Пілігрымка з Віцебска ў Будслаў на аўтобусе

Як і ў мінулыя гады парафіяне віцебскай парафіі катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага адправіліся ў Будслаў трыма групамі – пешшу, на роварах і аўтобусам.

На аўтобусе паехалі людзі сталага ўзросту і тыя, каму не хапае часу на больш працяглыя пілігрымкі. Кіраўнік аўтобуснага падарожжа старшыня парафіяльнага камітэта, Пётр Глод кожны раз складае новыя напрамкі. Бо на Віцебшчыне вельмі шмат касцёлаў, якім больш за 100 гадоў. Аўтобус прадастаўляе ААТ “Віцебскмясамалпрам”, дырэктарам якога з’яўляецца Касьпяровіч Валерый Іванавіч, за што яму выказваем вялікую падзяку.

Атрымаўшы бласлаўленне ад новага пробашча касцёла – кс. Паўла Кнурэка, група адправілася ў падарожжа да Маці Божай Будслаўскай.

Першай святыняй, якую наведалі паломнікі, быў касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў аграгарадку Празарокі Глыбоцкага раёну. Касцёл быў пабудаваны ў 1899–1907 гадах на месцы згарэлых раней двух касцёлаў і ўяўляе сабой базілікальны сабор. Усё гэтае і іншае пра Празарокскую святыню распавёў пробашч парафіі кс. Дзмітрый Рацько.

Зрабіўшы агульны здымак на памяць, вернікі адправіліся далей. Іх чакала сустрэча з глыбоцкай святыняй – касцёлам Святой Тройцы, які быў пабудаваны ў 1764–1908 гадах і ўяўляе сабой помнік ранняга барока. Храм ветліва адчыніла сястра Людміла Рубніковіч.

Агледзеўшы храм і памаліўшыся, паломнікі трапілі да новай кропкі свайго паломніцтва – да касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Дунілавічах Пастаўскага раёну. Гасцей сустрэў пробашч – кс.Павел Самсонаў, які пазнаёміў з гісторыяй парафіі і касцёла, які быў пабудаваны ў 1769–1773 гадах і з’яўляецца помнікам барока. У дунілавічскім касцёле алтар з’яўляецца адзіным ў Беларусі двухпавярховым.

Далей дарога вяла пілігрымаў у Ваўкалату Докшыцкага раёну. Тут размешчаны касцёл Яна Хрысціцеля, 18 стагоддзя. Гасцей прыветліва сустрэла прыхаджанка парафіі – Леакадзія Дач. Яна падрабязна распавяла гісторыю касцёла, які ніколі не зачыняўся.

Аграгарадок Параф’янава Докшыцкага раёну быў апошнім прыпынкам перад Будславам. Пробашчам мясцовага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі з’яўляецца кс. Раман Мурзіч. У свой час ён быў пробашчам віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага. Таму як і ксёндз Раман, так і пілігрімы былі вельмі рады гэтай сустрэчы. Пасля таго , як кс.Раман паказаў свой касцёл, які быў пабудаваны ў 1908–1913 гадах, адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманта для пілігрымаў. А пасля ветлівы гаспадар кс. Раман запрасіў гасцей на плябанію, дзе іх чакалі будэрброды, кава і гарбата.

Вось нарэшце і Будслаў. Аграгарадок Мядзельскага раёну Мінскай вобласці. Тут у касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, які з’яўляецца помнікам 17-18 стагоддзяў, захоўваецца галоўная святыня беларускіх католікаў – абраз Маці Божай Будслаўскай. Па дарозе  пілігрымаў часта наганяў дождж, а калі яны прыбылі ў Будслаў, то дажджу больш не было зусім.

На сустрэчу з Маці Божай Будслаўскай віцебскія вернікі прыбылі ўнутрана ўзбагачаныя.

Такія пілігрымкі не толькі ўзбагачаюць людзей духоўна, але яшчэ знаёмяць з гісторыяй і прыгажосцю роднай зямлі на якой яны жывуць.

Анатоль Бандарчук-Вошлаў, тэкст і фота

для друку для друку