Пілігрымы напоўнілі Тракельскі санктуарый

6 ліпеня ў санктуарыі ў Тракелях пад дэвізам “Жыць Евангеллем, як Марыя” пачаліся дыяцэзіяльныя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Каралевы нашых сем’яў.

Tрадыцыйна ў гэты дзень маленькая вёска каля Ліды напаўняецца шматлікімі пілігрымамі рознага ўзросту, з гарадоў і вёсак, з нашай краіны і з замежжа. Яны ідуць да маленькай драўлянай святыні, у цэнтры якой знаходзіцца цудатворны абраз Марыі з Езусам на руках і святога каралевіча Казіміра, які кленчыць побач.

Усе ідуць, жадаючы сказаць Маці Божай пра свае радасці і смуткі, проста быць тут і адчуць еднасць супольнасці Божых дзяцей.

Апаленыя промнямі сонца, пілігрымы прыбылі пешкі з Гродна, Іўя, Ваўкавыска, Навагрудка, Ашмянаў, Ліды, Воранава. Прыбылі таксама шматлікія вернікі на ўласных транспартных сродках – усе да сваёй Маці, для якой кожны чалавек дарагі і ўсе роўныя.

Пілігрымаў радасна вітаў новапрызначаны кусташ санктуарыя ксёндз Юрый Бяганскі. “Вітаю вас сардэчна ў доме нашай Маці! Марыя вас чакае!” – казаў святар.

Кусташ заклікаў сказаць Марыі ў гэты дзень наведвання Яе святыні ўсё, стаць перад Ёю ў праўдзе і прызнацца Ёй у сваёй любові.

Ксёндз Юрый Бяганскі заахвоціў пакінуць ля цудатворнага абраза свае напісаныя на картках інтэнцыі. “Мы будзем маліцца аб гэтых вашых справах увесь год”, – дадаў кусташ.

Вялікая чарга выстраілася ў гэты дзень да святыні, каб аддаць паклон Марыі…

Няхай гэты час сустрэчы з Маці, які пілігрымы праводзяць у Тракелях, будзе для кожнага благаслаўленнем! Няхай ён зменіць жыццё на лепшае і дапаможа з верай, любоўю і надзеяй уваходзіць у будучыню!

 

Няхай дапаможа жыць кожны дзень Евангеллем і дзяліцца ім з іншымі.

кс. Юрый Марціновіч

Фота: Вольга Сяліцкая

grodnensis.by

для друку для друку