Першая Святая Камунія ў Уле і Бешанковічах

kamunia110 мая 2015 года, у нядзелю, у касцёле Святой Тройцы ў Уле, а таксама ў касцёле св. Пятра і Паўла ў Бешанковічах 17 маленькіх вернікаў упершыню ў сваім жыцці прыступілі да сакрамантаў пакаяння і Эўхарыстыі.

Урачыстасць Першай Камуніі – радасная падзея не толькі для дзяцей, іх бацькоў і родных, але і для ўсёй парафіяльнай супольнасці, якая па сутнасці з’яўляецца адной вялікай сям’ёй. Вядома, праз хрост кожнае дзіця далучана да супольнасці Касцёла. Але толькі тады, калі хлопчык ці дзяўчынка прыступяць да споведзі і прымуць Камунію, яны становяцца паўнапраўнымі прысутнымі ў гэтай сям’і і поўнасцю карыстаюцца Божай ласкай, якую даюць ім сакраманты.

Пад кіраўніцтвам ксяндза Аляксандра Півавара дзеці старанна рыхтаваліся да гэтай важнай падзеі ўвесь год: вучылі малітвы, разважалі аб Божым cлове, стараліся ўсім сэрцам зразумець і палюбіць Хрыста. Папярэднічала нядзельнай Імшы шчырая першая споведзь дзяцей, падчас якой яны ачысцілі свае сэрцы ў сакраманце пакаяння.

Першую Камунію ўдзяліў дзецям і павіншаваў іх з гэтай вялікай падзеяй у жыцці ксёндз Аляксандр Півавар. Святар заклікаў таксама бацькоў быць годнымі сведкамі веры для сваіх дзяцей, дапамагаць ім развіваць еднасць з Езусам Хрыстом, клапаціцца пра іх жывую веру і духоўнае развіццё.

kamunia3

Няхай гэтая ўрачыстасць адорыць дзяцей шматлікімі духоўнымі ласкамі і ўмацуе іх і іхнія сем’і! Няхай такая важная падзея стане відавочным знакам прысутнасці Хрыста ў яго Касцёле і ў жыцці кожнага з іх!

Жадаем, каб як найхутчэй у кожнай парафіі адбылося яднанне з Панам Езусам, а таксама з усім Касцёлам праз тое, што спажываем Ягонае Цела і Кроў.

Таццяна Сафончык

для друку для друку