараджэнні органаў аховы здароўя ў бальніцах ці ва ўласных дамах, калі на душы не маюць якога-небудзь граху, і духоўна далучаюцца праз сродкі масавай інфармацыі да цэлебрацыі Святой Імшы, малітву на Святым Ружанцы, пабожнай практыкі Крыжовага Шляху або іншых формаў пабожнасці альбо, калі яны прачытаюць толькі Сімвал веры, Ойча Наш і якую-небудзь пабожную малітву да Найсвяцейшай Панны Марыі, ахвяруючы гэтае выпрабаванне ў духу веры ў Бога і міласэрнасці щ адносінах да бліжняга з пажаданнем выконваць звычайныя ўмовы (сакрамантальная споведзь, эўхарыстычная камунія і малітва ў інтэнцыях Святога Айца), як толькі гэта стане магчымым для іх.

Медыцынскія работнікі, члены іх сем’яў і тыя, хто па прыкладзе Добрага самараніна, падвяргаючы сябе рызыцы заражэння, аказваюць дапамогу хворым каранавірусам па словах Боскага Адкупіцеля: «Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх» (Ян 15, 13), атрымліваюць той самы дар поўнага адпусту на тых жа ўмовах.

Больш таго, гэтая Апостальская Пенітэнцыярыя ахвотна ўдзяляе Поўны адпуст на тых жа ўмовах з прычыны цяперашняй сусветнай эпідэміі нават тым вернікам, якія адведваюць Найсвяцейшы Сакрамант або робяць Эўхарыстычную адарацыю, або за чытанне Святога Пісання на працягу не менш за паўгадзіны, або за малітву на Святым Ружанцы, або за пабожнае выкананне Крыжовага Шляху, або за малітву Вяночкам да Божай Міласэрнасці з просьбай да Ўсемагутнага Бога спыніць эпідэмію, даць палёгку тым, хто пакутуе, а вечнае збаўленне тым, каго Пан паклікаў да сябе.

Касцёл моліцца за тых, хто не можа прыняць сакрамант Намашчэння хворых і Віятыка, даручаючы Божай Міласэрнасці ўсіх і кожнага сілай еднасці святых, і дае вернікам Поўны адпуст у момант смерці пры ўмове, калі яны да гэтага належным чынам падрыхтаваныя, і калі яны прамаўлялі некаторыя малітвы падчас свайго жыцця (у гэтым выпадку Касцёл дапаўняе тры неабходныя умовы). Каб атрымаць гэты адпуст, рэкамендуецца выкарыстанне ўкрыжавання або крыжа (пар. Enchiridion indulgentiarum, n.12).

Найсвяцейшая Панна Марыя, Маці Божая і Касцёла, Аздараўленне хворых і Дапамога хрысціянаў, Апякунка наша, пажадай дапамагчы пацярпеламу чалавецтву, адхілі ад нас зло гэтай пандэміі і здабудзь усё добрае, неабходнае для нашага збаўлення і асвячэння.

Гэты Дэкрэт дзейнічае нягледзячы на якія-небудзь адваротныя палажэнні.

Дадзены ў Рыме, у месцы знаходжання Апостальскай Пенітэнцыярыі, 19 сакавіка 2020 года.

Маура Кардынал Пячэнца

Пенітэнцыярый

Кшыштаф Нікель

Рэгент

Пераклаў кс. Аляксей Ляшко

для друку для друку