Першая сустрэча шанавальнікаў Маці Божай з Гары Кармэль адбылася ў Гродне

karmel_15 лістапада ў гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка) прайшла першая сустрэча ўсіх шанавальнікаў Маці Божай з Гары Кармэль і тых, хто носіць святы шкаплер. Спатканне распачалося св. Імшой, якую ўзначаліў а. Алякcандр Стока OCD.

У гаміліі святар адзначыў, што айцы кармэліты прагнуць, каб сустрэчы шанавальнікаў Маці Божай Шкаплернай збіралі шматлікіх вернікаў Гродна і ваколіц на супольнай малітве. Айцец Аляксандр падкрэсліў, што мэтай гэтых спатканняў з’яўляецца стварэнне супольнасці, якая хоча пазнаваць і развіваць кармэліцкую духоўнасць, паглыбляць унутраную малітву, карыстаючыся духоўным досведам святых кармэлітаў.

У рамках першай сустрэчы адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту. Падчас гэтага набажэнства ўсе прысутныя перапрасілі Бога за грахі, якія крыўдзяць Беззаганнае Сэрца Марыі.«Калі мы будзем практыкаваць гэтую малітву, то ў нашых сэрцах будзе ўзрастаць любоў да Бога і бліжняга», — адзначыў законнік.

Сустрэчы ўсіх шанавальнікаў Маці Божай з Гары Кармэль і тых, хто носіць святы шкаплер, будуць праходзіць кожную першую суботу месяца пры касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (вул. Курчатава, 41; мікрараён Дзевятоўка).

Бліжэйшае спатканне адбудзецца 3 снежня.

grodnensis.by

для друку для друку