Вакол Пастаў нямала вёсачак са сваёй непаўторнай гісторыяй, але аднолькава сумным лёсам. Некалі шматлюдныя і гаманлівыя, яны ператварыліся ў маўклівыя і непрыкметныя. «Рэанімаваць» іх ніхто ўжо і не бярэцца, хіба толькі стомленым гарадской мітуснёй дачнікам пад сілу ўдыхнуць у такія вёскі хоць нейкае ды жыццё.
Яскравы прыклад — Задзеўе. У пачатку мінулага стагоддзя тут пражывала больш за сотню жыхароў. У нядзелю і ў святы жыццё ў мястэчку віравала з асаблівай моцай — вернікі з усіх ваколіц з’язджаліся сюды, каб памаліцца ў касцёле. Спачатку ён быў сціплы, драўляны, аднак у 1911 годзе непадалёк ад яго ўзвялі велічны храм з чырвонай цэглы, які на дзясяткі метраў узвышаўся над маляўнічай мясцовасцю. Калі б не Першая сусветная, любаваліся б мы ім і сёння. Але гэтаму помніку архітэктуры, як, дарэчы, і многім іншым, суджана было стаць адной са шматлікіх ахвяр той Вялікай вайны.
На шчасце, захаваўся фотаматэрыял, на якім адлюстраваны касцёл у Задзеўі, і памяць пра яго не страчана назаўжды. Гаворка ідзе пра нямецкія паштоўкі, якія для сваёй прыватнай калекцыі набыў даследчык Першай сусветнай вайны Уладзімір Багданаў. Ён жа выдаў кнігу «Битва у Нарочи, 1916», дзе можна ўбачыць асобныя здымкі гэтага каталіцкага храма і прачытаць пра тое, як і чаму ён быў знішчаны.
Аўтар піша: «Калі восенню 1915 года лінія фронту стабілізавалася ў раёне Пастаў, касцёл аказаўся побач з перадавой: расійскія пазіцыі знаходзіліся адразу за Задзеўскім возерам. У ходзе Нарацкай аперацыі велічны будынак быў зруйнаваны расійскай артылерыяй». Рашэнне «расстраляць» храм вайскоўцы прынялі таму, што яго высокія вежы для немцаў з’яўляліся выдатнай агляднай пляцоўкай і гэта давала ім перавагу падчас правядзення баявых дзеянняў.
Што стала з руінамі храма? Адказ і на гэта пытанне ёсць у кнізе «Битва у Нарочи, 1916». «Рэшткі касцёла, што ўзвышаўся ў Задзеўі, знаёмыя кожнаму нямецкаму салдату як далёка заўважны арыенцір, згрызены незлічонымі рускімі снарадамі, падарвалі нямецкія сапёры, каб здабыць цэглу для будаўніцтва печаў у кватэрах і бліндажах». (Цытата ўзята з нямецкай палкавой гісторыі, выдадзенай у Берліне яшчэ ў 1934 годзе і ўпершыню на рускай мове апублікаванай у кнізе Уладзіміра Багданава).
Як жа сумна пасля гэтага сведчання чытаць архіўныя звесткі пра тое, як храм пачынаў сваю дзейнасць…
“18 верасня 1911 года было праведзена асвячэнне касцёла ў Задзеўі Надвілейскага дэканата. Ён быў пабудаваны на месцы старога драўлянага. Новы храм быў высокім, прыгожым, цагляным (цалкам складзены з чырвонай цэглы), пакрытым ацынкаванай бляхай.
Касцёл быў закладзены 6 жніўня 1901 года ксяндзом Матэеем Бугянісам (Maciej Bugianis), задзеўскім настаяцелем, які асвяціў вегілійны камень, закладзены ў падмурак будучага касцёла.
Само асвячэнне касцёла ў нядзелю, 18 верасня 1911 года, адбывалася наступным чынам. У старым (драўляным) касцёле, які знаходзіўся побач з новым, зранку адбываліся набажэнствы. У 10 гадзін раніцы пачалася цырымонія асвячэння новага касцёла, на якой прысутнічалі ўсе ксяндзы з суседніх і далёкіх парафій, а таксама прыхаджане з размешчаных побач і аддаленых касцёлаў. Працэсія прайшла ад старога да новага касцёла, дзе адбыліся малебны пасвячэння, затым — асвячэнне касцёла звонку і знутры. Потым у старым касцёле прачыталі пропаведзь, а затым Найсвяцейшы Сакрамант быў перанесены ў новы касцёл. У 11 гадзін у ім адбылося першае богаслужэнне” (крыніца — тагачасная польская дыяцэзіяльная газета).
