Пляменніца бласлаўлёных дзяцей з Фацімы: «Ведаю, што яны побач!»

«Бабуля і дзядуля, мае бацькі і ўся сям’я — мы заўсёды лічылі іх вялікім дарам для нас», — адзначыла Жасінта Перэйра Марту, пляменніца бласлаўлёных пастушкоў з Фацімы, распавядаючы пра свае цётку і дзядзьку. Бацька Жасінты быў усяго на два гады старэйшы за Франсішка.

Жасінта — дачка Жуана Марту, старэйшага брата дзяцей, якім аб’явілася Маці Божая ў Фаціме. Зараз жанчыне 74 гады і яна лічыць сваёй «вялікай радасцю» тое, што ёй наканавана нарадзіцца ў адным доме з будучымі святымі. Успамінаючы сваіх бабулю і дзядулю, Жасінта распавядае, што яны заўсёды прывівалі ёй любоў да Бога і Найсвяцейшай Панны, вучылі малітвам і жыццю паводле праўдаў веры ў служэнні Богу і людзям. Бацька Жасінты Перэйра Марту да канца жыцця жыў разам з бацькамі ў доме, у якім нарадзіліся будучыя бласлаўлёныя.

Дом працягвае заставацца ўласнасцю сям’і Марту. Яны адкрылі яго для наведвальнікаў, а таксама маюць невялікую сувенірную краму насупраць. Тут можна ўбачыць ложак, на якім памёр Франсішку; ружанец, на якім ён маліўся; а таксама фатаграфіі і прадметы побыту, якія належалі сям’і.

Жасінту Перэйра Марту назвалі ў гонар цёткі. На гэтым настаяла маці бласлаўлёнай, Алімпія Марту. «Я шчаслівая насіць гэтае імя. Я моцна адчуваю прысутнасць і абарону сваіх дзядзькі і цёткі. Думаю, яны мне дапамагаюць. Я грашу, як усе людзі, аднак адчуваю, што яны побач», — кажа яна.

Жанчына распавядае, што яе бацька быў разам з братам і сястрой падчас з’яў у жніўні, аднак ён нічога не бачыў. Падчас аднаго са з’яўленяў Жасінты паблізу не было, Люцыя папрасіла Жуана пайсці і паклікаць яе. Той не хацеў ісці, хоць і так нічога не бачыў. Жуану было адзінаццаць, калі пачаліся аб’яўленні. Ён, у прыватнасці, запомніў чуткі, якія хадзілі тады ўскраінай: «Калі б «цуд сонца» не адбыўся, уся сям’я памерла б. Тата спалохаўся і застаўся дома ў той дзень», — распавядае Жасінта.

Мануэль Марту, бацька дзяцей, не да канца разумеў тое, што яны расказвалі. Аднак заўсёды верыў Жасінта і Франсішку кажуць праўду. «Мае дзеці — не ілгуны. Я заўсёды вучыў іх казаць праўду. Таму, калі яны кажуць, што бачылі, значыць, сапраўды бачылі», — паўтараў ён у адказ на ўсе абвінавачванні. Пасля першых з’яўленняў Мануэль штомесяц суправаджаў дзяцей на сустрэчу з Багародзіцай, але нічога не бачыў. Ён толькі чуў гук, які «нагадваў шум пчол у кадцы». Бацька Жасінты і Франсішка бачыў «цуд сонца».

«Я часта пытаю сябе: як двое дзяцей, сямігадовая дзяўчынка і дзевяцігадовы хлопчык, маглі зразумець і перадаць пасланне, якое накіраваў Гасподзь для ўсяго чалавецтва? Аднак гэта ім удалося! — кажа Жасінта Перэйра Марту. — Багародзіца паказала ім, як выглядае пекла, распавяла аб будучых войнах. Адказам Жасінты было пакаянне, навяртанне і ўслаўленне Бога. Які мой адказ на тое, што адбываецца ў свеце сёння? Марыя не прасіла пра рэчы, якія нам не пад сілу!»

Жанчына з нецярпеннем чакае візіт Папы ў Фаціму ў маі гэтага года. Гэта чацвёрты Пантыфік, які наведае санктуарый. Як было аб’яўлена 21 красавіка, кананізацыя благаслаўлёных Жасінты і Франсішка Марту адбудзецца 13 мая 2017 года. Яны стануць маладымі святымі Каталіцкага Касцёла, якія не былі мучанікамі.

Па матэрыялах Credo
П
ераклад catholicnews.by

 

для друку для друку