“Песняй славім Пана Бога”: конкурс каляднай песні ў Паставах

pastavy39Напрыканцы 2014 года ў парафіі св. Антонія Падуанскага і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Паставах адбыўся конкурс каляднай песні. Ініцыятарам і арганізатарам быў пробашч, ксёндз-дзекан Анджэй Возьняк.

У конкурсе прынялі ўдзел не толькі дзеткі з нашай парафіі, але і запрошаныя з Варапаева, Лынтупаў. Узрост удзельнікаў, якія былі падзелены на тры групы, самы розны: ад 7 да 16 гадоў. У конкурсе прымала ўдзел прадстаўніца пратэстанцкай царквы Ірына Лашук, якая стала лаўрэатам.

Увогуле конкурс прайшоў на вельмі высокім узроўні. Вялікую падрыхтоўчую працу з дзецьмі правялі Вольга Касарэўская, Вольга Кватарчук, Ядвіга Сівіцкая, за што ім шчыры дзякуй.

Дзеткі з захапленнем спявалі “калядкі”, а перапоўненая зала падтрымлівала выканаўцаў дружнымі апладысментамі. Песні гучалі як на беларускай, так і на рускай, польскай і нават ангельскай мовах. Журы было няпроста вызначыць пераможцаў, бо ўсе дзеці спявалі па-майстэрску таленавіта і хораша. Усе ўдзельнікі былі ўзнагароджаны дыпломамі і падарункамі, а пераможцы атрымалі з рук пробашча яшчэ і гітары.

На міжзанальным конкурсе ў Мёрах нашы артысты занялі пачэснае трэцяе месца, з чым іх і віншуем!

Аліцыя Трафімовіч, тэкст
Аліна Латыш, фота

для друку для друку