Калі ў Задзеўі быў пабудаваны першы касцёл, дакладна невядома. Аднак гэта адбылося не пазней чым напрыканцы XVI стагоддзя. Ёсць інфармацыя, што ў 1765 годзе віленскі біскуп Тамаш Зянковіч на месцы разбуранага па невядомых прычынах першага задзеўскага касцёла пабудаваў новы, драўляны, і ў тым жа годзе яго асвяціў. Гэты ж касцёл, які шмат разоў падвяргаўся рэстаўрацыі, захаваўся да часу ўзвядзення цаглянага касцёла ў 1911 годзе. Сумны лёс гэтага помніка архітэктуры вам ужо вядомы.
Шмат цікавых звестак пра Задзеўе і навакольныя вёскі ўдалося сабраць пастаўскаму краязнаўцу Ігару Пракаповічу і яго былой вучаніцы Ірыне Заяц. Яшчэ ў 2006 годзе яны выдалі кніжку «Мястэчка над возерам. Задзеўе і ваколіцы», дзе змешчаны матэрыялы, звязаныя з геаграфіяй, гісторыяй, культурай Задзеўя і вёсак Дукі, Ліцвінкі і Новы Двор.
Падчас падрыхтоўкі выдання аўтары гутарылі з мясцовымі жыхарамі, звярталіся да літаратурных і музейных крыніц, шукалі звесткі ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. І гэта прынесла плён — выданне адкрывае шмат старонак з даўнейшага жыцця вёскі.
«Супрацьстаянне армій прывяло да таго, што вёскі Дукі і Задзеўе былі знішчаныя. Частку хат разабралі на ўмацаванні, частка згарэла ад страляніны. Значная частка жыхароў падалася ў бежанства, тыя ж, хто застаўся, былі вывезены немцамі ў лагер у Вільню, дзе многія памерлі ад голаду і хвароб», — так у выданні апавядаецца пра наступствы Першай сусветнай. Пра яе, дарэчы, сёння нагадваюць некалькі нямецкіх пахаванняў на вясковых могілках у Задзеўі.
У кніжцы таксама можна прачытаць і пра тое, што адбывалася ў Задзеўі пасля заканчэння Вялікай вайны. Цікавы факт: у міжваенны перыяд на месцы старога цаглянага касцёла ў вёсцы быў пабудаваны невялікі драўляны. Вёска працягвала быць рэлігійным цэнтрам. На фэсты, якія ладзіліся тут у жніўні на Спас, па ўспамінах мясцовых жыхароў, з’язджаліся да 30 ксяндзоў.
Аднак, як пішуць аўтары, наперадзе вёску чакала новае ліха. Пасля 1945 года сталі праводзіцца работы па расшырэнні і мадэрнізацыі аэрадрома каля Задзеўя (яго будаўніцтва было распачата яшчэ ў 1939 годзе). У гады Другой сусветнай вайны пасадку на ім штодня здзяйснялі па 10-15 самалётаў.
Узлётная паласа аэрадрома размяшчалася так, што на пад’ём самалёты ішлі ў бок Літвы, а на пасадку — над Паставамі і Задзеўем. Будынак касцёла перашкаджаў арганізацыі палётаў. Храм разабралі, бярвенне вывезлі ў вёску Мягуны, дзе з яго паставілі клуб. Праўда, як сведчаць людзі, гэты будынак праз два гады згарэў.
Іконы з касцёла вяскоўцы разабралі па хатах. Яны спадзяваліся, што храм зноў пабудуюць. Але гэтага, на жаль, не адбылося. Насельніцтва ў вёсцы паступова стала змяншацца. У 1965 годзе ў ёй налічвалася 14 двароў і 31 жыхар, у сярэдзіне 90-х — толькі 5 жылых двароў і 13 жыхароў.
