Першую гадавіну сваёй працы адзначыў Цэнтр “Светач” у Бягомлі

Гэты Цэнтр аказвае дапамогу залежным ад алкаголю і наркотыкаў. Працуе ён пры каталіцкай парафіі Езуса Хрыста – Валадара Сусвету.

Святкаванне пачалося са святочнай Імшы ў капліцы, якую ўзначаліў Генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Францішак Кісель. На ёй прысутнічалі як мясцовыя вернікі, так і госці з Полацка, Мёраў, Паставаў, Глыбокага, Мінска, Гродна і іншых месцаў нашай краіны, якія прыбылі на святкаванне Цэнтра. На Імшы бралі ўдзел пробашч парафіі ў Бягомлі айцец Тадэвуш Кавальскі, кс. Алег Півавар з Ваўкалаты, айцец Ян Хернік з Удзела.

Падчас Імшы ксёндз Францішак удзяліў вернікам сакрамант канфірмацыі. Звяртаючыся да прысутных, Генеральны вікарый заклікаў іх памятаць пра ахвяру Езуса Хрыста, бо Ён праліў сваю кроў за кожнага з нас. Езус называе нас сваімі сябрамі, аддае сябе кожнаму чалавеку, таму і мы мусім адказваць Яму сваёй любоўю.

«Мы павінны імкнуцца да абсалютнага дабра, якім ёсць Бог, — падкрэсліў святар. – Але, на жаль, у жыцці ёсць і іншыя рэчы, якія нас прыцягваюць.»

Ксёндз Францішак прывёў прыклад палёту касмічнага карабля. Ён ляціць па зададзенай траекторыі, але яго шлях можа адхіляцца, калі ён патрапляе ў поле гравітацыі іншага цела. Так і чалавек, калі падпадае пад дзеянне нейкіх спакус, то можа стаць на шлях бязбожнага жыцця. Таму сваёй ласкай Бог імкнецца злучыць нас з сабою, захаваць нас ад граху. Чалавек толькі не павінен супраціўляцца Божай волі.

Таму і сакрамант канфірмацыі, які мы атрымліваем, павінен умацоўваць нашы духоўныя сілы, адкрываць нашы сэрцы на дары Святога Духа. Каб змяніць гэты свет, патрэбна ў першую чаргу змяніць сябе. І свет тады пачне таксама мяняцца.

Пасля Імшы ў Бягомльскім Доме культуры адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны першаму году працы Цэнтра. Кіраўнік “Светача” Уладзімір Шчэпін і яго жонка Таццяна, якая ва ўсім дапамагае свайму мужу, распавялі прысутным пра вынікі першага года працы, пра перашкоды і складанасці, з якімі прыйшлося сутыкнуцца, падзяліліся планамі на будучыню.

Прэзентацыя спалучалася з канцэртнымі нумарамі. На свяце выступіў ансамбль народнай песні “Сакавіца”, Алег Дабравольскі з Барысава, які з’яўляецца салістам і кіраўніком ансамбля “Братка-беларус”. Спадар Алег ужо больш за дваццаць гадоў не ўжывае алкаголю і сваім прыкладам паказвае, што жыць паўнацэнным жыццём можна і без гарэлкі. Нават песню пра гэта напісаў.

У канцы прэзентацыі Таццяна і Уладзімір Шчэпіны выканалі хрысціянскую песню, якую яны выбралі гімнам “Светача”.

Пасля абеда адбылася тэматычная тэрапеўтычная праца ў групе “Залежнасць – сямейная хвароба”, якую правёў гештальт-тэрапеўт з Мінска Вячаслаў Цырлін. Ён сам у свой час прайшоў праз праблему залежнасці ад алкаголю, паспяхова з ёй справіўся і, атрымаўшы неабходныя веды, зараз дапамагае іншым людзям.

На яго думку, у залежнасць часцей за ўсё трапляюць тыя людзі, якія ў дзяцінстве адчулі дэфіцыт любові і ласкі, асабліва ў тых сем’ях, дзе бацькі злоўжываюць алкаголем. Тады гэты недахоп ласкі і цяпла чалавек знаходзіць на дне бутэлькі.

Напрыканцы мерапрыемства яго ўдзельнікі ўрачыста пасадзілі дуб цвярозасці. А потым былі шашлыкі, песні пад гітару, і ўсё гэта праходзіла весела, без кроплі гарэлкі. Што ж, пажадаем Цэнтру поспехаў у яго нялёгкай, але такой неабходнай працы.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Відэарэпартаж будзе дададзены пазней

для друку для друку