Першыя Салезіянскія дні моладзі прайшлі ў Мінску

Першыя Салезіянскія дні моладзі прайшлі 27-28 студзеня ў Мінску ў араторыі пры парафіі Святога Яна Хрысціцеля (Серабранка).

На сустрэчу прыехала больш 70 маладых людзей з усёй Беларусі. Праграма сустрэчы была разлічана на два дні і ўключала ў сябе творчую духоўную працу, адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту і споведзь, цікавую экскурсію па Мінску ў суправаджэнні гіда, святкаванне ўрачыстасці святога Яна Боско і ўдзел ва ўрачыстай святой Імшы — кульмінацыі Салезіянскіх дзён моладзі, а таксама «Дон Боско–шоў» — святочную праграму ў гонар святога.

«Мы Сям’я! Кожны дом — школа Жыцця і Любові!» — гэта дэвіз першых Салезіянскіх дзён моладзі, які таксама з’яўляецца Дэвізам Салезіянскай сям’і на 2017 год, абвешчаны Генеральным настаяцелем ксяндзом Анхелем Фярнандэсам Арцімэ SDB напярэдадні Божага Нараджэння.

 У першы дзень сустрэчы ў праграме «Салезіянскі двор» моладзь разважала менавіта над гэтымі словамі. Маладыя людзі атрымалі заданне раскрыць Дэвіз чатырма рознымі спосабамі: тэатр, спеў, малюнак і танец. Адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту, пад час якой моладзь мела магчымасць таксама прыступіць да споведзі, скончыўся першы дзень.

Другі дзень распачаўся для моладзі малітвай Ютрані. Затым Рэгіянальны настаяцель салезіянаў у Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB прамовіў маладым людзям канфэрэнцыю на тэму «Штодзённасць — месца прысутнасці Бога». Святар засяродзіў увагу прысутных на наступных аспектах салезіянскай духоўнасці: духоўнасць у штодзённасці, блізкасць Бога, радасць жыцця, сяброўства з Хрыстом, вучоба, праца, дапамога іншым. Застанавіўшыся над кожным пунктам, кс. Віктар дадаў: «Аспекты салезіянскай духоўнасці, якія я сёння закрануў, звяртаюць увагу на вельмі важнае жыццёвае правіла, якое рэалізаваў сам кс. Боско і якое перадаў усёй Салезіянскай сям’і: “Хадзіць нагамі па зямлі, а сэрцам жыць у небе”.

Кульмінацыйны момант Салезіянскіх дзён моладзі адбыўся на другі дзень сустрэчы, калі святкавалі ўрачыстасць св. Яна Боско. Модазь дзякавала Богу за прыклад святасці святога і за першыя Салезіянскія дні моладзі. Святую Імшу ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.

Апостальскі Нунцый падзяліўся, што асоба святога вельмі блізкая яму, таму што ён пазнаёміўся з ім у сем гадоў, і калісьці на працягу трох гадоў таксама праходзіў святарскую фармацыю ў салезіянскім таварыстве і складаў там часовыя манаскія абяцанні. Ён распавёў, што заўсёды адзначае ўспамін святога Яна Боско, але ўпершыню святкуе яго разам з салезіянскай сям’ёй у якасці арцыбіскупа.

Распавядаючы пра cвятога,  арцыбіскуп Габар падкрэсліў, што для яго святы  Ян Боско — жыццёвы арыенцір, які не дазваляе збіцца са шляху да Бога.

Пасля малітвы была прадстаўлена святочная праграма «Дон Боско-шоў» у гонар святога. Таксама удзельнікі Салезіянскіх дзён моладзі заспавялі для прысутных гімн гэтай моладзевай сустрэчы. Апошнімі радкамі гэтага спеву былі словы запрашэння на наступны год на СДМ 2018.

Завяршылася ўрачыстасць спецыяльным благаслаўленнем сабраных праз заступніцтва Марыі Успамогі Хрысціянаў.

sdb.by

для друку для друку