Апошні задзеўскі ксёндз Вельгат (на здымку) быў абвінавачаны ў прыналежнасці да англійскай разведкі і ў 1949 годзе пасаджаны ў турму. Вярнуўся ў Задзеўе ў 1956 годзе, аднак быў вымушаны выехаць у Польшчу. Там і памёр, бо ногі адняліся.
З успамінаў Уладзіславы Хаўзюк, апублікаваных у кніжцы «Мястэчка над возерам»
Сёння на месцы велічнага цаглянага касцёла узвышаецца крыж. Непадалёк ад яго — помнік ксяндзу-пробашчу мясцовай парафіі Ежы Мачульскаму (1863—1915). Яго за ўласныя сродкі аднавіў ураджэнец Пастаўшчыны Мар’ян Бумбліс. Успаміны таксама запісаны ў кнізе «Мястэчка над возерам». Ён, напрыклад, згадваў, што «школы і крамы ў Задзеўі не было, а возера Ксяндзоўскім называлі».
…Па Задзеўі хочацца гуляць бясконца: тут адчуваеш сябе ў палоне прасторы і прыроды. Стаіш ля возера — і дух захоплівае ад прыгажосці навакольных мясцін.
А на тым беразе сваім жыццём жывуць Паставы — выдатна праглядваюцца шматпавярховыя дамы, будаўнічая мітусня ля дзіцячага садка, які цяпер узводзіцца на ўскраіне мікрараёна 6-га гарадка… Добра бачныя з Задзеўя і пастаўскія касцёл і царква. Калі б не Першая сусветная, яны з розных берагоў возера «пераглядваліся» б з велічным храмам у Задзеўі. Калі б не вайна, сёння ў вёсцы частымі гасцямі былі б вернікі і турысты — безумоўна, было б значна больш жыцця ў ціхім мястэчку над возерам.
Калі б… Але гісторыя, як вядома, умоўнага ладу не церпіць…
Увогуле, ці многія помнікі архітэктуры напаткаў сумны лёс задзеўскага касцёла?
— Храмаў у Першую сусветную ў Беларусі было пашкоджана нямала, — пракаменціраваў Уладзімір Багданаў. — У асноўным пацярпелі тыя, што знаходзіліся побач з фронтам. Паблізу Пастаў можна прыгадаць касцёл у Відзах, царкву ў Блізніках Мядзельскага раёна, капліцу-пахавальню Друцкіх-Любецкіх на беразе возера Варанец… Цалкам разбураны царква і пабудаваны перад вайной касцёл у Смаргоні. Ды і царкве ў Паставах дасталася — гэта бачна на здымку, які ёсць у маёй прыватнай калекцыі.
І сёння ў Беларусі ёсць храмы, якія стаяць у руінах яшчэ з часоў Першай сусветнай. Гэта храм у Наваспаску пад Смаргонню, царква ў Бярозаўцы пад Карэлічамі, царква Івашкаўцах пад Зэльвай. Моцна пацярпелі храмы ў Крэве (асабліва былы касцёл). Наогул, спіс можна скласці доўгі…
Касцёл у Відзах Браслаўскага раёна. Яго будаўніцтва было завершана напярэдадні Першай сусветнай, у 1914 годзе. «Калі праз год сюды прыйшла вайна і лінія фронту стабілізавалася, Відзы аказаліся на перадавым краі нямецкай абароны. На той момант вежы касцёла былі самымі высокімі пабудовамі на тэрыторыі Беларусі — каля 70 метраў. Агляд з іх адкрываўся выдатны, і немцы абуладкавалі там назіральны пункт. Каб знішчыць яго, расійскія артылерысты 5 сакавіка 1916 года правялі інтэнсіўны артабстрэл касцёла, што стала адным з першых актаў Нарацкай аперацыі. Абстрэлы працягваліся і пазней, у выніку храм быў амаль разбураны. Калі ў 1920-я гг. яго сталі аднаўляць, на памяць пра ваеннае мінулае у сцены ўмуравалі некалькі снарадаў Першай сусветнай. Калі прыгледзецца, то дзе-нідзе на цагляных сценах і цяпер можна разгледзець характэрныя наступствы артылерыйскага агню» (з кнігі “Битва у Нарочи, 1916”).
Іна Сняжкова, postawy.by
Фота аўтара, Сяргея Вшыўкава, з архіва і прыватнай калекцыі Уладзіміра Багданава, з архіва Ігара Пракаповіча.
для друку