Першы ў новым годзе дзень засяроджання прайшоў у семінарыі ў Гродне

21 студзеня навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне скончылі I семестр навучальнага года днём засяроджання. Яго правёў а. Валерый Мазюк CSsR.

Умацаваныя ў пакліканні, семінарысты паехалі на некалькі дзён адпачынку дадому і ў родныя парафіі.

Дзень засяроджання падчас семінарыйнай фармацыі – гэта яшчэ адна магчымасць для семінарыстаў спыніцца ў роздуме над тым, што, ці, дакладней, Хто з’яўляецца найважнейшым скарбам у іх жыцці.

Пытанне «Кім для мяне з’яўляецца Хрыстус?» як рэфрэн няспынна спадарожнічала навучэнцам падчас канферэнцый, якія падрыхтаваў а. Валерый Мазюк. Рэкалекцыяніст таксама нагадаў будучым святарам сэнс сапраўднай “перамены мыслення” і тое, як важна заўсёды быць падатлівым на гэты бясцэнны Божы заклік. Дзякуючы разнастайным жыццёвым прыкладам святара семінарысты мелі магчымасць яшчэ раз усвядоміць прыгажосць, сэнс і адказнасць свайго жыццёвага паклікання.

Семінарыйная супольнасць ад усяго сэрца ўдзячна а. Валерыю Мазюку за тое, што, нягледзячы на шматлікія штодзённыя абавязкі, знайшоў час, каб падзяліцца з навучэнцамі сведчаннем асабістых жывых адносінаў з Хрыстом і багатым святарскім досведам.

Яўген Амасёнак, семінарыст, grodnensis.by

для друку для друку