Пілігрымка ў Будслаў: праз інтэрнэт не адчуеш тое, што ў дарозе

5-6 ліпеня 2019 г. у Будславе праходзяць традыцыйныя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай, цудатворны абраз якой ушаноўваецца тут на працягу больш чым 400 гадоў.

Пешшу і на роварах у гэтым годзе на будслаўскі фэст прыбылі амаль 2300 пілігрымаў. Традыцыйна да Маці Божай ішлі і ехалі з розных куткоў Беларусі. Даўжэй за іншых, на працягу дзевяці дзён, крочылі вернікі з Баранавічаў і Ліды. Многія ўдзельнікі пешых паломніцтваў адзначаюць, што сёлета асаблівым чынам адчулі глыбокі духоўны сэнс гэтай практыкі, чаму садзейнічала малітва, разважанні, канферэнцыі.

Кс. Павел Рудзьман, кіраўнік Баранавіцкай пілігрымкі, удзельнікі якой пераадолелі амаль 300 км, паведаміў Vatican News, што менавіта на якасны аспект быў зроблены акцэнт у гэтым годзе.

“Па-першае мы ўвялі абмежаванне па ўзросце, каб пілігрымка была сапраўды моладзевая. Сёння маладому чалавеку цяжка выйсці з зоны камфорту і адарвацца ад канапы. Ён думае, што ўсё можа ўбачыць у інтэрнэце, але гэта не так. Акрамя таго, падчас пілігрымкі мы сталі сведкамі сапраўдных Божых цудаў. Напрыклад, пасля малітвы за дзяўчынку, якая знаходзілася ў рэанімацыі ў цяжкім стане, яна аздароўленай вярнулася дадому. Многія бачылі цуды, якія Пан Бог рабіў асабіста для іх на працягу шляху”, — падзяліўся святар.

Пробашч будслаўскай парафіі, кс. Дзмітрый Дубовік, які сам з’яўляецца дасведчаным пілігрымам, параўнаў пілігрымковы шлях з жыццёвым.

“Хтосьці ідзе ў пілігрымку, каб падзякаваць, хтосьці – каб аб чымсьці папрасіць. Але яшчэ адзін важны момант – гэта тое, што пілігрымка з’яўляецца сімвалам нашага падарожжа на зямлі, бо тут чалавек як у жыцці сустракаецца з іншымі, бачыць, што ўласных сіл не хапае, але калі ідзе, спадзеючыся да Бога – амаль ляціць!”, — падкрэсліў святар.

Сёлета асаблівым выпрабаваннем для пілігрымаў стаў дождж і незвычайны для ліпеня холад, праўда як толькі яны пачалі ўваходзіць у Будслаў, хмары разышліся і выглянула сонейка. У сувязі з капрызамі надвор’я кс. Дзмітрый распавёў, што плануе зрабіць перад санктуарыем вялікі шацёр для пілігрымаў, які зможа абараніць вернікаў і ад дажджу і ад спёкі.

Будслаў здаўна захоўвае сувязь з Апостальскай Сталіцай. Цудатворны абраз, які тут ушаноўваецца, з’яўляецца дарам Клімента VIII, Ян Павел ІІ распарадзіўся каранаваць яго папскімі каронамі… Сёлета тут пройдзе яшчэ адна падзея, якая злучае Святы Пасад з Беларуссю – менавіта ў Будславе адбылася прэзентацыя Апостальскай адгартацыі “Christus vivit” – ліста Папы Францішка да моладзі, у якім падрабязна апісаны шлях чалавека да шчасця, якім з’яўляецца шлях да святасці. Чым не яшчэ адзін каштоўны дар з Ватыкана?

Павел Міцкевіч, Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку