Першы дыялог сясцёр хрысціянак і будыстак прайшоў на Тайвані

70 сясцёр з шаснаццаці краін узялі ўдзел у будысцка-хрысціянскай сустрэчы манашак, якая з 14 па 18 кастрычніка праходзіла на Тайвані, паведамляе Catholic.by са спасылкай на Vatican News.

Першы міжнародны будысцка-хрысціянскі дыялог для сясцёр стаў добрай нагодай для развіцця ўзаемаразумення і сяброўства паміж імі, каб быць сведкамі для іншых людзей і несці надзею і падтрымкку тым, хто ў іх мае патрэбу.

Сустрэча ў тайваньскім Гаасюне была прысвечана тэме «Сузіральнае дзеянне і дзейснае сузіранне: будысцкія і хрысціянскія манашкі ў дыялогу». Яна сабрала разам 70 сясцёр з Тайваня, Карэі, Японіі, Індыі, Шры-Ланкі, М’янмы, Тайланда, Сінгапура, Ганконга, Камбоджы, Філіпінаў, Бразіліі, Італіі, Германіі, Нарвегіі і ЗША. У ёй браў удзел таксама прадстаўнік Сусветнай Рады Цэркваў.

У чатырохдзённым дыялогу закраналіся такія тэмы, як узнікненнне, развіццё і сучасны стан манаскага жыця жанчын у будызме і ў хрысціянстве, будысцкая медытацыя і хрысціянская кантэмпляцыя (сузіранне), служэнне справе гуманізму, развіццё жанчынамі-манашкамі «жаночага генія».

У заключнай заяве сёстры сцвердзілі, што гэты дыялог паспрыяў узаемаразуменню і сяброўству паміж імі з мэтаю будавання мастоў лучнасці паміж іх рознымі духоўнымі шляхамі.

Яны таксама прызналі, што, захоўваючы вернасць сваёй уласнай веры, яны разам з тым могуць лепш пазнаёміцца паміж сабою дзеля ўзаемнага ўзбагачэння і для таго, каб быць сціплымі і пераканаўчымі сведкамі для іншых людзей.

Будысцкія і хрысціянскія манашкі адзначылі, што яны могуць быць сведкамі таго, што жыццё мае ў сабе сэнс і радасць дзякуючы адмаўленню ад спажывальніцтва, матэрыялізму і індывідуалізму. Яны таксама падкрэслілі важнасць сузірання ў віры дзейнасці дзеля таго, каб праяўляць лагоднасць і несці надзею і падтрымку тым, хто мае ў іх патрэбу.

Дыялог быў арганізаваны Папскай радай па міжрэлігійным дыялогу ў супрацоўніцтве з будысцкім манаскім ордэнам Фо Гуан Шань з Тайваня, Аб’яднання генеральных настаяцельніц жаночых манаскіх супольнасцяў Тайваня і арганізацыяй Міжрэлігійнага манаскага дыялогу (DIM·MID).

для друку для друку